Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ — УСЯСЬВЕТНЫ ДЗЕНЬ АХОВЫ НАВАКОЛЬЛЯ


Галіна Абакунчык, Менск

Адной з галоўных праблемаў Міністэрства прыродных рэсурсаў міністар Лявонці Харужык лічыць утылізацыю побытавых і прамысловых адкідаў, а таксама загазаванасьць, якую стварае прыватны й грамадзкі транспарт. У астатніх кірунках, паводле ягоных словаў, экалягічнае становішча ў Беларусі ўвесь час паляпшаецца. Гаворыць Лявонці Харужык:

(Харужык: ) “У нас амаль па ўсіх паказчыках ідзе паляпшэньне становішча. Гэта значыць — зьмяншаюцца выкіды ў атмасфэру, зьмяншаецца выкід брудных паверхневых водаў у падземныя”.

Аднак з такімі заявамі катэгарычна ня згодныя актывісты экалягічнага руху Беларусі, якія перакананыя, што шэраг найвастрэйшых экалягічных праблемаў чыноўнікі замоўчваюць. Гаворыць лідэр грамадзкай арганізацыі “Экадом” Ірына Сухій:

(Сухій: ) “Ёсьць мноства праблемаў. Мяне вельмі хвалююць праблемы чарнобыльскай зоны. Існуе шмат праблемаў заканадаўчага характару, зьнікаюць некаторыя віды жывёлаў і расьлінаў — гэта таксама страшна. Але пра гэта ніхто ня ведае, бо гэта замоўчваецца. Насамрэч, калі насельніцтва стане актыўным, то многія праблемы мы зможам вырашыць. Таму экалягічная сьвядомасьць адна з галоўных патрэбаў”.

Сёньня ў Беларусі каля 300 грамадзкіх экалягічных рухаў. Паводле кіраўніцы аддзелу інфармацыі Натальлі Фёдаравай, зь некаторымі міністэрства трымае сувязь, а таксама займаецца экалягічным выхаваньнем школьнікаў і моладзі. Аднак у Беларусі не існуе ніводнай праграмы прыкладной адукацыі, безь якой тэарэтычнае навучаньне немагчымае — кажа намесьнік дырэктара Лошыцкага парку Яўген Церахаў.

(Церахаў: ) “Мы не выхоўваем уменьне рабіць нешта карыснае для чалавека й ня шкодзіць навакольлю. Гэта вельмі важнае пытаньне, але ніякіх праграмаў у гэтым кірунку няма”.

Дарэчы, спадар Церахаў распрацаваў такую праграму, якую называе дзіцячым “экалягічным катэхізысам”, але для яе рэалізацыі патрэбныя грошы, якіх у дзяржаве няма. Гэткае становішча ў галіне аховы навакольля й экалягічнага навучаньня склалася ў зьвязку з эканамічным і палітычным ладам, які ўсталяваўся ў Беларусі. І зьменаў на лепшае варта чакаць толькі са зьменай цяперашняга дзяржаўнага кіраваньня — перакананы рэдактар газэты “Белавеская пушча” Валеры Дранчук.

(Дранчук: ) “У экалёгіі няма валавых паказчыкаў, тут ня можа быць шапказакідальніцтва й прыпісак, бо гэта злачынства. Бо гэта датычыць чысьці паветраных і водных рэсурсаў. Акрамя таго, камэрцыялізуецца экалягічная дзейнасьць. І я думаю, што зьмены могуць быць толькі на палітычным узроўні”.
XS
SM
MD
LG