Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛУХАНЬНІ АБ АДМЕНЕ СЬМЯРОТНАГА ПАКАРАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ КАНКРЭТНЫХ РАШЭНЬНЯЎ НЕ ПРЫНЕСЬЛІ


Уладзімер Глод, Менск

Слуханьні наконт адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ініцыявала ў значнай ступені Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы. З гэтай нагоды асамблея накіравала ў Менск свайго адмысловага прадстаўніка — сябра Камітэту ў правах чалавека і юрыдычных пытаньнях, дэпутата парлямэнту Літвы Вацлава Станкевіча.

Дэбатам папярэднічалі выступы экспэртаў, сярод якіх былі міністар юстыцыі Галаванаў, старшыня Вярхоўнага суду Сукала, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Васілевіч ды іншыя. Далі слова і спадару Станкевічу.

Аднак ужо першы прамоўца — намесьнік старшыні палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў даў зразумець, што чакаць нечага асаблівага сёньня няма сэнсу. Паводле яго, дэпутаты сабраліся не для прыняцьця якіх-небудзь кардынальных рашэньняў.

Так яно і адбылося. Большасьць выступоўцаў казалі, што Беларусь яшчэ не сасьпела да адмены сьмяротнага пакараньня, альбо ўвядзеньня мараторыя на яго. Маўляў, на рэфэрэндуме ў 1996 годзе больш за 80% выказаліся супраць адмены найвышэйшай меры. І толькі некалькі дэпутатаў, у прыватнасьці былы намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Пётар Іваненка ўзгадаў, што ў 1996 годзе шмат хто галасаваў “пакетна” за блёк пытаньняў, ды людзям тады абсалютна не даводзілі перавагаў адмены сьмяротнага пакараньня.

А як жа ўплыў і ініцыятыва Эўропы? На гэтае пытаньне адказаў намесьнік Генэральнага пракурора Міхаіл Сьнягір.

(Снягір: ) “А як жа быць з заходнімі каштоўнасьцямі, могуць мяне спытаць? Беларусь жа хоча быць у Эўропе, дзе сьмяротнае пакараньне забароненае. Адкажу: мы можам збліжацца з Эўропай іншымі шляхамі, а ня толькі поўзаючы на жываце, дзеля таго, каб быць прынятымі ў эўрапейскія структуры. Мы не павінны мець страху перад магчымасьцю пацярпець паразу”.

Некаторыя дэпутаты пагаджаліся падоўжыць тэрмін невыкананьня прысуду: хто да трох, хто да пяці гадоў. І толькі некалькі чалавек выказаліся за кардынальныя зьмены, адзначыўшы, што ўсе без выключэньня краіны, што маюць агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, ужо ўвялі мараторый. І ад гэтага нічога надзвычайнага ні ў Расеі, ні ў Польшчы, ні ў іншых краінах не здарылася. Іхная пазыцыя і дазволіла Вацлаву Станкевічу так ахарактарызаваць сёньняшьнія слуханьні:

(Станкевіч: ) “Гэта ёсьць пазытыўны крок. Тэарэтычна пазытыўны крок”.

Я спытаўся ў прадстаўніка ПАРЭ, ці можна лічыць патрабаваньні да беларускіх уладаў увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і пасаду амбудзмэна новымі падыходамі Парлямэнцкай Асамблеі замест чатырох вядомых умоваў міжнароднага супольніцтва, ці гэта толькі разьвіцьцё чатырох умоваў. На гэта Вацлаў Станкевіч адказаў наступнае:

(Станкевіч: ) “Нічога новага ў гэтым няма. Але лягічна атрымліваецца як? Калі, напрыклад, Беларусь, мне хочацца верыць, будзе працаваць па гэтым праекце, будзе рабіць пазытыўныя крокі ў дэмакратызацыі сваёй краіны, лягічна ўзьнікае наступнае пытаньне. Напрыклад, будзе прыняты закон нейкі па гэтым праекце. Але Радзе Эўропы, каб быць упэўненай, што гэты закон працуе, трэба быць упэўненай, што парлямэнт, нашыя калегі — парлямэнтары зь Беларусі маюць магчымасьць кантраляваць гэты закон. Дык наступны крок павінен быць — пашырэньне правоў парлямэнту”.

Тут варта дадаць, што пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту і ёсьць адной з чатырох умоваў, што сфармулявалі міжнародныя структуры адносна Беларусі.
XS
SM
MD
LG