Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТУГАЛЬСКАЕ СТАРШЫНЁЎСТВА ГАТОВАЕ АБМЯРКОЎВАЦЬ ПРАБЛЕМУ МАНДАТУ КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Палітычны дарадца КНГ АБСЭ ў Менску Эндру Карпэнтэр, дыпляматычная акрэдытацыя якога ў Беларусі ад сёньняшняга дня скасаваная, адмовіўся камэнтаваць распаўсюджаны ў Вене прэсавы рэліз пра ягоную дэпартацыю.

(Карпэнтэр: ) “Я зараз у Варшаве ўсё яшчэ, але зараз я амаль ужо на борце самалёта на Вену. Я знаходжуся ў транзыце і ня маю большай інфармацыі, чымсьці ёсьць у прэсавым рэлізе”.

А сам выканаўца гэтых абавязкаў Мішэль Рывалье, які зьехаў зь Беларусі яшчэ ў красавіку, паведаміў мне, што знаходзіцца ў Вене, аднак адмовіўся ад усялякіх камэнтароў.

Я таксама патэлефанаваў у Вену прэсаваму сакратару сталага прадстаўніцтва Партугаліі ў АБСЭ Антоніё Капіньі й спытаўся, ці значыць сёньняшняя заява, што дзейны старшыня АБСЭ вырашыў закрыць місію ў Беларусі й пакінуць спадарыню Жасан як тэхнічнага супрацоўніка.

(Капінья: ) “Не, не. Яна гэтага не азначае”.

На маё наступнае пытаньне — ці будзе цяпер КНГ АБСЭ ў Беларусі працаваць ня ў Менску, а ў Вене, дзе неўзабаве будуць чатыры зь пяці ейных дыпляматаў, — спадар Капінья адказаў гэтак:

(Капінья: ) “Не! Здарылася так, што толькі спадарыню Фіцджэральд адклікаюць у Вену для кансультацыяў”.

А калі распачнуцца кансультацыі зь беларускімі ўладамі наконт будучай працы КНГ АБСЭ, пра якія гаворыцца ў сёньняшняй заяве партугальскага старшынёўства? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Антоніё Капінья:

(Капінья: ) “Паглядзіце, мы адкрытыя для кансультацыяў на ўсе тэмы”.

(Карэспандэнт: ) “Улучна з праблемай мандату?”

(Капінья: ) “Так, вядома. Мы даступныя для кансультацыяў зь беларускімі ўладамі, як мы заўсёды былі гатовыя”.

Нагадаю, што афіцыйны Менск ужо амаль паўгоду настойвае на зьмене мандату групы АБСЭ ў Беларусі й менавіта з гэтым зьвязвае сваю адмову працягваць візы супрацоўнікам групы. Цяпер партугальскае старшынёўства, якое ўвесь гэты час казала пра немажлівасьць зьмены мандату, памяняла сваю пазыцыю. Калі ж, на думку Антоніё Капіньі, могуць распачацца кансультацыі зь беларускімі ўладамі?

(Капінья: ) “Калі беларускія ўлады захочуць”.

А ці працягваюцца рэгулярныя кансультацыі зь беларускім прадстаўніцтвам у АБСЭ?

(Капінья: ) “Так, вядома. З амбасадарам Гайсёнкам”.

Антоніё Капінья дадаў, што сёньня ў Вене ніякіх кансультацыяў на беларускую тэму не прадбачыцца. У чацьвер адбудзецца чарговае паседжаньне Сталае рады АБСЭ. Аднак, паводле спадара Капіньі, у парадку дня няма нічога пра сытуацыю вакол КНГ АБСЭ ў Менску.

У самой групе пра свой далейшы статус ня ведаюць. Вось што кажа новая часовая кіраўніца КНГ АБСЭ Аліна Жасан:

(Жасан: ) “Гэта вырашаць, але КНГ існуе. Працягвае сваю працу”.

Аліна Жасан пацьвердзіла, што застанецца адзінай у групе, хто мае дыпляматычны статус — пасьля ад’езду Мэгін Фіцджэральд, грамадзянкі ЗША.

(Жасан: ) “Так. То бок фармальна Мэгін будзе яшчэ пару дзён. Але так, яна зьяжджае”.

Аліна Жасан распавяла, што беларускай візы яна ня мае й ня мела, бо ёсьць грамадзянкай Малдовы, зь якой Беларусь мае бязьвізавы рэжым. Дыпляматычная акрэдытацыя спадарыні Жасан сапраўдная да 29 кастрычніка. А што значыць венская заява пра тое, што Аліна Жасан будзе займацца толькі адміністрацыйнай працай?

(Жасан: ) “Ну, пакуль гэта так, хаця, шчыра кажучы, мы, напэўна, будзем далей працягваць сачыць і за сытуацыяй з правамі чалавека, і за ўсім. То бок гэта першы прэсавы рэліз, пакуль яшчэ шукаюць фармулёўку ды ўсё астатняе. Як гэта будзе насамрэч — відаць, пакуль яшчэ ніхто ня ведае. Таму — вы зразумейце — адзін чалавек жа ня можа ўсім займацца. І калі б я нават хацела замяніць усіх маіх пяцёх калег, я б не змагла”.

На пытаньне, ці не анулявала беларускае МЗС ейную акрэдытацыю, як гэта здарылася са спадаром Карпэнтэрам, Аліна Жасан адказала гэтак:

(Жасан: ) “Пакуль не. Вы хочаце гэта ім параіць?” (Cьмяецца)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG