Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКАЯ АМБАСАДА Ў ПОЛЬШЧЫ ДАСЛАЛА ЧАСОПІСУ “WPROST” ЛІСТ З НАГОДЫ НАДРУКАВАНАГА ТАМ АРТЫКУЛУ “ЛУКАШЭНКА АДМЫВАЕ ГРОШЫ Ў ПОЛЬШЧЫ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“З упартасьцю, вартай лепшага ўжытку, тыднёвік “Wprost” пасьлядоўна разьвівае выдуманую тэму аб гандлі Беларусі зброяй з краінамі, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ААН. Не турбуючыся пра паданьне канкрэтных фактаў і адкрыта ігнаруючы афіцыйныя камэнтары беларускага боку ў гэтай справе, аўтар артыкулу заняўся зьбіраньнем і смакаваньнем плётак і безпадстаўна абвінаваціў шэраг салідных камэрцыйных структураў Беларусі ў нелегальным гандлі зброяй”, – піша ў сваім лісьце да рэдактара часопісу “Wprost” надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Польшчы Мікалай Крэчка.

Далей кіраўнік беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва падае прычыны зьяўленьня гэткага артыкулу, якія, паводле ягоных словаў, зразумелыя нават недасьведчанаму чытачу: “зьняславіць рэпутацыю салідных беларусіх фірмаў, якія працуюць на міжнародным рынку, і рукамі непераборлівых у сродках журналістаў прыбраць канкурэнтаў”.

Вось як пракамэнтаваў Радыё Свабода ліст беларускага амбасадара адзін з аўтараў артыкулу, аглядальнік часопісу “Wprost” Ян Чурыловіч:

(Чурыловіч: ) “Мне здаецца, што спадар амбасадар на самой справе не чытаў гэты артыкул, бо ўсё, што там напісана – гэта факты і довады”.

У сёньняшнім нумары “Wprost” зьмясьціў трохі скарочаны тэкст ліста спадара Крэчкі. Аднак у поўнай вэрсіі ліста, копію якога нам удалося атрымаць, беларускі амбасадар прапануе “ў якасьці альтэрнатыўнага погляду зьмясьціць гэты ліст разам з афіцыйнай пазыцыяй беларускага боку ў гэтай справе”. Афіцыйнай пазыцыі беларускага боку, пра якую піша амбасада, часопіс, аднак, не надрукаваў. Чаму?

Як аказалася, ніякага дэталёвага абвяржэньня фактаў, якія ўтрымлівае артыкул, “Wprost” не атрымаў. Разам зь лістом беларускага амбасадара ў рэдакцыю часопіса прыйшоў дадатак з агульнадаступным пералікам канвэнцыяў ААН у справе нераспаўсюджваньня зброі, да якіх далучылася Беларусь. У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода дарадца амбасадара Беларусі ў Польшчы ў палітычных пытаньнях Сяргей Іваноў фактычна падцьвердзіў гэтую інфармацыю.

(Іваноў: ) “У гэтым дадатку падаюцца факты аб удзеле Беларусі ў пагадненьнях аб нераспаўсюджваньні зброі”.

З размовы са сп. Івановым вынікала, што рукамі журналістаў часопісу “Wprost” робіцца спроба зьняславіць беларускія фірмы, якія працуюць менавіта ў Польшчы, і не на рынку зброі, як можна было зразумець зь ліста, а на рынку грузавікоў.

Амбасада не абвяргала пададзеных у артыкуле зьвесьтак, бо гэта, паводле спадара Іванова, справа саміх фірмаў, пра якія напісаў часопіс.

(Іваноў: ) “Амбасада – гэта ўстанова палітычная, і яна не займаецца справамі, так бы мовіць, камэрцыйнымі”.

Нагадаю, што, паводле артыкулу “Лукашэнка адмывае грошы ў Польшчы”, у адмываньні брудных грошай за нелегальны продаж зброі бяруць удзел і замежныя прадстаўніцтвы Менскага аўтамабільнага заводу, у тым ліку і прадстаўніцтва ў Польшчы.

Варта адзначыць, што ў сваім лісьце Мікалай Крэчка нагадвае часопісу, што, паводле польскіх законаў, распаўсюд у сродках масавай інфармацыі непраўдзівых зьвестак можна абскардзіць у судзе. Аднак, паводле словаў Сяргея Іванова, на сёньняшні дзень беларуская амбасада ня мае інфармацыі аб тым, каб якая-небудзь з узгаданых ў артыкуле фірмаў мела намер распачаць працэс супраць часопісу “Wprost”.
XS
SM
MD
LG