Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АМАТАРЫ ФУТБОЛУ ЛАДЗЯЦЬ МІТЫНГ ПРАТЭСТУ, КАБ ДАБІЦЦА ТРАНСЬЛЯЦЫІ ФУТБОЛЬНАГА ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ


Ігар Карней, Менск

Нягледзячы на запозьненыя намаганьні кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі набыць правы на трансьляцыю матчаў у нямецкай кампаніі "Кірх-мэдыя", у найлепшым выпадку беларускія аматары спорту ўбачаць вялікі футбол не раней, чым праз тыдзень-паўтара. Тым часам менскія заўзятары пагражаюць сёньня ўвечары выйсьці на мітынг пратэсту.

Хто скарыстаўся з сытуацыі, дык гэта гандляры спадарожнікавымі антэнамі: гэтымі днямі набыць нятаннае абсталяваньне стала праблематычна, нават зьявіліся папярэднія чэргі. А закладнікамі сытуацыі сталі тыя, хто гэтыя антэны ўжо маюць: зусім незнаёмыя людзі атакуюць іх з просьбамі пераўтварыць іхныя кватэры ў хатнія клюбы з агульным тэлевізарам.

Тым часам стала вядома, што кіраўнікі расейскіх каналаў папярэдзілі беларускіх калегаў пра немагчымасьць трансьляцыі футболу на Беларусь яшчэ 22 траўня. Але тэхнічныя адмыслоўцы Беларускага тэлебачаньня палічылі, што зрабіць адключэньне, каб ад гэтага не пацярпелі памежныя з Беларусьсью расейскія рэгіёны, немагчыма, а таму, маўляў, на такі радыкальны крок расейцы ня пойдуць. БТ праігнаравала і другое папярэджаньне 24 траўня. У выніку Беларусь апынулася па-за сьветам, які сёньня жыве футболам.

Начальнік нацыянальнай каманды Беларусі ў футболе Леанід Гарай у такой самай сытуацыі, як і заўзятары.

(Гарай: ) "Я не гляджу, няма магчымасьці. І тут я абсалютна не разумею нашых кіраўнікоў тэлебачаньня. Пачалі без папярэджаньня займацца пірацтвам. Альбо думалі, што ціхаматам праскочыць. Магчыма, дорага набыць, альбо была прыватная размова: маўляў, Мікалаевіч, дай і на Беларусь заадно пару матчаў. Як можна так кіраваць, як можна друкаваць тэлепраграму? Усё насельніцтва падманваюць! А калі ўжо Расея не паказвае на Беларусь, значыць, у дамове быў запісаны пункт: бяз нашага права — ніводнай краіне, бо гэта будзе лічыцца пірацтвам. Зараз кажуць: вось будзем выходзіць, прасіць Расею. Але Расея тут ні пры чым; патрэбны дазвол гаспадароў трансьляцыі. А яшчэ кажуць, што мы ў сяброўскіх адносінах з Расеяй. Народ падвялі, а ўжо на якім узроўні і як яны будуць разбірацца?"

Праз спадзяваньне ашчадзіць свае сродкі коштам расейскіх тэлекампаніяў кіраўнікі інфармацыйных ведамстваў Беларусі трапілі ў няёмкае становішча. Дзяржаўная тэлерадыёкампанія распачала тэрміновыя перамовы з манапалістам трансьляцыяў — нямецкай карпарацыяй "Кірх-мэдыя". Сёньня міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны ў тэлефоннай размове ўдакладніў, колькі будзе каштаваць пакет трансьляцыі на Беларусь — 470 тысяч даляраў, гэта амаль у шэсьць разоў менш, чым заплаціла Ўкраіна. Але страчаны час, і перамовы даюцца нялёгка. Заяўкі ў справе куплі права на трансьляцыю матчаў "Кірх-мэдыя" прымала да 15 траўня. Калі найбліжэйшым часам грошы і будуць знойдзеныя, запатрабуецца гарант плацежаздольнасьці па-за межамі Беларусі — як правіла, гэта адзін зь вядомых банкаў. Калі нават і такі варыянт будзе мець месца, перавод грошай зойме ад 7 да 10 дзён. Адзінае, што зараз абяцаюць чыноўнікі, — зрабіць усё магчымае, каб паказаць апошнія матчы групавога турніру і заключныя гульні.

Тым часам беларускія заўзятары сёньня на плошчы Якуба Коласа ў Менску маюць намер наладзіць мітынг падманутых аматараў футболу. У гэтай сувязі менчукі ўзгадваюць першае падобнае спантаннае выказваньне народнага гневу – гэтак званы "тытунёвы бунт", які адбыўся ў 1987 годзе.
XS
SM
MD
LG