Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ЗАЎЗЯТАРЫ НАЗІРАЮЦЬ ЗА ЧЭМПІЯНАТАМ СЬВЕТУ ПА ФУТБОЛЕ ПРАЗ ШЫБЫ СПЭЦЫЯЛІЗАВАНЫХ КРАМАЎ


Ігар Карней, Менск

Я знаходжуся на скрыжаваньні вуліц Камсамольскай і Карла Маркса, што ў самым цэнтры Менску. Якраз тут месьціцца крама “Мир антенн” — генэральнае прадстаўніцтва кампаніі “Generale Satellite”. Каля сотні заўзятараў назіраюць за хадой футбольнага матчу Расея–Туніс на невялікім экране тэлевізару, які выстаўлены ў дзьвярах крамы. Каб лепш было бачна па-над галовамі астатніх, людзі прыцягнулі з сабой цэглы, скрыні, але ўбачыць футбол на невялікім экране вельмі цяжка. Пераважна слухаюць голас камэнтатара. Спыняюцца машыны, людзі запытваюць пра лік матчу.

(На тле гучных галасоў заўзятараў: ) “Праз пару дзён пакажуць 1/8 фіналу, Лукашэнка скажа: вялікі дзякуй мне адзінаму, ды ўсё. Нічога добрага”.

(Аматар футболу, які ня можа праціснуцца бліжэй да экрану: ) “Пра што тут можна казаць... (Лаецца.) Якая тут можа быць адзнака? Жлобства сапраўднае. Вучэньні праводзяць, і грошай няма. Сьмех!”

(Заўзятар інтэлігэнтнага выгляду: ) “Хацелася б сядзець дома на канапе ды глядзець... Але пра што лішні раз казаць. Ведаем мы нашае БТ, ведаем, як усё арганізавана, ад каго ў краіне ўсё залежыць, і чаму мы не глядзім футбол. Крыўдна, вельмі крыўдна”.

(Сталы чалавек: ) “Ацэньваю сытуацыю як вельмі храновую. Лічу ганьбай для краіны, ганьбай для нацыі, што глядзім футбол такім чынам, знаходзячыся ў цэнтры Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы рэагуеце, што футбол трэба глядзець, стоячы на скрынях ды цэглах? І пры гэтым мала што бачыць?”

(Сталы заўзятар: ) “Вельмі дрэнна. Магчымасьць набыць трансьляцыю была адназначна. Дзесьці народныя грошы трацяцца, у нешта ўкладаюцца, але іх вечна няма. У іншых краінах Кубак сьвету прыраўноўваецца да нацыянальнага сьвята. А ў нас? Незразумелае нешта творыцца”.

(Заўзятар: ) “Пажаданьне такое. Такі гаспадзін як Ягор Рыбакоў, калі ён паважае людзей, павінен пакінуць пасаду. Пытаньні можна было вырашыць загадзя. І грошы можна было знайсьці, у крайнім выпадку скінуліся б. Абсалютная непавага да мільёнаў беларускіх заўзятараў, якія хварэюць за гэтую расейскую зборную. Прынамсі, можна было вырашыць пытаньне аглядаў матчаў з паказам галоў, а не даваць нейкія таблічкі. Бяспраўе поўнае”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, відавочна, заўзятар са стажам?”

(Заўзятар: ) “Ад 1962 году. Хочацца казаць нехарошыя словы. Гэта першы чэмпіянат, якога я ня бачу — за 40 гадоў. Умеў бы плакаць, плакаў бы. Але каб умеў біцца, пайшоў бы біцца. Немагчыма, каб столькі людзей аказаліся па-за справамі. Людзі адмыслова бралі адпачынкі, сваіх дзяцей да гэтай справы цягнуць. Нават нашыя людзі-жабракі скінуліся б па капейцы ды сабралі б гэтую няшчасную суму. Ды гэта й ня сума, гэта сьмех адзін”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму наагул так атрымалася, не пралічылі варыянты?”

(Заўзятар: ) “Бо хацелі на халяву. Але справа ня толькі ў БТ. Справа ў сыстэме. Сыстэма нейкая незразумелая. На што разьлічваюць? Зноў жа на поўную халяву? Нехта будзе з намі працаваць, нас карміць? Гэта не палітыка, гэта зьдзек зь людзей. Мне сваякі тэлефануюць зь Берасьця, яны шчасьлівыя: ёсьць магчымасьць у палякаў глядзець. Запрашаюць сябры ў Маскву, маўляў, усё кідай, едзь да нас... Жывучы ў цэнтры Эўропы, ня бачыць таго, што бачыць Ангола! На адзін узровень паставілі зь нейкай Ванууту ці Панууту — назвы такой ня ведаю. А яшчэ вядуць размовы, што ў нас спартовая краіна... Ды наагул вялікі сумнеў, што будуць паказваць па БТ”.

Вяртаючыся вуліцай Карла Маркса, дзе цэлы шэраг рэстарацыяў, зь іх адчыненых вокнаў я чуў крыкі радасьці й роспачы заўзятараў. У рэстарацыі “Трактыр” не было ніводнага вольнага месца, а мэнэджэр мне радасна паведаміў, што ледзь не на ўсе матчы ўжо зарэзэрваваныя столікі й нават крэслы. У рэстарацыі паставілі дадатковы тэлевізар і бяруць папярэднюю аплату за замову напояў і ежы — 10 тысяч рублёў.

У дні чэмпіянату “зорны час” перажываюць ці ня ўсе кавярні й рэстарацыі Менску. Ля ўваходаў выстаўляюцца шыльды, але замест страваў мэню крэйдай пішуць: “Футбол. НТВ+“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG