Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНІЯ АДЗНАЧАЕ ПЯЦІДЗЕСЯЦІГОДЗЬДЗЕ ПРАЎЛЕНЬНЯ КАРАЛЕВЫ


Мікола Пачакаеў, Лёндан

Падзеі, прысьвечаныя пяцідзесяцігодзьдзю Элізабэты ІІ, адбываюцца ў гэтыя дні па ўсёй Брытаніі, а таксама ў краінах Брытанскай садружнасьці (галавой садружнасьці таксама зьяўляецца каралева). Урачыстасьці – хоць і ў “ваенна-палявым” стылі – наладзілі нават брытанскія салдаты ў гарах Афганістана. Ляйтматывам цяперашніх сьвяткаваньняў сталася песьня Бітлз “All you need is love” – “Усё, што табе трэба – гэта каханьне”, якая адначасова выконвалася харамі і аркестрамі на вуліцах і плошчах па ўсёй краіне, нават у экзатычным стылі афрыканскай народнай музыкі, ды на дудах у Шкоцыі.

На працягу апошніх тыдняў каралева зрабіла спэцыяльны тур па ўсіх рэгіёнах свайго каралеўства. Але, як мяркуюць гісторыкі, падзеі, якія адбываюцца ўчора і сёньня, па сваім размаху могуць параўнацца – ці нават пераўзыйсьці – любыя каралеўскія сьвяткаваньні ў гісторыі чалавецтва. Згадаем напрыклад, што ў парку Букінгемскага палаца праходзяць канцэрты рок-музыкі і клясычнай музыкі для аўдыторыі ў 12000 чалавек. Ва ўчорашнім рок-канцэрце ўзялі ўдзел практычна ўсе зоркі, напрыклад Пол Макартні і Оззі Озбарн. А на фэйервэрк учора ўвечары ў цэнтры Лёндана вакол Букінгэмскага палаца сабралося, паводле паліцыі, да аднаго мільёна чалавек.

Сёньня ўраньні адбывалася велічная каралеўская працэсія – выезд каралевы ў афіцыйнай залатой карэце, а далей у катэдры сьвятога Паўла праходіла набажэнства падзякі за гэтак доўгую і выключную службу каралевы на карысьць Брытаніі і Брытанскай садружнасьці. У сваёй прамове падчас сьвяточнага банкету ў Залі Гільдыяў лёнданскага сыты (дарэчы, гістарычным будынку 11-га стагодзьдзя) прэм’ер-міністар Тоні Блэйр згадаў, што ён асабіста яшчэ нават і не нарадзіўся, калі каралева ўжо праводзіла аўдыенцыю са сваім першым прэм’ерам – самім Уінстанам Чэрчылем. Зьвяртаючыся да каралевы, Тоні Блэйр зазначыў, што хаця манарх пераймае трон у спадчыну, але любоў народу – гэта заслуга самой каралевы, заслуга сваёй беззаганнай службай на троне.

Тым часам у Лёндане працягваюцца сьвяточныя працэсіі, напрыклад, Нотынгілскі карнавал, які прадстаўляе культуру афра-карыбскага паходжаньня.

На каралеўскі залаты юбілей зьвернутая таксама ўвага і беларусаў Брытаніі. У нядзелю на казаньні ў беларускай грэка-каталіцкай царкве Сьв. Пятра і Паўла апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан зазначыў, што каралева Элізабэта зьяўляеца прыкладам поўнай і сумленнай адданасьці свайму абавязку перад краінай на працягу паўстагодзьдзя. Хаця галава дзяржавы ў Брытаніі не абіраецца, Брытанія застаецца вольнай краінай, нават і больш дэмакратычнай, чым некаторыя іншыя краіны, дзе на чале дзяржавы стаіць абраны кіраўнік. Цалкам слушна таму шчыра маліцца ў царкве за каралеву, як гэта робяць беларусы Вялікабрытаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG