Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭНДРУ КАРПЭНТЭР У ВЕНУ НЯ ВЫЛЕЦЕЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Менскія журналісты сёньня правялі некалькі гадзінаў у аэрапорце. Яны чакалі, што Эндру Карпэнтэр, як раней і выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ Мішэль Рывалье, пакіне Беларусь і адбудзе ў Вену, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ. Але сярод пасажыраў сёньняшняга рэйсу самалёта “Аўстрыйскіх авіялініяў” спадара Карпэнтэра не было.

Адрозна ад Мішэля Рывалье, у якога ў красавіку скончыліся і віза, і дыпляматычная акрэдытацыя МЗС Беларусі, дыпляматычная акрэдытацыя Эндру Карпэнтэра заканчваецца толькі 14 жніўня. Гэта можна лічыць самай верагоднай вэрсіяй таго, што спадар Карпэнтэр пакуль застаецца ў Менску. Пра тое, што ён сапраўды ў Менску, Свабодзе пацьвердзілі на ўмовах ананімнасьці набліжаныя да яго людзі.

Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што напярэдадні зь Міністэрства замежных справаў Беларусі быў прысланы пашпарт Карпэнтэра — безь беларускай візы. Такім чыная даведзена, што візы ён не атрымае.

Сам спадар Карпэнтэр сёньня ўвечары некалькі разоў адказваў Свабодзе па сваім менскім мабільным тэлефоне, але адмаўляўся ад усякіх камэнтароў:

(Карпэнтэр: ) “Вы можаце зразумець, што гэта складаная сытуацыя. Я не магу сказаць вам нічога. Вы мусіце гаварыць са спадаром Капінья з партугальскага старшынства АБСЭ”.

Эндру Карпэнтэр зазначыў, што мусіць выконваць інструкцыі свайго кіраўніцтва, якія забараняюць яму любыя камэнтары. Што ж да Антоніў Капінья, пра якога згадаў Эндру Карпэнтэр, то мне ўдалося сёньня зь ім пагаварыць. Вось што сказаў прэсавы сакратар прадстаўніцтва Партугаліі ў АБСЭ па сутнасьці праблемы:

(Капінья: ) “Беларускім уладам належыць вырашыць, што рабіць са спадаром Карпэнтэрам, таму што ён замежны грамадзянін, і такім чынам сытуацыя зь яго візай — гэта праблема беларускіх уладаў. Беларусь павінна яе вырашаць як краіна са сваім сувэрэнітэтам”.

Спадар Капінья зазначыў, што пазыцыя АБСЭ ў дачыненьнях зь беларускімі ўладамі застаецца нязьменнай:

(Капінья: ) “Мы жадаем супрацоўнічаць зь беларускімі ўладамі. Мы хочам мець добрую праграму канкрэтнага супрацоўніцтва Беларусі з АБСЭ. Гэта пазыцыя нашай арганізацыі”.

З афіцыйнага беларускага боку ніякіх камэнтароў няма. У МЗС Беларусі застаўся толькі дзяжурны супрацоўнік, які адмаўляецца камэнтаваць гэтую даволі складаную сытуацыю.
XS
SM
MD
LG