Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ ТЭЛЕКАНАЛЫ АДМОВІЛІСЯ ТРАНСЬЛЯВАЦЬ У БЕЛАРУСІ МАТЧЫ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ ПА ФУТБОЛЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Пачатак чэмпіянату сьвету па футболе ледзь ня быў азмрочаны для беларускіх заўзятараў. Учора стала вядома, што расейскія телеканалы ОРТ і РТР ня будуць паказваць у Беларусі чэмпіянат сьвету па футболе. “Мы вымушаныя пайсьці на гэта, паколькі паводле ўмоваў кантракту з уласьнікамі правоў на трансьляцыю чэмпіянату, канцэрнам “Кірх-Мэдыя”, мы маем права паказу футбольных матчаў толькі на тэрыторыі Расеі”, — паведаміла прэсавая служба РТР.

Замест футболу ОРТ, напрыклад, паказала беларускім телеглядачам фільм “Аляксандар Вялікі”. Вось што сказаў нашаму карэспандэнту апэратар ОРТ у Беларусі Сяргей Гельбах:

(Гельбах: ) “Расея купіла трансьляцыю, заплаціла грошы з умовай, што трансьляцыя ідзе толькі на Расею. Таму ані “Космас-ТВ”, які звычайна трансьлюе поўную праграму, ані “Eurosrort”, які ідзе на Беларусь, футбол трансьляваць ня будуць”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму гэта стала вядома за дзень–два? Што такое здарылася?”

(Гельбах: ) “Чаму? Гэта ўсім было вядома да таго. Тэлефануйце на БТ і высьвятляйце, чаму яны так зрабілі. Грошы трэба плаціць. Яны прызвычаіліся трансьляваць нашу праграму бясплатна, і яшчэ прад’яўляць нам прэтэнзіі. Усе праграмы ва ўсім сьвеце купляюцца”.

Як распавёў мне адзін з супрацоўнікаў Беларускага тэлебачаньня,сёньня ўвесь дзень у спартыўную рэдакцыю “Белтэлерадыёкампаніі” тэлефанавалі абураныя заўзятары. Адны абмяжоўваліся нецэнзурнай лаянкай, другія пагражалі правесьці мітынг каля будынка БТ, трэція абяцалі скардзіцца прэзыдэнту.

Увесь дзень кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня праводзіла розныя нарады, спрабуючы знайсьці нейкае рашэньне праблемы. У выніку першы матч чэмпіянату сьвету паміж камандамі Францыі й Сэнэгалу раптоўна быў паказаны ў жывым эфіры па Беларускім канале.

Пра тое, на якой падставе ажыцьцявілася гэтая трансьляцыя, для нашага радыё распавёў камэнтатар дырэкцыі спартовага вяшчаньня Аляксандар Пуціла:

(Пуціла: ) “На дадзены момант вырашана, што БТ будзе рэтрансьляваць канал “НТВ-плюс”. На якіх умовах дамовіліся БТ і “НТВ-плюс” — мне пакуль невядома. Адзінае, што я магу сказаць на гэты час, што менавіта БТ будзе паказваць матчы чэмпіянату сьвету — ні ОРТ, ні РТР.

На якіх падставах ідзе трансьляцыя — ня ведаю. Ці дамовіліся беларускія ўлады з амбасадай Расеі ў Беларусі (наколькі я разумею, былі такія захады), ці дамовіліся на доўгатэрміновую трансьляцыю чэмпіянату, пакуль невядома”.

Дарэчы, падобная сытуацыя ўзьнікла ня толькі ў Беларусі. 30 траўня кіраўніцтва ОРТ і РТР накіравалі факсы пра тое, што ня будуць трансьляваць футбольныя матчы і ў тэлекампаніі іншых краінаў, якія прымаюць расейскія тэлеканалы. Тым ня менш, Аляксандар Пуціла лічыць, што ўзьнікненьне такой сытуацыі кіраўніцтва БТ магло прадугледзець.

(Пуціла: ) “Гэтыя варыянты трэба было прадугледзець і даведацца пра іх тады, калі ОРТ і РТР куплялі правы на тэлетрансьляцыі чэмпіянату. Я думаю, што БТ проста спадзявалася на тое, што можа паказваць на сваёй тэрыторыі ОРТ, таму й ня будзе праблемаў. Гэта неадукаванасьць кіраўніцтва нашай тэлерадыёкампаніі, бо ніхто ня ведаў, што ОРТ і РТР раптам адключаць трансьляцыю на Беларусі”.

Беларускія заўзятары ўсё ж атрымалі магчымасьць паглядзець тэлетрансьляцыю першага матчу галоўнага футбольнага турніру чатырохгодзьдзя. Пакуль няма, аднак, ніякай гарантыі, што БТ здолее на законных падставах трансьляваць усе гульні чэмпіянату сьвету.
XS
SM
MD
LG