Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЦЭНТРАЛЬНЫМ РЫНКУ ГОМЕЛЯ ЗЬЯВІЛІСЯ ПЕРШЫЯ ГАНДЛЯРЫ ЛЯСНЫМІ ГРЫБАМІ І ЯГАДАМІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нягледзячы на будні дзень, у чатырох месцах блізу агароджы Цэнтральнага рынку прадавалі суніцы і лісічкі. Аматары збору так званых лясных дароў рэдка займаюць месцы ў гандлёвых радах. За іх трэба плаціць ды яшчэ мець квіток на радыялягічны кантроль сабранай ў лесе прадукцыі. Таму грыбамі і ягадамі гандлюць проста на ходніку з сумак альбо кошыкаў.

Дзьве жанчыны прапануюць лісічкі. Паўлітровы слоік – адна тысяча рублёў. Гандлярка, што назвалася Валянцінай Іванаўнай, радуецца: у лесе ўсяго багата.

(Валянцінай Іванаўна: ) “Шмат грыбоў, шмат ягад – суніцаў, чарніц, усялякіх лекавых зёлак”.

Радыялягічнага аналізу сваёй прадукцыі жанчыны не рабілі. Сьцвярджаюць, што лісічкі чыстыя. Зьбіралі іх у ваколіцы вёскі Прыбар – гэта кілямэтраў зь дзесяць на захад ад абласнога цэнтру, дзе ўзровень забруджваньня невысокі –1-5 кюры.

Спэцыяльна купіў лісічкі і праверыў у радыялягічнай лябараторыі, якая знаходзіцца ў памяшканьні рынку. Прыбор паказаў 18,1 бэкерэля радыяцэзію ў кіляграме сьвежых лісічак. Гэта не перавышае беларускіх нормаў.

У норме былі і купленыя суніцы, што прывезла на продаж жанчына зь вёскі Раманавічы.

Лябарант Валянціна Каржова, якая рабіла замеры, вельмі зьдзівілася сьвежым лясным ягадам і грыбам. Ніхто з гандляроў пакуль яшчэ не прыносіў іх на радыялягічны кантроль. Аднак папярэднія гады паказваюць, што ніводзін сэзон грыбоў і ягад не абыходзіцца без наплыву бруднай лясной прадукцыі. Да таго ж у моцна забруджаных раёнах людзі спажываюць грыбы, ягады, шчаўе без усялякай праверкі.

Нядаўна Чачэрскі раённы цэнтар гігіены выявіў у сям’і спадара Гулевіча з вёскі Рудня Барталамееўская Палескага сельсавету грыбы кансэрваваныя, у якіх узровень радыяцэзію складаў 229 тысячаў бэкерэляў. Гэта ў 620 разоў болей нават за лагодныя беларускія нормы. Гаспадар патлумачыў, што зьбіраў грыбы паблізу вёсак Асінаўка і Высокая Гута.

Сям’я Лапуховых зь вёскі Валосавічы харчавалася грыбамі, ў якіх радыяцэзій перавышаў дапушчальны ўзровень у 274 разы. Моцна забруджаным было і прыгатаванае варэньне зь лясных чарніц, а таксама малако ад уласнай каровы.

Замеры паказалі, што ў арганізьме бацькоў і іхных траіх малалетніх дзяцей надзвычай высокае ўтрыманьне шкодных радыёнуклідаў.
XS
SM
MD
LG