Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ РАСЕЯЙ І ПОЛЬШЧАЙ ЗНАХОДЗІЦЦА “ЭЎРАПЕЙСКАЯ КУБА”


Алена Панкратава, Менск

Ці варта ехаць у гэты забыты Богам край, забруджаны ў выніку Чарнобыльскай аварыі, туды, дзе турыстаў частуюць грыбамі й іншымі харчамі з радыёнуклідамі? Краіну, якой кіруе “апошні эўрапейскі дыктатар Лукашэнка”, дзе караюць удзельнікаў мірных дэманстрацыяў, дзе выкрадаюць апазыцыянэраў і палітыкаў? Бэрнскія прадпрымальнікі вырашылі ехаць.

Самалёт прызямляецца ў аэрапорце “Менск-2” дзесьці ў абедзенны час. На гэтым найбуйнейшым ў краіне лётнішчы прыкладна такая ж ажыўленасьць, што на правінцыйным вакзале ў бэрнскім навакольлі ў “мёртвы” сэзон. Да канца дня ў Смалявічах чакаюць яшчэ дзесьці самалётаў шэсьць. Аўтамагістраль, якая злучае аэрапорт з цэнтрам беларускай сталіцы, практычна пустая.

Цэнтар Менску ўражвае. Канечне, гэта не гістарычная Прага, не манумэнтальны Кіеў, не вясёлая і ажыўленая Варшава. Аднак вялікія менскія бульвары надаюць гораду свой асаблівы твар. Тут чысьцей, чым у Швайцарыі, — зьдзіўляюцца бэрнцы. Па менскіх вуліцах рухаюцца пераважна старыя вугорскія і новыя, айчыннай вытворчасьці, аўтобусы.

Чыгуначны вакзал, Палац рэспублікі, лядовы палац — гэта ўсё пабудавана для менчукоў на загад прэзыдэнта, — з гонарам кажа экскурсавод. Тут жа ў цэнтры шмат старых савецкіх манумэнтаў. Але для бэрнскіх прадпрымальнікаў гэта не адыгрывае ніякай ролі. Галоўнае, што іх насамрэч хвалюе — рынкі. Адзін з бізнэсоўцаў зандуе пытаньне выкарыстаньня беларусамі экалягічных тэхналёгіяў, другі цікавіцца будаўнічымі матэрыяламі. Некаторыя ўжо пачынаюць разумець, што ніякіх гешэфтаў тут не атрымаецца — рэжым для замежных інвэстыцыяў зусім неспрыяльны.

Гандлёвыя стасункі паміж Бэрнам і Менскам больш чым не разьвітыя, — піша “Der Landbote”. Нават з такімі ўсходнеэўрапейскімі краінамі як Польшча, Чэхія і Вугоршычна швайцарскі зьнешнегандлёвы абарот складае ўсяго 2%. Што да Беларусі, то асноўныя адсоткавыя лічбы ў ім пачынаюцца пасьля коскі. У Швайцарыю пастаўляюцца пераважна плястмасы, са Швайцарыі — машыны і хімічныя прадукты. З краінай, дзе не праводзіцца ніякіх эканамічных рэформаў і дзе дзейнічае выключна камуністычная бюракратыя, лепш не рызыкаваць у гандлёвых стасунках.

Нават нягледзячы на тое, што бэрнскіх прадпрымальнікаў у Менску суправаджае прафэсійны перакладчык, ствараецца ўражаньне, што гаспадары і госьці гавораць выключна кожны на сваёй мове: па-беларуску і на бэрнскім дыялекце.

Так, швайцары просяць паказаць ім маленькія фірмы з замежным капіталам, менчукі ж вядуць іх на вялікія дзяржаўныя гэтак званыя ўзорныя прадпрыемствы. Туды, дзе занятыя не дзясяткі, а дзясяткі тысяч працаўнікоў, дзе на стале ў сакратаркі дырэктара знаходзяцца адначасова дзевяць тэлефонных апаратаў.

Хтосьці са швайцарцаў узгадвае выпадак, калі адзін іхны суайчыньнік пакінуў у Беларусі 100 тысяч даляраў — бізнэсовец хацеў адчыніць у Менску зубную клініку, аднак пры гэтым меў беларускага бугальтара. Хтосьці жартуе: “Ці можна стаць у Беларусі мільянэрам? Так — калі перад гэтым ты быў мільярдэрам”.

Тым ня менш, у выніку прадпрымальнікі са Швайцарыі й Беларусі знаходзяць агульную мову. Бэрнцы нават задаволеныя: у Менск могуць пастаўляцца вымяральныя прылады, у Бэрн — трактары. “Рызыка невялікая, бо трактары не такія дарагія”, — гаворыць швайцарскі прадпрымальнік. У ягоных вачох — жывы інтарэс. Ён уяўляе сабе, як на ягоных палетках зьявяцца першыя чорна-чырвоныя экзатычныя беларускія машыны.
XS
SM
MD
LG