Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБСЭ РЫХТУЕ ЗАЯВУ З НАГОДЫ ДЭПАРТАЦЫІ ЭНДРУ КАРПЭНТЭРА


Юры Сьвірко, Менск

Прэсавы сакратар партугальскае дэлегацыі ў АБСЭ Антоніё Капінья, якому я патэлефанаваў за паўгадзіны да нашага эфіру й да якога накіроўваў журналістаў па камэнтар Эндру Карпэнтэр, заявіў наступнае:

(Капінья: ) “Бачыце, будзе адмысловая заява ўсяе АБСЭ, а не партугальскага старшынёўства – мажліва, сёньня ці заўтра. Да таго часу я ня буду рабіць камэнтароў”.

Калега й начальнік спадара Капіньі, прэсавы сакратар міністра замежных справаў Партугаліі Фэрнанда Ліма сказаў крыху больш:

(Ліма: ) “Я ў Парыжы зараз, і я не атрымаў інфармацыю, каб камэнтаваць. Партугальскі міністар зараз у Парыжы – ён бярэ ўдзел у паседжаньні Заходнеэўрапейскага Зьвязу. Але міністар размаўляў са сваім францускім калегам пра АБСЭ”.

Спадар Ліма дадаў, што сытуацыя з групай АБСЭ будзе прадметам абмеркаваньня ня столькі Заходнеэўрапейскага Зьвязу (гэта вайсковае аб'яднаньне краін Заходняе Эўропы), колькі Эўрапейскага Зьвязу, дзе да 1 ліпеня старшынюе Гішпанія. Эўразьвяз ужо рабіў адпаведную заяву пра Беларусь 8 траўня й папярэджваў афіцыйны Менск наконт мажлівага пагаршэньня стасункаў у выпадку выцісканьня супрацоўнікаў місіі АБСЭ. Цяпер Мадрыд, Лісабон і Вена ўзгадняюць супольную рэакцыю на дзеяньні беларускіх уладаў.
XS
SM
MD
LG