Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13-Я ГАДАВІНА БОЙНІ НА ПЛОШЧЫ ЦЯНЬ АНЬ МЫНЬ


Кастусь Бандарук, Прага

Паводле Amnesty International, жаўнеры і паліцыя расcтралялі і літаральна раздушылі танкамі каля тысячы чалавек. Вышук актывістаў, суды і прысуды працягваліся некалькі дзён. Пасьля, камуністычныя ўлады спрабавалі вытруціць з грамадзкай сьвядомасьці нават памяць пра гэтае злачынства. У Кітаі па сёньняшні дзень за самую згадку пра Цянь Ань Мынь можна трапіць за краты. У турмах і працоўных лягерах усё яшчэ знаходзіцца больш за 100 чалавек.

Незважаючы на цяжкую хваробу, далей адбывае свой працяглы тэрмін зьняволеньня Ксу Вэнлі. У 1993 годзе ён быў вызвалены з турмы, аднак ў 1998 ён ізноў трапіў за краты. Іншы дэмакратычны дзеяч – Гуанг Кві – быў арыштаваны праз гады пасьля бойні на плошчы Цянь Ань Мынь за тое, што стварыў інтэрнэт-старонку, прысьвечаную сваім загіблым і зьніклым бяз весткі сябрам.

У нядзелю напярэдадні 13-й гадавіны ўлады прафіляктычна затрымалі двух іншых апазыцыйных дзеячоў.

Аднак, як адзначае газэта “International Herald Tribune”, 13-я гадавіна трагедыі выпала ў вельмі неспрыяльны для кітайскіх дысыдэнтаў час. Замежныя лідэры занятыя іншымі праблемамі. Адміністрацыя Буша, якая разглядае Кітай у якасьці важнага партнэра ў барацьбе з тэрарызмам, менш цікавіцца сытуацыяй ў галіне правоў чалавека ў гэтай краіне. Нядаўна ў Вашынгтоне цёпла прымалі віцэ-прэзыдэнта Кітаю Ху-Джынтао. Пэкін быў прыняты ва Ўсясьветную Арганізацыю Гандлю, а кітайская эканоміка хутка разьвіваецца. Як гэта ня дзіўна, нават незалежна ад запалоханасьці, кітайскае грамадзтва само хоча забыцца пра жахлівыя падзеі 13 гадоў таму.

“Гэта было жахліва, але гэта ўжо гісторыя. Мы хочам нармальна жыць”, – кажа жыхар Пэкіну, які ў 1989 годзе быў карэспандэнтам брытанскай газэты “Observer” і ледзь сам застаўся жывы. Паводле Яна Бурумы, аўтара кніжкі “Злыя элемэнты”, якая выйшла ў ЗША напярэдадні гадавіны падзеяў на плошчы Цянь Ань Мынь, кітайская палітычная эміграцыя слабая і падзеленая, а тыя, хто некалі падстаўлялі свае галовы пад кулі, зараз адмаўляюцца ад палітыкі і кінуліся ў бізнэс.

Бадай, адзінай арганізацыяй, якая захоўвае памяць аб ахвярах бойні, зьбірае дакумэнтацыю, зьбірае подпісы пад пэтыцыямі аб вызваленьні дысыдэнтаў – гэта арганізацыя “Маці Цянь Ань Мынь” на чале з Дыінг Зылін. Гэтая арганізацыя атрымала намінацыю на Нобелеўскую Прэмію Міру.
XS
SM
MD
LG