Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎЗЯТАРЫ ПРАПАНУЮЦЬ УСТАЛЯВАЦЬ У ЦЭНТРЫ СТАЛІЦЫ ВЯЛІЗНЫ ЭКРАН, КАБ НАЗІРАЦЬ ЗА МАТЧАМІ Ў ЯПОНІІ ДЫ КАРЭІ


Ігар Карней, Менск

У панядзелак некалькі сотняў падманутых заўзятараў стыхійна выйшлі на плошчу Якуба Коласа ў Менску: яны ўжо не пабачылі 14 сустрэчаў, патрабуюць ад уладаў прылюднага прабачэньня за падман і тэрміновай арганізацыі паказаў наступных гульняў.

Дзьве сотні заўзятараў, якія сабраліся на плошчы Якуба Коласа ў Менску, спрабавалі прыцягнуць да сябе ўвагу з дапамогай тых самых гукаў, як гэта яны робяць звычайна на трыбунах стадыёнаў. Сабраўшыся на пачатку 19-й гадзіны ля помніку Якубу Коласу, яны горача спрачаліся, шукаючы прычыну: чаму дзяржава так жорстка абышлася зь імі. Гучалі і нечаканыя прапановы.

(Заўзятар: ) “Такой крыўды не было ў маім жыцьці даўно. Мае дачка ўчора выйшла замуж. Я прыехаў зь вясельля, адправіў гасьцёў і далей марыў толькі пра футбол. Але такой зьнявагі я нават не чакаў. Я думаў, вясельле скончыцца, і буду глядзець футбол. Не атрымалася. Тым ня менш, я жадаю перамогі зборнай Францыі, удачы зборнай Расеі, пажадана было б Эдзіку Малафееву з нашай камандай, але гэта ня наш цыкль, наш будзе наступны. А тое, што кажуць пра дэфіцыт сродкаў... Не хапае грошай, дык павесьце на філярмоніі вялізны экран, і ўвечары пяць тысяч заўзятараў сядуць на лаўкі пад помнікам вялікага нашага пісьменьніка Якуба Коласа ды будуць глядзець на вялікім экране прыгожыя матчы. Яны ўсе будуць прыгожыя”.

Ад мінулай пятніцы многія з тых, хто прыйшоў сёньня на плошчу, амаль бесьперапынна тэлефанавалі ў Нацыянальную тэлерадыёкампанію і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Кожны зь іх хацеў ведаць, чаму ў праграме тэлеперадачаў напісаны час футбольных матчаў, а замест іх дэманструюць старыя савецкія фільмы? Адзін з заўзятараў, пераконваючы ў сваім поглядзе, нават прыводзіць паралелі зь нядаўняй савецкай гісторыі:

(Заўзятар: ) “Пазаўчора па тэлевізіі быў фільм пра Навачаркаск. 1962 год, народу не далі хлеба. Ува што гэта выцякла? Нябожчыкі, кроў і г.д. Хлебам нас, слава Богу, накармілі. Дык дайце нам відовішчаў урэшцэ. Мы хочам сьвята! Такое бывае раз на чатыры гады. Я заўзятар. І тут стаяць усе заўзятары”.

(Карэспандэнт: ) “Хто вінаваты, што так адбываецца? Ад каго вы патрабуеце зьменаў?”

(Заўзятар: ) “Я ня ведаю, я сам па сабе. Я просты беларус, які хоча футболу. Рабяты, хачу футболу, дайце футбол, дайце, ёлы... Я навіны глядзеў беларускія з раніцы да начы, у суботу і нядзелю — ніводнага слова не было сказана. Ніводнага”.

Мітынгоўцы ўжо ведалі, колькі будзе каштаваць права на тэлетрансьляцыю футболу. Кошт сёньня раніцай назвала Міністэрства інфармацыі: амаль 500 тысяч даляраў. Людзі рабілі выснову: на тле мільёнаў даляраў, што закопваюцца ў падмуркі лядовых палацаў, гэта ня так і шмат, гучалі прапановы гэтыя паўмільёну сабраць самім заўзятарам. Але чаму пра гэта тэлебачаньне ці кіраўніцтва краіны не папярэдзілі людзей раней, а паставілі ўсіх перад фактам — задавалі заўзятары рытарычнае пытаньне.

Між тым, Лявон Баршчэўскі, які прыйшоў на плошчу не як палітык, а як аматар футболу, ня верыць, што ўлада прыслухаецца да аматараў футболу.

(Баршчэўскі: ) “Ад 1966 году глядзеў усе чэмпіянаты сьвету, і я тут таму менавіта... Пабудаваная дзяржава крымінальнага пляну, улада якой не выконвае нават тыя законы, якая піша сама пад сябе. Думалі, што скрадуць карцінку, украдуць трансьляцыю, але ўпершыню паказалі, што месца ў цывілізаваным сьвеце няма такім дзяржавам. Іншае пытаньне, што калі гэта было б у Аргентыне, Буэнас-Айрэс разграмілі б за першы дзень, было б як пасьля атамнага бамбардаваньня. А ў нас народ перажыве, паедзе на лецішчы ці пачне піць з гора. Вось і ўся рэакцыя. Людзі павінны рэагаваць, прыходзіць кожны дзень на адно і тое ж месца. Бо яны ж таксама ня быдла”.

Цяпер адзіная магчымасьць далучыцца да чэмпіянату сьвету — спадарожнікавыя антэны. Але бальшыня з тых, хто быў сёньня на плошчы Якуба Коласа, ня можа сабе дазволіць такое дарагое задавальненьне.
XS
SM
MD
LG