Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЛОСЯ СУДОВАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ ПА КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЕ ЖУРНАЛІСТАЎ МІКОЛЫ МАРКЕВІЧА І ПАЎЛА МАЖЭЙКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Судовы разбор па крымінальнай справе Маркевіча і Мажэйкі распачаўся 16 траўня і быў адкладзены на сёньняшні дзень.

Мікола Маркевіч выказаў сваю нязгоду з тым, што судзьдзя Тацяна Клімава не задаволіла ягонае хадайніцтва. Маркевіч падаў яго яшчэ да суду. Ён прасіў забясьпечыць поўную публічнасьць працэсу і прадаставіць большае памяшканьне, бо, як і ў папярэднія разы, на суд прыйшло шмат прыхільнікаў “Пагоні” і журналістаў.

Гэтае хадайніцтва галоўнага рэдактара падтрымалі сёньня Павал Мажэйка і адвакаты Сяргей Цурко і Аляксандар Бірылаў. Толькі пракурор сказаў, што ня бачыць патрэбы ў большым памяшканьні, і судзьдзя адхіліла гэтае хадайніцтва.

У гэты момант публіка, якая ня трапіла ў залю, пачала гучна скандаваць “Ганьба! Ганьба!” Мікола Маркевіч, атрымаўшы адмову ад судзьдзі, выказаў ёй недавер як старшыні судовага працэсу, паколькі яна выконвае адно пажаданьні пракурора. Адвод судзьдзі падтрымалі таксама Павал Мажэйка і адвакаты журналістаў. А пракурор Уладзімер Рабаў выказаўся супраць.

Тацяна Клімава абвесьціла перапынак на 40 хвілінаў, але ён зацягнуўся. У залю прарваліся некалькі дзясяткаў чалавек. Яны былі ўзрушаныя тым, што міліцыя не прапускала іх і пабіла некалькіх чалавек. Да Сьвятланы Нех, якую міліцыянты выцялі па галаве, проста ў судовую залю прыбылі дактары хуткай дапамогі.

Судзьдзя з пракурорам вярнуліся, але прысутныя, хто ня меў дзе сесьці, адмовіліся пакінуць залю. Некаторыя пачалі сядаць на падлогу. Тады выйшлі судзьдзя і пракурор. Праз 15 хвілінаў яны вярнуліся. І Тацяна Клімава зачытала судовую пастанову. Хадайніцтва аб адводзе сябе як старшыні на судовым працэсе, яна не задаволіла.

Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Я бачу, што ўжо сёньня фактычна, і гэта ж было відно, судзьдзя фактычна паўтараў за пракурорам тое, што гаворыць пракурор. Гэта проста сьведчыць пра тое ці судзьдзя вырашыла папросту пайсьці на паваду ў пракурора. Ці атрымала загад. Мне цяжка пра гэта меркаваць, але гэта відавочна, што працэсам кіруе пракурор”.

Судовы разбор працягнецца заўтра а 10-й гадзіне ў будынку Ленінскага раённага суду Горадні.
XS
SM
MD
LG