Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ШВЭЦЫІ: “РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ – ВЕЛЬМІ РЭПРЭСІЎНЫ РЭЖЫМ”


Сяргей Навумчык, Прага

Спачатку коратка – пра саму спадарыню Лінд. Ёй сорак пяць гадоў, у дваццаць гадоў яна ўзначаліла лігу маладых сацыял-дэмакратаў Швэцыі, а ў дваццаць пяць – ужо была дэпутатам парлямэнту. Да таго, як узначаліць замежнапалітычнае ведамства, займала і яшчэ адну пасаду ва ўрадзе – была міністрам аховы навакольнага асяродзьдзя.

У сваім інтэрвію Ана Лінд адіначыла, што “рэжым Лукашэнкі – вельмі рэпрэсіўны рэжым, і гэта адкідвае краіну назад. Бо маюць месца парушэньні правоў чалавека і палітычны перасьлед. Гэта магла б быць заможная дэмакратычная і моцная краіна, кшталту цяперашніх Эстоніі, Латвіі і Літвы. Але, на жаль, Беларусь рухаецца ў супрацьлеглым накірунку”.

Камэнтуючы сытуацыю вакол судовага працэсу над Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам, швэдзкі міністар адзначыла:

“Мы бачым, што рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць абодвух незалежных журналістаў і наагул незалежнай прэсы. Урэшце рэшт, нейкая журналісцкая свабода ў Беларусі была магчымая, нават пры тым, што яна была вельмі абмежаваная. Улады таксама спрабуюць ажыцьцяўляць ціск на прадстаўнікоў замежных арганізацыяў і беларускі “трэці сэктар”. Як заўсёды, прычына ў тым, што яны разумеюць: насельніцтва можа пачаць пратэставаць супраць становішча ў Беларусі. Таму ўлады імкнуцца, каб як найменш распаўсюджваць інфармацыю”.

На пытаньне журналісткі Хрысьціны Хэншан, ці плянуе Швэцыя нейкім чынам адрэагаваць, міністар замежных справаў адказала, што Швэцыя цяпер ня мае наўпроставых кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі, з прычыны палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Аднак Швэцыя выказваецца і самастойна, і праз структуры Эўрапэйскага зьвязу. Міністар дала зразумець, што гэткую ж “падвойную” рэакцыю варта чакаць ад Швэцыі і ў справе суду над газэтай “Пагоня”.

“Мы паўторым тое, што мы ўжо казалі шмат разоў і, на жаль, без усялякага выніку: гэта – непрымальна, – падкрэсьліла міністар. – Мы спадзяемся, што Беларусь будзе адкрытая для свабоды прэсы і павагі да правоў чалавека. Тады яна атрымае магчымасьць супрацоўнічаць з краінамі Эўрапэйскага зьвязу. У супрацьлеглым выпадку – ізаляцыя”.

Датычна магчымай будучыні Лукашэнкі, міністар замежных справаў Швэцыі Ана Лінд заявіла: “На жаль, сёньня ён, здаецца, мае моцныя пазыцыі, і я знаходжу гэта даволі шкодным. Гэта вельмі ўскладняе сытуацыю ў Беларусі, але, спадзяюся, людзі хутка зразумеюць, што Лукашэнка – гэта ня іх будучыня. Ён толькі ізалюе краіну і не дае разьвівацца, і з гэтай прычыны ён будзе вымушаны сысьці – нават пры тым, што цяпер ягоныя пазыцыі здаюцца вельмі моцнымі. Ніколі ўлада ня можа ўтрымацца на гвалце і рэпрэсіях, на судах над палітыкамі і журналістамі. Адзіны магчымы шлях палягае ў тым, каб будаваць уладу на сапраўднай дэмакратыі” — лічыць міністар замежных справаў Швэцыі Ана Лінд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG