Лінкі ўнівэрсальнага доступу

62 ГАДЫ ТАМУ ЗАГІНУЎ ГЕНЭРАЛ СТАНІСЛАЎ БУЛАК-БАЛАХОВІЧ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Ураджэнец Віленшчыны Станіслаў Булак-Балаховіч распачаў змаганьне з бальшавіцкімі войскамі на баку Беларускай Народнай Рэспублікі восеньню 1919 году. Адной з найбольш яркіх старонак гэтага змаганьня была апэрацыя на Палесьсі, у часе якой Булак-Балаховіч адбіў у бальшавікоў шэраг населеных пунктаў, у тым ліку і Пінск, дзе быў наладжаны выпуск газэтаў і нават выдрукаваныя адмысловыя маркі.

Аб лёсе Станіслава Булак-Балаховіча пасьля падпісаньня Рыскага мірнага пагадненьня, а таксама аб ягонай загадкавай сьмерці ў Беларусі вядома няшмат. Менавіта аб тым, што рабіў славуты генэрал ў міжваенны час, я вырашыў даведацца ў ягонага ўнука – таксама Станіслава Булак-Балаховіча, які жыве ў Варшаве і ад юнацтва займаецца зборам матэрыялаў аб сваім дзедзе, асабліва аб варшаўскім пэрыядзе ягонага жыцьця.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Балаховіч, скажыце, а чым займаўся ваш дзед у міжваенны пэрыяд? Як вядома, у гэты час ён жыў у Варшаве”.

(Балаховіч: ) “Па вайне 1920 году Станіслаў Булак-Балаховіч стварыў дрэваапрацоўчую фірму ў Белавежы, дзе працавалі каля тысячы яго былых жаўнераў. Тут варта адзначыць, што ў адным са шматлікіх замахаў на ягонае жыцьцё там, у Белавежы загінуў ягоны брат – Юзэф. У 1930-х гадох мой дзед займаўся публіцыстычнай дзейнасьцю, а таксама ўзначальваў розныя вэтэранскія арганізацыі. У 1937 годзе разам зь іншымі палякамі паехаў у Гішпанію, дзе, падобна, ваяваў на баку генэрала Франка”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі вядома, ваш дзед, які меў тады ўжо амаль 60 гадоў, браў актыўны ўдзел у абароне Варшавы ад фашыстаў і камандаваў так званым “замежным легіёнам”, у якім былі ў тым ліку і беларусы, якія ваявалі з генэралам яшчэ за часам БНР. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна аб гэтым”.

(Балаховіч: ) “Калі вайна была ўжо зусім блізка, генэрал разам са саімі таварышамі па вайне 1920 году стварыў адмысловую арганізацыю, каб у выпадку нападу немцаў далучыцца да змаганьня. Калі гэта здарылася, ужо 6 верасьня генэрал зьвярнуўся да генэрала Чумы, які камандаваў абаронай Варшавы, з прапановай ў справе абароны Варшавы. Варта адзначыць, што Булак-Балаховіч быў добра прыгатаваны да змаганьня, бо стварыў на тэрыторыі Варшавы пункты вэрбоўкі, а таксама навучаньня для добраахвотнікаў. У ягоны атрад увахзодзілі каля 2000 асобаў. Генэрал ня толькі камандаваў, але таксама шмат разоў браў удзел у баявых апэрацыях. Можна сказаць, што абарона Варшавы – гэта адна з найвыбітнейшых старонак ягонага жыцьця. Па капітуляцыі Польшчы Балаховіч разам з таварышамі стварыў кансьпіратыўную арганізацыю “Вайсковая канфэдэрацыя”, якая дзейнічала на тэрыторыі Варшавы. Аднак, вораг, як кажуць, ня сьпіць – у хуткім часе арганізацыя была выкрытая і ў часе адной з добра зарганізаваных апэрацыяў гітлераўцы забілі генэрала”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а як загінуў генэрал?”

(Балаховіч: ) “Ёсьць некалькі вэрсіяў ягонай сьмерці. Адна зь іх была надрукаваная 31 траўня 1940 году ў падпольным інфармацыйным бюлетэні, які выходзіў у Варшаве. Там гаварылася: ”10 траўня на адной з вуліцаў раёну Варшавы Саска Кэмпа ў часе ўцёкаў ад гестапа быў забіты генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч. Хаця ён і ня быў палякам, але зарганізаваў у Варшаве замежны легіён, а пасьля капітуляцыі не спыніў змаганьня. Вядомы быў вялікай адвагай”. Гэта адная вэрсія. Другую вэрсію майму бацьку гадоў 15 таму распавёу спадар Вільгельм – адзін з суседзяў дзеда ў часе вайны. Паводле спадара Вільгельма, ён бачыў, як мой дзед ішоў у ваколіцах Саскай Кэмпы, а ён хадзіў з аховай, бо ведаў, што ў любы момант можа быць арыштаваны, і раптам да яго пад’ехала машына, адкуль выйшлі людзі ў нямецкіх мундзірах. Пачалася сутычка, у часе якой нехта некалькі разоў стрэліў у Булаховіча з машыны. Потым, па сыгнале, з-за рогу выехаў грузавік, і цела дзеда хутка вывязьлі ў невядомым накірунку.

А паводле трэцяй вэрсіі, дом на вуліцы Парыскай, дзе жыў Балаховіч, акружылі гестапаўцы, усіх жыхароў вывялі на падворак, і ў часе праверкі дакумэнтаў мой дзед спрабаваў бараніцца, але калі немцы даведаліся, што гэта менавіта Балаховіч, дык адразу пачалі страляць, і ён загінуў”.

Цела генэрала так і не ўдалося адшукаць – невядома дзе ён пахаваны. Аднак памяць пра ягоныя ўчынкі жыве. У Варшаве на вуліцы Францускай, дзе жыў і быў забіты Булак-Балаховіч, ёсьць мэмарыяльная табліца. Ужо некалькі гадоў па ўсёй Польшчы вандруе выстава, прысьвечаная генэралу.

Я запытаўся у спадара Станіслава, ці не хацеў бы ён, каб гэтую выставу пабачылі ў Беларусі – краіне, зь якой цесна зьвязаны лёс ягонага дзеда. Працягвае Станіслаў Булак-Балаховіч:

(Балаховіч: ) “Аб гэтым можна хіба толькі марыць. Бо цяперашняя палітычная сытуацыя ў Беларусі хіба не спрыяе такога кшталту тэматыцы і асобам. Застаецца чакаць на лепшыя часы”.

Ужо пры канцы сустрэчы, памятаючы першапачатковае зьдзіўленьне спадара Станіслава тым, што асобай ягонага дзеда цікавіцца журналіст зь Беларусі, я запытаўся, ці ведае ён, якое значэньне мае для беларусаў асоба ягонага продка. Гаворыць Станіслаў Булак-Балаховіч:

(Балаховіч: ) “Мне прыемна гэта чуць. Але хіба гэта справа, так бы мовіць камэральная, бо вядома, як зараз у Беларусі выглядае гістарычная навука. У сучаснай афіцыйнай беларускай гісторыяграфіі для Булак-Балаховіча месца напэўна няма. Калі што пра яго пішуць, дык хутчэй за ўсё гэта зьвесткі непраўдзівыя, якія выстаўляюць яго ў непрыемным выглядзе. Аднак я вельмі рады, што ёсьць людзі, якія памятаюць аб праўдзівай гісторыі і хочуць данесьці яе да іншых. Смуткую з той нагоды, што нягледзячы на калясальныя зьмены у Эўропе, у Беларусі існуе лад, які не дазваляе гаварыць праўду. Можа, праз гады ўсё зьменіцца, і асоба Станіслава Булак-Балаховіча зойме ў гісторыі Беларусі пачэснае мейсца, і гэта будзе ўспрымацца як рэч натуральная.

Спадар Булак-Балаховіч ніколі ня быў у Беларусі – краіне, за вольнасьць якой ваяваў ягоны дзед. Ніколі не зьвярталіся да яго і прадстаўнікі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў у Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG