Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВАЙЦАРСКАЯ ПРЭСА НЯ БАЧЫЦЬ ВЫРАШЭНЬНЯ КАНФЛІКТУ МІЖ АБСЭ І МЕНСКАМ


Ул. інф.

Аналізуючы цяперашнюю сытуацыю, калі КНГ АБСЭ ў Менску прадстаўляюць усяго толькі два супрацоўнікі, “Neue Zuercher Zeitung” піша, што хутчэй за ўсё пэўнага рашэньня ў канфлікце між Беларусьсю і АБСЭ не прадбачыцца.

Тая відавочная ўпартасьць, якую афіцыйны Менск дэманструе ў пытаньні акрэдытацыі новага кіраўніка місіі Гайкена, у пытаньні працягу візаў супрацоўнікам КНГ, тая нецярплівасьць, якую прэзыдэнт Лукашэнка выяўляе у спробах пазбавіцца місіі, безумоўна маюць пэўныя падставы.

Хутчэй за ўсё, гэтыя падставы зьвязаныя з той крытыкай, якую летась зрабіла АБСЭ ў зьвязку з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў, — піша выданьне. Гэтыя выбары былі прызнаныя эўрапейскімі назіральнікамі недэмакратычнымі і сфальшаванымі. Менавіта ў гэтым зьвязку ў сваім штогадовым пасланьні Лукашэнка абвінаваціў эўрапейскіх дыпляматаў у спробе скінуць рэжым.

Як лічыць старшыня рабочай групы ПА АБСЭ Ута Цапф, практычна з кожным месяцам сытуацыя з правамі чалавека і недзяржаўнымі СМІ пагаршаецца. Незалежныя мэдыі перасьледуюцца, апазыцыйныя палітыкі дыскрэдытуюцца, мірныя дэманстранты затрымліваюцца. Вялікі ціск робіцца на незалежныя прафсаюзы. Большасьць гучных судовых працэсаў, якія праходзяць у Беларусі, маюць палітычны характар.

Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, паколькі Беларусь не гатовая распачаць дэмакратычныя рэформы, яна безумоўна ня можа разьлічваць на пэўную эканамічную падтрымку з боку Захаду. Так, у сваім лісьце да прэзыдэнта Лукашэнкі шэф Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця Лемір падкрэсьлівае недастатковы стан палітычных і эканамічных рэформаў. Згодна з новай стратэгіяй банку, у Беларусі магчымае толькі назіраньне за дзейнымі праектамі. Што тычыць фінансавай падтрымкі, то яна можа тычыцца выключна маленькіх і сярэдніх прадпрыемстваў у прыватным сэктары.
XS
SM
MD
LG