Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ БЕЛАРУСІ ЛЕАНІД МАЛЬЦАЎ НЕ ВЫКЛЮЧАЕ, ШТО Ў БУДУЧЫХ МАНЭЎРАХ БЕЛАРУСКІХ ВОЙСКАЎ ВОЗЬМУЦЬ УДЗЕЛ ВОЙСКІ NATO


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Мальцаў: ) "Калі будуць адпаведныя заяўкі, мы іх разгледзім з пункту гледжаньня таго, як найбольш эфэктыўна вучыць сваё войска. Мяркую, пры ўзаемадзеяньні войскаў гэта таксама магчыма".

Леанід Мальцаў спаслаўся на адпаведную прапанову, адрасаваную краінам-удзельніцам NATO, якая прагучала на падвядзеньні вынікаў манэўраў "Бярэзіна 2002" ад Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Леаніда Мальцава, такая прапанова лягічная, бо становішча ў сьвеце мяняецца.

(Мальцаў: ) "Сытуацыя вакол Беларусі мяняецца, але нам трэба сыходзіць са сваіх інтарэсаў. Быў час, калі мы актыўна супрацоўнічалі з NATO у рамках праграмы "Партнэрства дзеля міру". Потым час зьмяніўся і супрацоўніцтва стала іншым, зараз усё зноў вяртаецца. Карацей, калі нам будзе выгадна сябраваць з NATO – будзем сябраваць, будзе выгадна сварыцца – будзем сварыцца".

Паводле міністра, на пачатку наступнага году ў Беларусі пройдуць манэўры, якія правядзе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, і ў гэтых манэўрах ужо возьмуць ўдзел прадстаўнікі краінаў NATO. Што да беларускага войска, то яно і пасьля маштабных вучэньняў на Бярэзіне адпачываць не зьбіраецца. Ужо ў чэрвені на Абуз-Лясноўскім палігоне ў Берасьцейскай вобласьці правядзе манэўры 11-я мэханізаваная брыгада, а беларускія ракетчыкі паедуць страляць па паветраных цэлях у Расею на палігон Ашулук. Гэтую актыўнасьць міністар патлумачыў наступным чынам: "Войска трэба вучыць перманэнтна, інакш яго ўвогуле трымаць ня варта".

Паводле Мальцава, аптымальны памер беларускага войска – 50 тысяч чалавек – будзе дасягнуты ўжо празь некалькі гадоў, для гэтага прыйдзецца скараціць узброеныя сілы. Але ўвогуле колькасьць ваенаслужачых не паменее, бо будзе ўведзеная служба ў рэзэрве. "Ад рэзэрвістаў мы ніколі не адмовімся, гэта вельмі зручная форма вайсковай службы, якая дазволіць нам захоўваць баяздольнасьць краіны", – лічыць міністар Мальцаў. Таксама ён падзяліўся плянамі мадэрнізацыі ўзбраеньня. У прыватнасьці, будуць мадэрнізаваныя 50 баявых машын пяхоты – да адпаведнасьці новай мадэлі "Кобра", распрацаванай у Беларусі.
XS
SM
MD
LG