Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ: "ПАСЬЛЯ ФАКТЫЧНАЙ ДЭПАРТАЦЫІ СПАДАРА КАРПЭНТЭРА КНГ АБСЭ БОЛЬШ НЯ ЗДОЛЬНАЯ ВЫКОНВАЦЬ СВАЕ ФУНКЦЫІ"


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня партугальскае старшынёўства АБСЭ абнародавала ў Вене заяву ў зьвязку са змушаным ад'ездам зь Беларусі Эндру Карпэнтэра. Заява зазначае: "Нягледзячы на ўсе намаганьні, зробленыя старшынёўствам АБСЭ праз наўпроставыя кантакты зь Менскам дзеля пераадоленьня цяперашніх складанасьцяў паміж Беларусьсю й АБСЭ, беларускі ўрад адмовіўся падоўжыць візу намесьніка выканальніка абавязкаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Эндру Карпэнтэра, раней адмовіўшыся падоўжыць візу былога выканальніка абавязкаў кіраўніка Мішэля Рывалье".

Дзейны старшыня АБСЭ заяўляе: "Такое стаўленьне з боку беларускіх уладаў ня робіць унёсак у пажаданую нармалізацыю стасункаў паміж Беларусьсю й АБСЭ ды ня можа быць прынятае старшынёўствам. Яно можа толькі пашкодзіць інтарэсам Беларусі. Урад Беларусі мусіць выконваць свае забавязаньні, узятыя ў рамках АБСЭ".

"Дзеля гэтай мэты працяг супрацоўніцтва паміж АБСЭ й Беларусьсю ёсьць істотным, а праца КНГ мусіць разглядацца як ключавы элемэнт у ім. Пасьля дэпартацыі дэ-факта спадара Карпэнтэра КНГ больш ня здольная выконваць свае абавязкі", – гаворыцца ў заяве дзейнага старшыні АБСЭ, які таксама паведаміў, што "запрасіў Мэгін Фіцджэральд, апошнюю супрацоўніцу місіі КНГ, якая займалася зьнешнімі сувязямі, прыбыць у Вену для кансультацыяў". Да новага паведамленьня адказваць за працу КНГ будзе Аліна Жасан, якая, паводле партугальскага старшынёўства АБСЭ, "будзе займацца толькі адміністрацыйнай працай".

Заява дзейнага старшыні АБСЭ заканчваецца гэтак: "АБСЭ гатовая ладзіць кансультацыі наконт будучай працы КНГ і вельмі чакае абмеркаваньня канкрэтных прапановаў".
XS
SM
MD
LG