Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БАЛТЫКА” НЕ ГУБЛЯЕ НАДЗЕІ ВЯРНУЦЬ ПРАЗ СУД УКЛАДЗЕНЫЯ Ў “КРЫНІЦУ” 10 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ


Ігар Карней, Менск

Год таму Аляксандар Лукашэнка пасьля перамоваў з прэзыдэнтам расейскага бровару “Балтыка” Таймуразам Балоевым заявіў, што першы літар піва ад “Балтыкі” будзе разьліты на “Крыніцы” пры канцы 2001году. Мінула шэсьць месяцаў, а пецярбурскае піва так і не вырабляецца ў Менску. Тэрмін пачатку сумеснай вытворчасьці рэгулярна пераносіцца, а кіраўніцтва “Балтыкі” дае зразумець, што прыход на беларускі рынак ёсьць ягонай стратэгічнай памылкай. Як найменей 10,5 мільёнаў даляраў, якія “Балтыка” ўжо пасьпела ўкласьці ў рэструктурызацыю “Крыніцы”, не працуюць, і вярнуць іх назад няма ніякай магчымасьці.

Арбітражны суд у Маскве разглядае шэраг фінансавых прэтэнзіяў “Балтыкі” да “Крыніцы”. Галоўная зь іх — ігнараваньне беларускім урадам просьбаў расейскага інвэстара правесьці дадатковую эмісію акцыяў “Крыніцы” — прадпрыемства, 90% акцыяў якіх належаць дзяржаве. Сход акцыянэраў “Крыніцы” пацьвердзіў сваю згоду на дадатковую эмісію яшчэ ў мінулым сьнежні.

Але далей за гэтае рашэньне справа не пайшла. З просьбай пракамэнтаваць прычыны сёньняшнягя судовага паседжаньня ў Маскве я зьвярнуўся да дарадцы прэзыдэнта “Балтыкі” Натальлі Бялковай:

(Бялкова: ) “Суд дакладна адбудзецца, папярэдніх камэнтароў у нас пакуль няма. Зьвязаны ён з тым, што мы ўклалі грошы, і, паводле закону (калі ўкладзеныя грошы не апраўдаліся), мы можам запатрабаваць іх назад. Хоць гэта і не азначае, што праект завершаны. Па-ранейшаму разглядаецца інвэстыцыйнае пагадненьне.

Беларускі бок высунуў нам нейкія пажаданьні, мы іх разгледзелі і вярнулі назад. Іншымі словамі, на гэтай стадыі працэс пакуль і знаходзіцца. На жаль, з-за пэўных разыходжаньняў у заканадаўствах. Што тычыцца судовага паседжаньня, то камэнтары будуць толькі пасьля сканчэньня працэсу. Адносна таго, ці засталіся на “Крыніцы” адмыслоўцы “Балтыкі”, такіх зьвесткаў у нас няма”.

Кіраўніцтва “Крыніцы” адмаўляецца выказваць свае прагнозы, чым скончыцца справа. Але адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі сказаў, што 10,5 мільёна даляраў, якія патрабуе вярнуць “Балтыка”, цалкам асвоеныя — іх ужо няма нават тэарэтычна. Што тычыцца расейскіх адмыслоўцаў, якія кіравалі працэсам пераабсталяваньня заводу, то яны зьехалі ў Санкт-Пецярбург напярэдадні дадатковых кансультацыяў прадстаўнікоў расейскага бровару зь беларускімі ўрадоўцамі 13 сакавіка.

Паводле аптымістычных плянаў беларускага кіраўніцтва, цягам двух гадоў “Балтыка” павінна была ўкласьці ў “Крыніцу” 50 мільёнаў даляраў, у выніку чаго вытворчыя магутнасьці павялічацца ў два разы. У няпэўнай сытуацыі апынуліся й іншыя расейскія вытворцы піва, якія зацікавіліся беларускімі броварамі ў Слуцку, Бабруйску, Воршы і нават мелі папярэднія перамовы ў справе магчымых інвэстыцыяў. Але цяпер яны не сьпяшаюцца выдаваць свае грошы, а пільна сочаць, чым скончыцца канфлікт паміж “Балтыкай” і “Крыніцай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG