Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭНДРУ КАРПЭНТЭР СЬВЯТКУЕ ЗАЛАТЫ ЮБІЛЕЙ ПРАЎЛЕНЬНЯ КАРАЛЕВЫ Ў МЕНСКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Як і ўсе брытанскія падданыя, спадар Карпэнтэр адзначае сёньня вялікае сьвята — 50-ю гадавіну праўленьня каралевы Элізабэты ІІ. Сёньня Эндру Карпэнтэр прымаў віншаваньні з нагоды нацыянальнага сьвята — у тым ліку і ад Свабоды:

(Карпэнтэр: ) “Шчыра дзякую, я вельмі цаню гэта”, — адказаў спадар Карпэнтэр на віншаваньне.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён знаходзіцца цяпер на тэрыторыі брытанскай амбасады ў Менску. Асабіста гэтага ён не пацьвердзіў, затое абверг чуткі, што ён нібыта затрыманы беларускімі ўладамі:

(Карпэнтэр: ) “Не, я не арыштаваны, і я ня быў арыштаваны беларускімі ўладамі. І я хацеў бы абвергнуць выказваньні некаторых людзей, што я нібыта быў затрыманы — гэта няпраўда”.

Эндру Карпэнтэр прызнаў, што ён і ня можа быць арыштаваны за парушэньне візавага рэжыму, паколькі мае дыпляматычную недатыкальнасьць. У параўнаньні з учорашнім днём сытуацыя не зьмянілася, згодна з інструкцыямі кіраўніцтва АБСЭ спадар Карпэнтэр па-ранейшаму ня мае права камэнтаваць сваё цяперашняе становішча і свае дзеяньні.

Затое прэсавы сакратар партугальскага старшынёўства Антоніў Капінья сёньня ацаніў статус спадара Карпэнтэра больш канкрэтна, ён зазначыў, што выключае магчымасьць затрыманьня спадара Карпэнтэра беларускімі ўладамі.

(Капінья: ) “Ён не зрабіў нічога няправільнага. Ён проста чакае канкрэтнага адказу і рашэньня беларускіх уладаў. Рашэньня, якое будзе з павагай прынятае дыпляматам. Такім чынам, калі беларускія ўлады зоймуць канкрэтную пазыцыю і прымуць канкрэтнае рашэньне ў адказ на ягоны запыт, ён будзе паважаць яго.

На самой справе ні спадар Карпэнтэр, ні АБСЭ не атрымалі зь беларускага МЗС ніякага адказу. Таму ў АБСЭ да гэтага часу спадзяюцца, што беларускія ўлады зоймуць больш канструктыўную пазыцыю. Паводле словаў спадара Капінья, ад беларускіх уладаў ніякай рэакцыі пакуль не было.

Спадзяваньне АБСЭ на ўрэгуляваньне праблемы знаходжаньня ў Беларусі часовага кіраўніка групы АБСЭ Эндру Карпэнтэра грунтуецца на тым, што ён мае дыпляматычную акрэдытацыю да 14 жніўня гэтага году. Як зазначыў Свабодзе беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў, згодна зь міжнароднай практыкай, калі замежны прадстаўнік мае дыпляматычную акрэдытацыю, віза павінна ўзнаўляцца аўтаматычна.
XS
SM
MD
LG