Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУС АЛЯКСАНДАР НОВІКАЎ ПРАЦОЎНАГА КАНТРАКТУ З БАЙКАНУРАМ НЕ ПАДПІСВАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Гомелі ў 27-гадовага Аляксандра Новікава засталася жонка Натальля і двухгадовы сын Стасік. Блізу абласнога цэнтру, у вёсцы Яроміна, жыве ўся радня гэтай маладой пары. Сёньня я гутарыў з жонкай Аляксандра Натальляй Новікавай на фабрыцы “Спартак”, дзе яна працуе пакавальшчыцаю.

(Новікава: ) “Я ўвесь час хацела, каб ён жыў у сям’і з нашым сынам, каб выхоўваў сына. Але ён увесь час імкнуўся ў гэтую Маскву. Калі апошні раз ад’яжджаў, нават не казаў дакладна куды”, — прыгадвае спадарыня Новікава.

Ніякіх страхавых полісаў, кантрактаў пра ўмовы, аплату працы Аляксандар ня меў, хаця ягоная жонка лічыць, што такія дакумэнты мусілі быць.

(Новікава: ) “Канечне, я думаю, што сьпярша кантракт павінен быць, тым больш, што ён працаваў на даху”, — кажа Натальля.

Ёй вядома, што Аляксандар езьдзіў на працу ў Расею зь Сяргеем Яськовым, аднавяскоўцам зь Яроміна. Мне ўдалося зьвязацца па тэлефоне зь Сяргеем.

(Яськоў: ) “Мы ў Маскве працавалі. Нам прапанавалі працу на Байкануры. Паехалі. Нам усё роўна, дзе працаваць”, — кажа напарнік Новікава Сяргей Яськоў.

На Байкануры гамельчукі рамантавалі дах выпрабавальнага корпусу самарскага заводу “Прагрэс”. Паводле словаў спадара Яськова, ніякага кантракту з экспэрымэнтальным заводам яны не заключалі. Была вусная дамоўленасьць з тамтэйшым намесьнікам галоўнага інжынэра Мікалаем Постышавым, які, дарэчы, пасьля няшчасьця памёр ад сардэчнага прыступу.

У трагічны дзень 12 траўня Сяргей Яськоў з Аляксандрам Новікавым і сямю казахамі прыйшлі на працу разам. Аднак спадар Яськоў не падымаўся на дах, а вярнуўся ў гатэль афармляць дакумэнты. У гэты час і здарылася трагедыя. Пасьля выбуху целы сямі будаўнікоў дасталі з-пад завалаў, а цела гамельчука Аляксандра Новікава так і не знайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG