Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ ПРА ЗЬНІКНЕНЬНЕ ЗАХАРАНКІ ДАРУЧАНАЕ СЬЛЕДЧАМУ, ЯКІ ВЯДЗЕ СПРАВУ ГАНЧАРА І КРАСОЎСКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледзтва па справе пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі падоўжанае яшчэ на тры месяцы і перададзенае старшаму сьледчаму гарадзкой пракуратуры Ўладзімеру Чумачэнку. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў Радыё Свабода кіраўнік сьледчага аддзелу пракуратуры Ягор Сіняк. Ён патлумачыў замену сьледчай Сьвятланы Байковай на сьледчага Ўладзімера Чумачэнку "службовай неабходнасьцю". Паводле Ягора Сіняка, "няма падставаў казаць, што Байкова ня справілася з расьсьледаваньнем, але ўзьніклі новыя абставіны, якія прымусілі яе замяніць". Нагадаю, Святлана Байкова расьсьледвала справу пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі больш за два гады.

Такім чынам, справу цяпер будзе весьці той жа сьледчы, якому нядаўна даручаная і справа Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага. Між тым, сам Уладзімер Чумачэнка не пацьвярджае, што гэта адбылося з прычыны прамой сувязі паміж гэтымі справамі.

(Чумачэнка: ) "Мне далі дзьве справы, і я павінен іх расьсьледаваць, абедзьве. Калі б гаворка ішла пра аб'яднаньне справаў – гэта была б іншая рэч. А так проста аднаму сьледчаму далі дзьве справы".

Вынікі расьсьледаваньня, якіх дасягнула сьледчая Байкова, як і пэрспэктывы сьледзтва Ўладзімер Чумачэнка камэнтаваць адмовіўся, спаслаўшыся на службовую таямніцу. Зь іншых крыніцаў, аднак, стала вядома, што новы сьледчы актывізаваў расьсьледаваньне. У прыватнасьці, пашыранае кола сьведкаў. Прыкладам, быў апытаны былы міліцыянт Арэстаў, які разам зь Юрыем Захаранкам ствараў Саюз афіцэраў, а пазьней праводзіў асабістае расьсьледаваньне зьнікненьня экс-міністра.

Між тым, паводле былога сьледчага пракуратуры Алега Волчака, той факт, што справы Захаранкі і Ганчара з Красоўскім апынуліся ў аднаго сьледчага, выразна сьведчыць пра іхную сувязь.

(Волчак: ) "Пракуратура разумее, што злачынствы і адносна Захаранкі, і адносна Ганчара ўчынілі ўсё ж адны і тыя ж людзі. Таму перадалі справы аднаму сьледчаму. Бо калі нешта ўдасца высьветліць у справе Ганчара, то гэта можа зацікавіць і ў справе Захаранкі. А працэсуальныя магчымасьці аб'яднаць справы ёсьць нават у сьледчага – закон гэта дазваляе".

Нагадаем, тры гады і амаль месяц таму быў скрадзены Юры Захаранка. З моманту зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага мінулі два гады і 9 месяцаў. Дагэтуль іхныя справы расьсьледаваліся паасобку, хаця ёсьць дастаткова падставаў падазраваць, што гэтыя злачынствы на сумленьні адных і тых жа асобаў. У прыватнасьці, такая выснова вынікае з заяваў былых сьледчых пракуратуры Случака і Петрушкевіча, а таксама са сьведчаньняў былога начальніка менскага сьледчага ізалятара Алкаева. Усе гэтыя сьведкі, баючыся перасьледу, зьехалі за межы Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG