Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ Ў СФЭРЫ БІЗНЭСУ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Генадзь Лех, Валянцін Сэльвясюк, Андрэй Макагон

Беларуская дыяспара не стварыла на чужыне трывалай эканамічнай базы, пераважную ўвагу ва ўсе часы яна аддавала нацыянальна-культурнай працы. З гэтай прычыны сёньня фактычна не існуе такога паняцьця, як арганізаваны беларускі бізнэс у замежжы. Але шмат хто з выхадцаў з Беларусі працуе ў сфэры бізнэсу іншых краінаў. Набыты імі вопыт, іх погляд на эканамічную сытуацыю на Бацькаўшчыне можа быць карысным для сучаснай Беларусі, якая так доўга стаіць на раздарожжы.

Як вядома, шмат беларусаў жывуць у розных рэгіёнах найбліжэйшага эканамічнага партнэра Беларусі – Расейскай Фэдэрацыі. Наш першы сёньняшні госьць – старшыня Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны ў Маскве Генадзь Лех. Ён скончыў Маскоўскі інстытут сталі і сплаваў, у свае 38 гадоў зьяўляецца доктарам тэхнічных навук, працаваў намесьнікам загадчыка лябараторыі ва Усерасейскім інстытуце лёгкіх сплаваў. Недастатковае фінансаваньне навуковых распрацовак прымусіла яго перапыніць навуковую кар'еру.

(Лех: ) “У мяне была спэцыялізаваная група. Гэта распрацоўка інтэрмэдалідных стопэкаў – матэрыялаў новага пакаленьня для авіякасьмічнай прамысловасьці. Гэта была самая фінансавая тэма ў галіне мэталюргіі. Пасьля я адышоў у бізнэс, але ў гэтай жа галіне, дзе я працаваў – алюмініевыя і тытанавыя стопэкі. Бізнэс таксама навукаёмкі, ён зьвязаны з распрацоўкай тых матэрыялаў”.

Мы запыталі ў сп. Генадзя, ці зьвязаны ягоны бізнэс зь Беларусьсю:

(Лех: ) “Так, безумоўна, адным з накірункаў маёй дзейнасьці ёсьць пастаўка алюмініевых паўвырабаў у Беларусь, адзін зь відаў –радыятарныя профілі, дзе я зьяўляюся манапалістам”.

Але хутка сп. Леху давялося адчуць на сабе праблемы беларускай эканомікі:

(Лех: ) “Я адчуваю толькі адну праблему – гэта жахлівае падзеньне попыту. Калі ўзяць звычайны пракат,стандартны, ГОСТаўскі алюмініевы ці тытанавы – тое ж самае, прыкладна – падзеньне ў 5-10 разоў. Практычна ўсе буйныя спажыўцы алюмінія, як “БЕЛАМО”, “Амкадор”, Завод колавых цягачоў у Менску, “Нёман” – яны ўсе рэзка зьнізілі закупкі.

У Менску было 2 гады прадстаўніцтва, але потым давялося яго зачыніць. Я арыентуюся пераважна на расейскі рынак, на жаль. Я па-ранейшаму хацеў бы працаваць зь Беларусьсю”.

А вось што думае сп. Лех пра намеры аб’яднаньня Беларусі і Расеі:

(Лех: ) “Мертвыя і дэкляратыўныя.

Я магу сказаць, што ёсьць чыноўніцтва, яно зьявілася, як кляса, ці як плынь, якая зарабляе грошы на саюзных справах. Гэта зьвязана з экспартам вуглю, лесу, нафты, бэнзыну ў Эўропу. Праз розныя саюзныя структуры яны маюць ільготы на зьніжэньне коштаў і г.д. У іх ёсьць сілы, ад якіх яны залежаць і якія лабіруюць іх інтарэсы.

Гэтая сыстэма працуе чыста па-расейску. Гэта намэнклятурная сыстэма, намэнклятурны капіталізм. І менавіта яе задавальняе найбольш сучасны стан, які склаўся, яны ня хочуць ні большага аб’яднаньня, ні меншага.

У Расеі было створана недзе каля 40, у дакладных лічбах магу памыліцца, гандлёвых дамоў беларускіх, і ўсе яны практычна спынілі сваё існаваньне”.

Як старшыня беларускай суполкі, сп. Лех мог сказаць пра беларускі бізнэс у Расеі толькі наступнае:

(Лех: ) “Я магу сказаць, што дыяспара ў эканамічным пляне на гэты момант не арганізаваная. У Маскве стварылася бізнэсовае кола сьвядомых людзей, якое дапамагае фінансаваць тыя беларускія імпрэзы, якія ладзяцца ў Маскве”.

У нашай размове мы не маглі абысьці ўвагаю паведамленьне сродкаў інфармацыі пра тое, што Леанід Сініцын стварыў у Маскве Фонд падтрымкі расейскіх і беларускіх бізнэсоўцаў. Сп. Генадзь паведаміў, што беларусаў у Маскве не запрасілі да супрацоўніцтва.

(Лех: ) “Не, да нас не зьвяртаўся. Я не давяраю гэтым намэнклятурным заявам, бо пад імі, звычайна, нейкая пустата. Звычайна гэта ідзе як рэклямная акцыя, кідаецца нейкі лёзунг у спадзяваньні, што пад яго нехта дасьць грошы на напаўненьне гэтага фонду”.

Навуковец Генадзь Лех заснаваў уласны бізнэс, а для беларуса зь Беласточчыны Валянціна Сэльвясюка гэта ўжо пройдзены этап. Ён меў у Польшчы свой прыватны бізнэс, але вырашыў стаць мэнэджэрам. Ужо 4 гады ён працуе у францускай фірме, якая гандлюе збожжам, жыве ў Парыжы.

(Сэльвясюк: ) “Я прымаю гандлёвыя рашэньні, гэта самастойная праца. Апрача гэтага, другая частка маіх абавязкаў – я адказны за прадстаўніцтвы нашай фірмы ва Ўкраіне і Расеі. Працую ў галоўнай сядзібе фірмы і адтуль кірую працай філіялаў там”.

Сваёй новай працаю сп. Валянцін цалкам задаволены.

(Сэльвясюк: ) “Я думаю, што лягчэй працаваць для кагосьці. Розьніца ў тым, што калі працуеш для сябе, можаш рабіць намнога больш, а калі на некага, то ў цябе ёсьць пэўная гарантыя, але, з другога боку, ёсьць і пэўнае абмежаваньне”.

Фірма, у якой працуе сп. Сэльвясюк, ня мае бізнэсовых сувязяў з Беларусьсю. Сп. Валянцін тлумачыць гэта наступным чынам.

(Сэльвясюк: ) “У Беларусі дастаткова складаная сытуацыя. Беларускі бізнэс у міжнародным пляне амаль не існуе. Актыўнасьць беларускіх фірм цяпер вельмі абмежаваная. Фірмы ня маюць магчымасьці фінансаваць і крэдытаваць сваю дзейнасьць, і таму шукаюць розныя спосабы, розныя канструкцыі, якія даволі складаныя і не заўсёды прыдатныя для нас”.

Пра асаблівасьці французскага бізнэсу сп. Сэльвясюк мае сваю думку:

(Сэльвясюк: ) “У кожнай краіне ёсьць свае нацыянальныя рысы, людзі, можа, па-іншаму падыходзяць да праблемаў, але я працую ў міжнародным бізнэсе, ён, можна сказаць, усюды аднолькавы”.

А зараз прапануем размову зь яшчэ адным беларусам, які належыць да мэнэджмэнту, але ў галіне банкаўскага бізнэсу. Андрэй Макагон працуе віцэ-прэзыдэнтам прыватнага маскоўскага банку “Держава”. Беларускі хлопец з Полацку скончыў эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, не вярнуўся дахаты толькі з прычыны палітычных зьменаў у Беларусі. Пад час навучаньня ўваходзіў у склад беларускай моладзевай суполкі “Пагоня”, якая на пачатку 1990-х аб’яднала студэнтаў-беларусаў, што вучыліся ў Маскве.

(Макагон: ) “Я працую ў банку зь першых дзён яго існаваньня, з 1994 году, раней я працаваў у Інкомбанку. Зараз наш банк займае недзе па розных рэйтынгах 50 – 60 месца паводле памераў капіталу ў Расеі, для інфармацыі – у Расеі існуе ўсяго 1200 банкаў”.

Банк “Держава” не сьпяшаецца супрацоўнічаць з Беларусьсю:

(Макагон: ) “Не, зь Беларусьсю банк кантактаў ня мае, нашыя кліенты не працуюць зь Беларусьсю, хаця ёсьць кліенты – выхадцы зь Беларусі, яны працуюць у Расеі.

Працаваць зь Беларусьсю амаль што немагчыма. Трэба працаваць з урадам, ці зь нейкімі чыноўнікамі, якія маюць пасады ў Беларусі, а пад сабою маюць нейкія камэрцыйныя структуры. Але, гэта, скажам так, іншы бізнэс, а мы у гэткім бізнэсе не працуем”.

Дасьведчаны ў фінансавых справах сп. Андрэй выказаўся адмоўна наконт магчымасьці аб’яднаньня расейскай і беларускай грашовых сыстэмаў і ўвогуле адносна саюзу дзьвюх дзяржаваў.

(Макагон: ) “Я думаю, што з гэтага нічога не атрымаецца, а калі атрымаецца, то на ўмовах Расеі. Для гэтага Беларусь павінна перайсьці на іншыя правілы існаваньня суб’ектаў эканомікі. У нас у Беларусі толькі адзін суб’ект эканомікі – гэта сама дзяржава. А Расея ўжо гуляе паводле іншых правілаў, паводле правілаў рыначнай эканомікі.

Я ёсьць сябрам Клюбу выпускнікоў эканамічнага факультэту МДУ. Учора была сустрэча з Бурбулісам, былым дзяржсакратаром Расеі ў 1991-92 гадах. Размова ішла і пра будучыню саюзу Расеі і Беларусі. Асноўная думка тых, хто прысутнічаў з расейскага боку – я ня маю на ўвазе непасрэдна Бурбуліса – зводзілася да таго, што будзе інкарпарацыя Беларусі ў склад Расеі, будзе такое партнэрства, як, скажам, Тува, Башкірыя, у лепшым выпадку – гэта будзе яшчэ адна Татарыя ў складзе Расеі – і усё.

Але мая думка такая, што Лукашэнка ня пойдзе на гэта. Тое, што ён зараз робіць – гэта гульня. Ён выгандлёўвае ў Расеі лепшыя ўмовы паставак сыравіны, а гэта дадатковы рэсурс, каб утрымаць эканоміку”.

Ці доўга яшчэ можа ўтрымацца беларуская эканоміка? На гэтае пытаньне віцэ-прэзыдэнт маскоўскага банка “Держава” Андрэй Макагон таксама выказаўся пэсымістычна:

(Макагон: ) “Я думаю, што – не. Але на найбліжэйшую пэрспэктыву, калі Лукашэнка здолее зараз прадаць “вяршкі” беларускай прамысловасьці, расіянам перш за ўсё – Наваполацкі нафтавы куст, увогуле беларускую нафтахімію, ён зможа здабыць недзе каля мільярда даляраў, гэтыя грошы дазволяць яму год-два больш-менш існаваць, мець добры дзяржаўны бюджэт, каб падтрымліваць тыя слаі беларускага грамадзтва, якія палітычна падтрымліваюць Лукашэнку”.

Пра наступствы гэтага продажу для Беларусі сп. Макагон выказаўся так:

(Макагон: ) “Я думаю, што наступствы будуць добрыя, расейскія алігархі ў Беларусі будуць навязваць і беларускім суб’ектам свае правілы гульні, бо яны грунтуюцца больш на рыначных умовах. Але хапаць будзе і не зусім добрых наступстваў.

Уладальнік піўнога аб’яднаньня “Очаково”, аднаго зь лідэраў расейскай піўной індустрыі, сказаў зусім нядаўна, што яны маюць зацікаўленасьць у набыцьці шэрагу піўзаводаў у Беларусі, але толькі пры адной умове: ім трэба 75 плюс 1 акцыя. І ні ў якім разе яны не пагодзяцца на нейкія ўмовы пра “залатую акцыю”, на чым настойвае Лукашэнка. Гэта па-першае.

Па-другое, зразумела, што Лукашэнка зацікаўлены, каб разам з заводам, з прамысловым актывам аддаць і сацыяльную базу, якую прадпрыемства трымала да апошняга. Але расейцы на гэта ня пойдуць”.

Андрэй Макагон не адзіны зь беларусаў у расейскай банкаўскай сфэры.

(Макагон: ) “З маіх калегаў, хто вучыўся са мной у МДУ, большасьць засталася ў Маскве. Пэрыядычна зьбіраемся, запрашаем цікавых людзей зь Беларусі.

Недзе каля 10 чалавек беларусаў, якія як маюць уласны бізнэс у банкаўскай галіне, так і належаць да топ-мэнэджмэнту расейскіх банкаў, і ня толькі расейскіх, але і тых замежных банкаў, якія прадстаўленыя зараз у Маскве – францускія, амэрыканскія. Таму, я жартую, калі прыйдзе час вяртацца дадому... Мы зь сябрамі думалі, што мы можам прынесьці з сабою бізнэс-тэхналёгіі, тыя, якіх зараз, я думаю, не зусім хапае ў Беларусі.

Калі нашае пакаленьне, тыя, хто зараз знаходзіцца за мяжой Беларусі і тыя, хто зараз працуе ў бізнэсе, пакаленьне, якое ўжо авалодала бізнэс-тэхналёгіямі, адміністрацыйнымі тэхналёгіямі, калі гэтае пакаленьне прыйдзе ў палітыку, тады ўжо будуць нейкія значныя перамены і ў палітыцы”.
XS
SM
MD
LG