Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕСЦЫ ГІБЕЛІ МЕНЧУКОЎ У ПЕРАХОДЗЕ СТАНЦЫІ МЭТРО “НЯМІГА” АДКРЫТЫ МЭМАРЫЯЛЬНЫ ЗНАК


Галіна Абакунчык, Менск

Перад адкрыцьцём мэмарыяльнага знаку адбылося памінальнае набажэнства ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы, якое распачалося а 9-й ранку. Затым крыжовым ходам сьвятары й бацькі загінулых прыйшлі да месца трагедыі. У прысутнасьці моладзі — сяброў загінулых, мінакоў і нешматлікіх сталічных чыноўнікаў літургія завершылася на прыступках падземнага пераходу.

Мэмарыяльны знак зь цёмнага мармуру мае форму капліцы. На ўмацаванай у нішы дошцы — праваслаўны крыж і расейскамоўны тэкст з датай і напамінкам аб трагедыі. Затым пералічаныя імёны ахвяраў і ўрывак Эвангельля ад Яна. Помнік усталяваны побач з прыступкамі, на якіх ляжаць зламаныя бронзавыя кветкі й замацаваны на сьцяне надпіс пра “53 рубцы на сэрцы Беларусі”.

Гэта кампрамісны варыянт мэмарыялу, пра які з уладамі дамовіліся сваякі загінулых. Тры гады бацькі дзяцей даводзяць чыноўнікам, што на гэтым месцы мусіць быць узьведзеная капліца, але й па сёньня ім адмаўляюць з розных прычынаў. Праект капліцы даўно распрацаваны, і сваякі ахвяраў не пакідаюць надзеі ўвасобіць яго ў мэмарыял. Гаворыць бацька загінулай дзяўчыны Міхаіл Інькоў:

(Інькоў: ) “Мы ў 1999-м годзе хацелі, каб тут былі не “53 рубцы на сэрцы Беларусі”, а каб былі пералічаныя ўсе прозьвішчы. На жаль, тады не дамовіліся. А гэты мэмарыяльны знак — як бы працяг сьвецкага помніку, ягоная рэлігійная частка. Калі дамовімся, што тут будзе капліца, то там будзе алтар са сьвятымі кожнага дзіцяці. Там будзе свая дошка, а гэтая няхай застаецца тут. Цяпер усё залежыць ад вышэйшых уладаў. Таму, што горад усё, што мог сказаць і зрабіць — зрабіў і дапамог. Да гораду ў нас прэтэнзіяў няма”.

Дарэчы, на сустрэчу з бацькамі не прыйшоў ніводзін чыноўнік ні вышэйшых, ні сталічных уладаў, таму жалобная імпрэза была нядоўгай. Пасьля адкрыцьця, кароткіх прамоваў і асьвячэньня сваякі загінулых усклалі да мэмарыяльнага знаку кветкі, а затым свае крыўды выказалі журналістам: бальшыня з пацярпелых перакананыя, што іх родныя загінулі з прычыны абыякавасьці й непрафэсіяналізму ўладаў. І хоць крымінальная справа паводле няміскай трагедыі спыненая, яны маюць намер зьвяртацца ў суд з грамадзянскімі пазовамі.

Гаворыць старшыня ініцыятывы Цэнтар сацыяльнай абароны “Няміга-99” і маці загінулай Алеўтыны Натальля Навакоўская:

(Навакоўская: ) “Няхай на тры хвіліны, але былі зачыненыя дзьверы, і гэтага хапіла, каб натоўп спыніўся і ня рухаўся. А далей пачалася цісканіна. Я думаю, што доля праўды ў гэтым ёсьць. У нас ёсьць варыянты — зьвяртацца ў Вярхоўны, міжнародны суд, бо ня можна гэтага так пакідаць. Нам ад гэтага лягчэй ня стане. Але каб загінула гэтулькі людзей і не былі пакараныя ні арганізатары, ні той, хто ахоўваў парадак — гэта, я лічу, здрада моладзі, якая жыве. І ня толькі моладзі”.

Заўтра сябры Цэнтру сацыяльнай абароны зьбяруцца, каб абмеркаваць плян дзеяньняў. А ўжо 11 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы адбудзецца першае судовае паседжаньне паводле грамадзянскай позвы сям’і Іньковых, Навакоўскіх ды Янцовых аб кампэнсацыі маральных стратаў. Паводле Натальлі Навакоўскай, з аналягічнай позвай у суд думаюць зьвярнуцца яшчэ дзесяць сем’яў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG