Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬСКІМ ЗАВОДЗЕ ПУСКАВЫХ РУХАВІКОЎ АДБЫЎСЯ СТЫХІЙНЫ СТРАЙК


Казімер Яноўскі, Гомель

З самага пачатку працоўнага дня рабочыя не пайшлі, як звычайна, у цэхі, а сталі зьбірацца на тэрыторыі заводу і патрабаваць дырэкцыю і прадстаўнікоў гарадзкой улады. Найпершае патрабаваньне ў калектыву да кіраўнікоў – выплаціць заробак. Рабочым няма на што жыць, няма чым плаціць за дзіцячыя садкі, за камунальныя паслугі. Усё даражэе. За пратэрміноўку плацяжоў дзяржава спаганяе пеню, а за нявыплату заробку – ніякай індэксацыі.

Вось што кажуць пра сытуацыю на заводзе самі рабочыя:

“Ужо трэці дырэктар, а прасьвету ніякага ня бачна”.

“Пра зарплату ў нас так жартуюць: на рынку больш жабраку за дзень даюць, чым тут за месяц заробіш”.

“53 тысячы аклад у мяне. Дырэктар зьняў усе даплаты – на абеды, за выслугу. І атрымаю 60-65 тысячаў рублёў”.

“Ніхто пра рабочы клас ня думае, не стараецца. Газ адключылі, памыцца нават пад душам нельга”.

Супакойваць рабочых прыехалі намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Усаў і кіраўніца адміністрацыі Савецкага раёну Тацяна Філімончык. На будучы панядзелак прызначанае сумеснае паседжаньне адміністрацыі, дырэкцыі і прафкаму.

Як паведаміў дырэктар заводу пускавых рухавікоў Міхаіл Кандраценка, доўг па заробку за тры месяцы (люты, сакавік і красавік) складае амаль 300 мільёнаў рублёў. За люты аванс ў памеры 60 тысяч рублёў атрымалі рабочыя толькі трох цэхаў. Дзьве траціны калектыву ня бачылі заробку са студзеня. Таму дырэкцыя не асуджае страйкавы настрой рабочых. Больш таго, яшчэ ў мінулым годзе прафкам ад імя калектыву зьвяртаўся ў адміністрацыю Лукашэнкі, Саўмін, мясцовыя органы – інфармаваў пра цяжкі стан прадпрыемства. Калектыў пакідаў за сабою права на крайнія меры.

Каб прытушыць страйкавы настрой, улады дазволілі выдаць прадпрыемству два крэдыты на суму 289 мільёнаў рублёў. На абаротныя сродкі, як прасіла дырэкцыя, не дазволілі, а на заробак – далі. Цяпер гэтыя крэдыты завод сплаціць ня можа.

За няўплату на заводзе адключылі тэлефоны, абмежавалі падачу газу і электраэнэргіі.

Падатковая інспэкцыя ўзбуджала ў гаспадарчым судзе справу адносна прызнаньня заводу банкрутам. Паводле хадайніцтва адміністрацыі Савецкага раёну справа пра банкруцтва адкладзеная на год. Аднак палёгкі рабочым гэта не прынесла. Таму сёньня і ўзьнік стыхійны страйк.

Ён доўжыўся больш як дзьве гадзіны. Пасьля перамоваў з дырэкцыяй і прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў большасьць рабочых пайшлі на свае працоўныя месцы. А шэраг рабочых рамонтна-інструмэнтальнага цэху, дзе адключаная электраэнэргія, вярнуліся дамоў.
XS
SM
MD
LG