Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЕРШЫМ ЖА МАТЧЫ ФУТБОЛЬНАГА ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ АДБЫЛАСЯ СЭНСАЦЫЯ


Алесь Грыневіч, Прага

Насамрэч шмат хто з аглядальнікаў прадказваў французам цяжкую гульню і нават магчымасьць паразы. Сэнэгальская зборная летась вышла ў фінал Кубку афрыканскіх нацыяў, не прайграўшы ніводнага матчу. Толькі ў фінале па пэнальці яна саступіла Камэруну. За 21 матч напярэдадні чэмпіянату сэнэгальцы прапусьцілі толькі 7 мячоў. Гульня французаў у таварыскіх матчах, наадварот, выклікала нараканьні – у апошніх матчах зборная Францыі саступіла Бэльгіі 1-2 і зь цяжкасьцю перамагла карэйцаў 3-2. Да таго ж сэнэгальцы добра ведалі свайго суперніка. Амаль усе сэнэгальскія футбалісты гуляюць менавіта ў фрацускіх клюбах. Трэнер сэнэгальскай зборнай Бруно Мэтсю – француз, якога ў Сэнэнгале лічаць ледзьве не нацыянальным героем.

Французы гулялі без сваёй галоўнай “зоркі” – Зэнэдына Зыдана. Зыдан атрымаў траўму сьцягна, і пакуль пад сумневам ягоны ўдзел і ў наступных двух матчах французаў з Уругваем ды Даніяй. Адсутнасьць Зыдана відавочна саслабіла францускую зборную. Цалкам падмяніць гульца такога ўзроўню, напэўна, немагчыма, і гэта паказаў сёньняшні матч. На месца Зыдана паставілі 34-гадовага Юр’я Джаркаефа, якога ў другім тайме замяніў Крыстоф Дугары. І складалася ўражаньне, што французам не хапала гульца-арганізатара, асабліва пасьля замены Джаркаефа. Але ж варта памятаць, што на мінулым чэмпіянаце сьвету французы двойчы перамагалі і без Зыдана – Данію 2-1 і Парагвай 1-0.

Зборная Францыі намагаецца стаць першай камандай, якая выйграе два чэмпіянаты сьвету запар і яшчэ й чэмпіянат Эўропы між імі. Раней толькі бразыльцы перамагалі на двух пасьлядоўных чэмпіянатах сьвету – ў 1958 і 1962 гадох. "Рэкорды на тое й робяцца, каб іх пабіваць," – сказаў напярэдадні чэмпіянату капітан французаў Марсэль Дэсаі. Ці значыць сёньняшняя параза, што францускай зборнай трэба разьвітацца з надзеямі на чэмпіёнства?

Я б ня стаў вось так адразу выкрэсьліваць французаў зь ліку прэтэндэнтаў, бо гэта ўсё роўна адна з наймацнейшых камандаў на чэмпіянаце. Але задача францускай зборнай цяпер ускладнілася шматкроць – нават на тое, каб выйсьці з групы, давядзецца прыкласьці максымум намаганьняў. Я думаю вельмі шмат будзе залежаць ад двух рэчаў – наколькі хутка Зыдан здолее ўвайсьці ў гульню пасьля траўмы і наколькі французы ўвогуле здолеюць ачуняць ад псыхалягічнага ўдару, якім, няма сумневу, была сёньняшняя параза.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG