Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ДРАНЧУК — ЧАЛАВЕК, ЯКІ СПРАБУЕ ЎРАТАВАЦЬ БЕЛАВЕСКУЮ ПУШЧУ


Ірына Халіп, Менск

Эколяг Валеры Дранчук у Менску зараз бывае рэдка: ён езьдзіць на ровары па Белавескай пушчы і зьбірае жудасныя факты яе зьнішчэньня. Менавіта Дранчук быў ініцыятарам ліста грамадзкасьці ў Раду Эўропы з нагоды падаўжэньня эўрапейскага дыплёму Белавескай пушчы. Дзякуючы гэтаму лісту Эўропа будзе мяняць умовы і рэкамэндацыі.

(Ірына Халіп: ) “Апошнія апытаньні грамадзкае думкі паказваюць, што беларусы ўрэшце пачалі ўсьведамляць важнасьць экалягічных праблемаў — іх ставяць на другое месца пасьля праблемаў эканамічных. Але ці здольная грамадзкая думка зьмяніць сытуацыю? Вы, Валеры, ужо шмат гадоў займаецеся выратаваньнем Белавескай пушчы. У якім яна цяпер стане?”

(Валеры Дранчук: ) “Калі вы маеце на ўвазе ліст грамадзкасьці ў Раду Эўропы ў сувязі з падоўжаньнем пяцігадовага эўрадыплёму, то гэтае пытаньне вырашанае: дыплём будзе падоўжаны.

Але што датычыць умоваў і рэкамэндацыяў у сувязі з апошнімі падзеямі ў Белавескай пушчы — я маю на ўвазе высечкі, дэградацыю на ўзроўні дзяржаўных рашэньняў па нашым ледзь не апошнім рэзэрваце, — то гэтых рэкамэндацыяў пакуль што няма. Мы ня ведаем, наколькі яны будуць жорсткімі ў параўнаньні з тымі, што былі пяць гадоў таму.

Я разумею, што гэтая працэдура складаная, напэўна, бюракратычная, і мы зь нецярпеньнем чакаем, калі будзе прынятае рашэньне Рады Эўропы па Белавескай пушчы — у прыватнасьці, новыя рэкамэндацыі і ўмовы”.

(Халіп: ) “Рада Эўропы даўно ўжо спрабуе паўплываць на беларускую сытуацыю — ня толькі ў Белавескай пушчы. Але гэта пакуль нічым ня скончылася. Так што, напэўна, толькі самі беларусы могуць вырашыць свае праблемы”.

(Дранчук: ) “Абсалютна так. Але прынцып, так бы мовіць, бумэранга, калі нам гэты дыплём выдалі, — і цяпер ад нас залежыць, як ён будзе працаваць, — трэба скарыстоўваць. Калі ён да нас прыйшоў, мы павінны скарыстаць мэханізм ягонага ўзьдзеяньня на сытуацыю ў Белавескай пушчы — і ня толькі ў ёй, але і на ўсіх нашых запаведных тэрыторыях ці, як напісана ў нашых законах, на асабліва ахоўных тэрыторыях”.

(Халіп: ) “Здаецца, некалькі гадоў таму зьнішчэньне Белавескай пушчы праходзіла ледзь не на чале з Іванам Ціцянковым, тагачасным кіраўніком справаў”.

(Дранчук: ) “Так, гісторыя ведае гэты сумны выпадак, калі запаведнымі тэрыторыямі запраўляў сумна вядомы і, думаю, яшчэ ня зьніклы з нашай сьвядомасьці Іван Ціцянкоў. Ён прыяжджаў у пушчу і казаў: “Вы ж тут, хлопцы, па золаце ходзіце”. Думаю, можа, гэта была і не ягоная ўласная воля, ён проста выконваў волю нашае ўлады — нашае некультурнае або малакультурнае ўлады, якая прыйшла сёньня на нашу беларускую тэрыторыю і на запаведныя тэрыторыі ў тым ліку.

Ты ня менш гэтую чужую волю і чужынскую волю ён праводзіў досыць упарта і настойліва. Я знаходжу сувязь паміж тым, як ён рваў на часткі наш бел-чырвона-белы сьцяг і тым, што ён рабіў пасьля на запаведных тэрыторыях. Гэта зьвёны аднаго ланцуга, дзьве каралі на адной нітцы. Дык вось, гэты чалавек ідэю камэрцыялізацыі Белавескай пушчы праводзіў вельмі настойліва і дроваў наламаў шмат.

Дарэчы, напэўна, прадчуваючы, што канец ягонай дзелавой кар’еры наступіць вельмі хутка, ён запачаткаваў у Белавескай пушчы будаўніцтва храма. І калі вы прыедзеце ў Камянюкі (цэнтральную сядзібу Белавескай пушчы), вы ўбачыце гэты велічны зруб.

Я лічу, што гэта ўвасабленьне Ціцянкова — гэта не ўвасабленьне нашай сьвятой рэлігійнай ідэі, гэта ўвасабленьне Ціцянкова і нашай улады. Таму што ў Белавескай пушчы, дзе, як пісаў Казімір Сваяк, прырода прадстаўленая сьвятыняй самога бога, будаваць храм не патрэбна, таму што там было б дастаткова маленькай каплічкі. І гэта было б нават сымбалічна, таму што сапраўдны храм — гэта сама Белавеская пушча”.

(Халіп: ) “У сваім артыкуле вы назвалі Белавескую пушчу Ноевым каўчэгам. Але Ноеў каўчэг — гэта сымбаль выратаваньня, сымбаль неўміручасьці. І Белавеская пушча сёньня наўрад ці можа называцца Ноевым каўчэгам”.

(Дранчук: ) “Ведаеце, калі прыяжджаюць прадстаўнікі розных эўрапейскіх структураў, якія лічаць Белавескую пушчу летняй эўрапейскай тайгой, дык іх там ляпаюць па плячах, паказваюць розныя некранутыя мясьціны, неруш сапраўдны — дзякуй богу, такія мясьціны яшчэ ёсьць у той жа Белавескай пушчы. Вось пад уплывам эўрапейскай думкі я пра Ноеў каўчэг і напісаў. Але вашыя сумненьні я б падзяліў”.

(Халіп: ) “У вас ёсьць дакладныя лічбы — што там зьнішчана, колькі зьнішчана?”

(Дранчук: ) “Ёсьць сытуацыі, калі факты больш пераканаўчыя, чым лічбы. Лічба — яшчэ ня факт. А вось ёсьць факт, што ў мінулым годзе было прынятае рашэньне аб высечцы запаведных лясоў — на 17 кварталах. Гэта называлася суцэльнай санітарнай высечкай. Тэрмін, дарэчы, належыць лясным гаспадаркам, а не лясным запаведным тэрыторыям.

Белавеская пушча — запаведная тэрыторыя, і там законамі — нават нашымі законамі, якія ніяк нельга назваць дасканалымі — нічога такога не прадугледжана. Гэта забаронена! Тым ня менш такое рашэньне было прынятае, і толькі выпадковая прысутнасьць групы людей, у ліку якіх быў і я, дазволіла гэтае прыпыніць, таму што мы змаглі падняць вялікі шум.

А для чаго гэта робіцца? Каб загрузіць вытворчую лінію, якая — тут я стаўлю клічнік — пабудаваная на лясной запаведнай тэрыторыі, якая прызнаная аб’ектам усясьветнай спадчыны чалавецтва. І тут пабудаваная вельмі магутная лінія, якую купілі ў Нямеччыне ў прадпрымальніка па распрацоўцы лесу. Вядома ж, яе трэба загрузіць, і ўлады прыдумалі, як гэта зрабіць. Ідэя суцэльных высечак грунтавалася на тым, што там нібыта завёўся шашаль-караед, які нішчыць дрэвы, і гэтыя дрэвы трэба высякаць і хутчэй расьпілоўваць.

Яшчэ можна прывесьці факты такога кшталту. Ёсьць факты продажу драўніны ў вялікі аб’ёмах Нідэрландам, Малдове, Баўгарыі, Расеі, іншым краінам. Белавескі лес прадаецца! А ў Белавескай пушчы нельга секчы й прадаваць. Яна нам дадзеная для таго, каб зьберагчы яе прыродную разнастайнасьць”.

(Халіп: ) “А ці магчыма гэта зьберагчы? Вось што я маю на ўвазе. У заходнеэўрапейскіх краінах рух зялёных — звычайна вельмі моцны і ўплывовы рух. Там зялёныя могуць вырашаць такія праблемы як захаваньне прыродных багацьцяў. А ў нас рух зялёных вельмі слабенькі. Я вось вас бачу, а больш нікога і ня ведаю...”

(Дранчук: ) “Зялёны рух быццам бы ёсьць — і ў той жа час яго няма. Сёньня зялёны рух імітуецца. На жаль, тыя міжнародныя арганізацыі, якія прадстаўленыя ў Беларусі, нам не падмога. Таму што, як я пераканаўся, яны абапіраюцца на тыя беларускія грамадзкія арганізацыі, якія ходзяць пад ручку з уладай. Я мог бы назваць дзясятак такіх арганізацыяў, але я назаву дзьве: гэта “Экадом” і “Белая Русь”. Там працуюць людзі, якія нічога ня будуць ратаваць, таму што яны адпрацоўваюць гранты. Я ў гэтым пераканаўся на ўласным досьведзе.

І гэта наша агульная беларуская праблема. І ня тыя грамадзкія арганізацыі, што маюць у Беларусі прадстаўніцтвы, вінаватыя ў гэтым, хоць і яны таксама. Найперш вінаватыя мы самі, таму што мы гуляем па іхных правілах, а не яны — па нашых”.

(Халіп: ) “Дык колькі ж вас, сапраўдных зялёных?”

(Дранчук: ) “Калі верыць тым людзям, пра якіх я сказаў, дык па іх зьвестках нас каля 30 тысяч. Але на самой справе па пальцах можна пералічыць, сапраўдных зялёных”.

(Халіп: ) “І тыя, каго можна пералічыць па пальцах, здольныя выратаваць Белавескую пушчу?”

(Дранчук: ) “Думаю, што тыя, хто падпісаў ліст грамадзкасьці ў Раду Эўропы, маюць такі патэнцыял. Яны могуць штосьці зрабіць — толькі аб’яднаўшыся”.

(Халіп: ) “Дык у вас праблемы, як у беларускай апазыцыі, — еднасьці няма?”

(Дранчук: ) “Абсалютна так. Думаю, што беларуская апазыцыя дарэмна не зьвяртае ўвагі на зялёны рух і на экалягічныя праблемы, не заклапочаная праблемай захаваньня біялягічнай разнастайнасьці й нашых малых айчынаў. Зараз сыходзяць у нябыт многія вёскі, там застаюцца па два-тры жыхары. Там жа цудоўныя краявіды, там можна разьвіваць экалягічны турызм, агратурызм — пра гэта проста ніхто ня ведае!”

(Халіп: ) “Якімі будуць вашыя далейшыя дзеяньні па захаваньню Белавескай пушчы?”

(Дранчук: ) “Што датычыць нахабных высечак, то яны прыпыніліся. Але трывога ёсьць кожны дзень, і кожны дзень трэба трывожыцца за лёс Белавескай пушчы. Там пры ўладзе людзі, якім верыць нельга”.

(Халіп: ) “У студыі быў Валеры Дранчук — чалавек, які спрабуе выратаваць Белавескую пушчу. Справа, здавалася б, безнадзейная, асабліва з улікам таго, што пушча зьнішчаецца дзяржаўнай сыстэмай. Але гісторыя сьведчыць: часам перамагаюць тыя, хто бярэцца менавіта за безнадзейныя справы”.
XS
SM
MD
LG