Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ АПТЫМІСТЫЧНЫХ ПРАГНОЗАЎ, ТРАНСЬЛЯЦЫЯ МАТЧАЎ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ НА БТ РАСПАЧНЕЦЦА НЕ РАНЕЙ ЗА 15 ЧЭРВЕНЯ


Ігар Карней, Менск

Увесь учорашні дзень кіраўніцтва Нацыянальнае тэлерадыёкампаніі адмаўлялася ад камэнтароў, спасылаючыся на перамовы з “Кірх-мэдыя” — манапалістам трансьляцыі матчаў чэмпіянату ва ўсім сьвеце.

Як распавёў адзін з супрацоўнікаў тэлебачаньня, ішоў сапраўдны гандаль: беларускія чыноўнікі дамагаліся зьніжкі, бо паўтара дзясятка матчаў групавога туру заўзятары ўжо ня ўбачылі і яшчэ столькі ж ня ўбачаць пры любым раскладзе. Такім чынам, у выніку перамоваў замест 470 тысяч даляраў за трансьляцыю цалкам беларускі бок заплаціць толькі 320 тысяч за палову турніру.

Адносна пасьпяховыя перамовы з уладальнікамі правоў на трансьляцыю азмрочаныя афіцыйным паведамленьнем, якое БТ атрымала ад расейскай тэлекампаніі спадарожнікавага вяшчаньня “НТВ+” пра намер праз суд патрабаваць кампэнсацыю маральных стратаў у часе несанкцыяванай трансьляцыі 31 траўня Беларускім тэлебачаньнем матчу адкрыцьця Францыя–Сэнэгал.

Учора ўвечары кіраўнік Нацыянальнае телерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў выступіў у праграме “Панарама” з абяцаньнямі неўзабаве распачаць трансьляцыі зь Японіі і Паўдзённай Карэі. Але, прыносячы прабачэньні заўзятарам, Рыбакоў спаслаўся выключна на некарэктныя паводзіны расейскіх тэлеканалаў. Гаворкі пра тое, каб набыць правы на ўласную трансьляцыю загадзя, не было.

З адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі сёньня прыйшлі зьвесткі, што нарэшце да вырашэньня праблемы мільёну заўзятараў (паводле падліку дэпутацкай групы так званай палаты прадстаўнікоў, менавіта столькі ў Беларусі аматараў футболу) — далучыўся Аляксандар Лукашэнка. Каб даведацца пра некаторыя акалічнасьці, я затэлефанаваў прэсаваму сакратару Лукашэнкі Натальлі Пяткевіч.

(Карэспандэнт: ) “Ці Аляксандар Лукашэнка глядзіць футбол? Ёсьць такія тэхнічныя магчымасьці?”

(Пяткевіч: ) “Паколькі па беларускіх каналах футбол ня йдзе і гэта праблематычна для ўсіх, то ён глядзіць сьціслыя вытрымкі. Але зараз прадпрымаюцца ўсе мажлівыя высілкі, да гэтага падключыўся прэзыдэнт з тым, каб праблема для беларускіх заўзятараў была вырашаная”.

(Карэспандэнт: ) “Але тэрміны пакуль па-ранейшаму акрэсьленыя 15 чэрвеня?”

(Пяткевіч: ) “І тады, і цяпер усё залежыць не ад нас. Тут пытаньні тэхнічнай магчымасьці вяшчаньня, падключэньня праз спадарожнік. Таму неабходна яшчэ дамаўляцца”.

(Карэспандэнт: ) “Але прэзыдэнт насамрэч далучыўся да кампаніі з тым, каб наблізіць тэрмін? І чаму нельга было раней гэтага зрабіць?”

(Пяткевіч: ) “Таму што паведамленьне пра такі парадак было дасланае толькі 24 траўня, калі нешта зрабіць было позна. Папярэдняга паведамленьня не было”.

Пакуль чыноўнікі губляюць час на высьвятленьне тэхнічных мажлівасьцяў Беларускага тэлебачаньня, заўзятары штодня зьбіраюцца ў самых людных месцах сталіцы, каб прыцягнуць увагу пакуль не ахопленых футбольнай ліхаманкай суграмадзянаў. Яны лічаць, што толькі масавасьць можа падштурхнуць улады да вырашэньня гэтай праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG