Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ АЎТАМАБІЛЬНЫ ЗАВОД РАЗАМ З “ІНФАБАНКАМ” ЗЬБІРАЕЦЦА ПАДАЦЬ СКАРГУ Ў СУД НА ПОЛЬСКІ ЧАСОПІС “WPROST”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Спадар Тутубалін ня выключыў таксама магчымай судовай скаргі на свайго папярэдніка – былога намесьніка гэнэральнага дырэктара па замежнаэканамічных сувязях Аляксандра Якаўлева.

Цяперашні намесьнік генэральнага дырэктара МАЗу па замежнаэканамічных сувязях Аляксей Тутубалін у размове з карэспандэнтам “БДГ” фактычна абвінаваціў свайго папярэдніка Аляксандра Якаўлева, які жыве цяпер у Польшчы, у тым, што гэта ён быў крыніцай непраўдзівай інфармацыі для журналістаў часопісу “Wprost” у справе ўдзелу замежных прадстаўніцтваў МАЗу ў нелегальным гандлі беларускай зброяй.

“Выдумкі Якаўлева пашкодзілі заводу, справе разьвіцьця экспарту, да якой ён меў непасрэднае дачыненьне. Прафэсіяналы так ня робяць”, – ска заў Тутубалін.

Варта прыгадаць, што на наступны дзень пасьля выхаду матэрыялу Аляксандар Якаўлеў заявіў Радыё Свабода, што прынамсі ад 1996 году да лістапада 2000 году замежныя прадстаўніцтвы МАЗу гандлем зброяй не займаліся. Аб гэтым ён сказаў і журналістам часопісу “Wprost”. Зазначым, што ў сваім артыкуле “Wprost” сьцьвердзіў, што грошы за зброю паступілі на рахункі польскага прадстаўніцта МАЗу, фірму “Maz Auto Poland”, менавіта на пачатку 2001 году.

Сёньня, даведаўшыся пра абвінавачаньні на свой адрас, спадар Якаўлеў заявіў нашаму радыё, што, магчыма, па ягоным сыходзе МАЗ сапраўды меў дачыненьне да апісаных у польскім часопісе зьдзелак, а цяпер, пасьля таго, як аб гэтым стала вядома, усю віну хочуць зваліць на яго – імігранта, чыёй выдачы ў Беларусь безпасьпяхова спрабавала дамагчыся беларуская пракуратура.

(Якаўлеў: ) “Ня ведаю, адкуль яны гэта ўзялі. Я ад лістапада 2000 году не працую на МАЗе і не магу ведаць, што там робілася ў 2001 годзе. Ніхто з МАЗу са мной не кантактуе, бо ўсе яны баяцца КГБ. А спадар Чурыловіч ў артыкуле пісаў менавіта пра 2001 год”.

Намесьнік галоўнага рэдактара часопісу “Wprost” Станіслаў Янэцкі, які непасрэдна займаўся артыкулам “Лукашэнка адмывае грошы ў Польшчы” паведаміў, што ягоны часопіс не баіцца судовага працэсу.

(Янэцкі: ) “Усе пададзеныя зьвесткі былі цягам некалькіх месяцаў дакладна спраўджаныя, натуральна, у той ступені, у якой можна спраўдзіць факты, што тычацца Беларусі, як гэта можна зрабіць у выпадку іншых цывілізаваных краінаў. Ёсьць фактам, што сыстэма адмываньня брудных грошай выкарыстоўвае замежныя прадстаўніцтвы беларускіх фірмаў. Няма ніякага сумневу і што да ролі ў такіх зьдзелках “Інфабанку”. Дакумэнты, якія мы бачылі, гэта падцьвярджаюць. Прадстаўніцтва МАЗу ў Польшчы таксама атрымала такія замовы. Гэнэральная інспэкцыя фінансавага кантролю зараз правярае дзейнасьць гэтага прадстаўніцтва, бо яно не займаецца ніякай гаспадарчай дзейнасьцю, а грашовыя апэрацыі праводзіць, ня плаціць падатку на даданую вартасьць – гэта клясычныя прыкметы фірмы, якая адмывае грошы шляхам быццам бы выкананьня фікцыйных паслугаў. Дакладна так было і ў іншых эўрапейскіх краінах – напрыклад, Чэхіі, Вугоршчыне – дзе мы змаглі знайсьці дакумэнты ў гэтай справе. Так што мы спакойныя, бо напісалі праўду”.
XS
SM
MD
LG