Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА БУДЗЕ ДАМАГАЦЦА ЗАХАВАНЬНЯ ПАЎНАМОЦТВАЎ ДА 2015 ГОДУ – ЛІЧЫЦЬ БРЫТАНСКІ ЧАСОПІС “ECONOMIST”


Сяргей Навумчык, Прага

Часопіс адзначае, што з гэтых дзьвюх краінаў Беларусь мае найменшую верагоднасьць атрымаць у найбліжэйшым часе новага лідэра. Аляксандар Лукашэнка быў нядаўна пераабраны і, як мяркуюць, мае намер правесьці рэфэрэндум, каб зьмяніць Канстытуцыю гэткім чынам, каб кіраваць да 2015 году. У Ўкраіне становішча прэзыдэнта Леаніда Кучмы больш хісткае, але ня бачна прыкметаў ягонага хуткага сыходу.

Лукашэнку шанцуе болей. Лідэры апазыцыі ў Беларусі трацяць шмат часу, каб атрымаць грошы і ўвагу ад заходніх спонсараў, і робяць зусім няшмат, каб абудзіць хранічна пасіўнае насельніцтва. Прэзыдэнт быў засмучаны эканамічнай бядой: большасьць беларусаў цяпер атрымліваюць заробкі і пэнсіі са спазьненьнем. Але ён зямны і энэргічны, і ўсё яшчэ найбольш папулярны палітык краіны. Калі ён пойдзе на рэфэрэндум гэтым летам – ён мае добрыя шанцы выйграць яго. Для параўнаньня, Леанід Кучма вымушаны зьмірыцца з тым, што ягоны блёк узяў толькі дванаццаць адсоткаў на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах. Найбольшую перамогу атрымалі тыя, хто дамагаецца ягонай адстаўкі.

Аналізуючы ўзаемаадносіны Менску і Масквы, “Economist” заўважае, што Расея дамагаецца ад Беларусі вызваленьня эканомікі, каб расейскія фірмы маглі скупіць галоўныя індустрыяльныя актывы краіны. Пуцін таксама патрабуе, каб Беларусь аплаціла танныя расейскія энэрганосьбіты, і адмаўляецца выдзяляць ільготныя крэдыты. Расейскія дыпляматы ўжо не абараняюць Беларусь рашуча і крыху больш пачынаюць казаць пра апазыцыю.

Усё гэта, тым ня менш, ня ёсьць спробай скінуць Лукашэнку, як і ня ёсьць падтрымкай заходніх намаганьняў прыціснуць яго. Пакуль што Расея разглядае Беларусь як ляяльнага славянскага саюзьніка і буфэр супраць Захаду. Але калі Расея далучыцца да WTO (Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыі), што можа здарыцца праз пару гадоў, Менск можа апынуцца перад тым, што прадстаўнік WTO ў Менску назваў “вельмі адмоўнымі наступствамі”. Беларусь не валодае пазыцыямі, каб далучыцца да WTO, але будзе пакутаваць безь яе цяперашняга мытнага саюзу з Расеяй – лічыць “Economist”.

Зараз, аднак, жабрацтва на ўсходняй мяжы Эўропы выяўляе для Захаду змрочную пэрспэктыву. І Ўкраіну, і Беларусь “Economist” называе супэрмаркетамі для самых сумнеўных пакупнікоў, абедзьве краіны ажыцьцяўляюць транзыт усяго таго, ад чаго Захад імкнецца пазбавіцца. Сёлета ў Беларусі пабывалі высокапастаўленыя асобы зь Лібіі, Ірану, Іраку і Сырыі. Амэрыка нядаўна публічна асудзіла беларускія пастаўкі Іраку абсталяваньня для супрацьпаветранай абароны.

Але – ніякага эфэкту. Шмат непраінспэктаваных самалётаў працягваюць лётаць зь Менску ў Багдад. Паводзіны Беларусі пасьля 11 верасьня, з амэрыканскага гледзішча, былі ашаламляльна абыякавымі. Калі пастаўленая Беларусяй зброя зьбівае амэрыканскія самалёты ў Іраку, раздражнёнасьць можа зьмяніцца на гнеў.

Для Эўрапейскага Зьвязу хваробы, наркотыкі, кантрабанда прастытутак і нелегальных эмігрантаў з заходніх рэгіёнаў былога СССР – галаўны боль. Калінінград, балтыйскі анкляў Расеі, якому Эўразьвяз цяпер спрабуе надаць адмысловы статус, мае самую вялікую канцэнтрацыю СНІДУ ў Эўропе. Службовыя асобы Эўразьвязу гавораць пра адносна свабодны “зялёны калідор” для кантрабандыстаў, які ідзе з украінскай Адэсы ў латвійскую Рыгу.

У той час, як амэрыканцы ўзрадаваныя новымі сяброўскімі адносінамі з Расеяй, заходняя палітыка ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі ў апошняе дзесяцігодзьдзе была менш пасьпяховая. Хаця Ўкраіна здолела прынамсі ўмацаваць незалежнасьць без таго, каб дазволіць Расеі падрубіць сабе крылы. Але Беларусь і Ўкраіна ствараюць нестабільнасьць на ўсходняй мяжы Эўропы. Канечне, быў бы элемэнт іроніі, калі б Расея, іх ранейшы імпэрскі гаспадар, падштурхоўвала іх у дэмакратычным кірунку. Аднак і гэтага пакуль не назіраецца, – канстатуе “Economist”.
XS
SM
MD
LG