Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУПЮРА НЕВЯДОМАГА ДЫЗАЙНЭРА


Сяргей Харэўскі, Вільня

Упершыню грошы сваёй дзяржавы я пабачыў па вяртаньні з чарговай акадэмічнай сэсіі, зь Пецярбургу. Пра іх ужо гаварылі ў цягніку, пасажыры палемізавалі, да чаго гэта ўсё й як будзе далей. Але збольшага беларусы ўсё ж ганарыліся. Вось, маўляў і ў нас усё, як у людзей. Яшчэ ня бачыўшы купюраў, я ўжо ведаў, што на іх выяўленыя беларускія зьвяры, а з адваротнага боку наш герб “Пагоня”. І быў пэўны, што гэтыя грошы прыгожыя...

Насамрэч, разьліковыя білеты Нацыянальнага банку не расчаравалі. Жывёлы рахаманыя й жывёлы хцівыя, у клясычным графічным выкананьні, мірна суседзелі ў партманэтах і кішэнях ды цешылі вока сваёй свойскасьцю. Анахранічны, савецкі дызайн, з мноствам лініяў і арнамэнтаў і расьцяжак, дадаваў адчуваньне саліднасьці, сапраўднасьці гэтым банкнотам у вачох беларусаў. На наступны год я ўжо з гонарам паказваў беларускія грошы сваім аднакурсьнікам у Пецярбургу. А яны, у сваю чаргу, пакзвалі мне свае: з Украіны, Грузіі, Армэніі, Прыднястроўя, Абхазіі... Дызайн і паліграфія нашых банкнотаў выгодна вылучалася. Мае аднагрупнікі мастацтвазнаўцы адразу ж пыталіся, хто аўтар, адкуль у Беларусі такая якасьць? Тады я ня ведаў, і вось па прашэсьці 10 гадоў вырашыў дазнацца...

Першым я вырашыў патурбаваць Міколу Купаву, вядомага графіка, які браў удзел у распрацоўцы дзяржаўнае сымболікі Беларусі ў часы незалежнасьці. Хто мог бы быць аўтарам тых першых беларускіх грашовых знакаў?

(Мікола Купава: ) “Я скажу, што гэта нейкая таямніца. Ніхто да гэтае пары не даведаўся, хто гэтыя “зайцы” маляваў. Трэба папытацца ў дэпутатаў 12-га скліканьня: у Трусава, у Голубева. Можа, яны ведаюць, хто гэта маляваў... Дык вось, невядома... Ніхто ня ведаў, адкуль яны ўзяліся. Шушкевіч займаўся, можа ён ведае?”

На параду мастака Міколы Купавы, цяперашняга старшыні мастакоўскае суполкі “Пагоня”, я зьвярнуўся наўпрост да Станіслава Шушкевіча, які ў тым, 1992 годзе ачольваў парлямэнт Беларусі. Тыя першыя грошы ў народзе спачатку зьвязвалі менавіта зь ягоным прозьвішчам, перафразоўваючы расейскі вульгарызм “шуршики” на “шушыкі”. Я запытаў сп. Шушкевіча, хто з мастакоў, дызайнэраў быў стваральнікам першага ўзору першых беларускіх банкнотаў.

(Станіслаў Шушкевіч: )“Хто быў міністрам фінансаў тады?.. Я адчуваю пэўныя цяжкасьці адказаць на гэтае пытаньне. Я не цікавіўся, але людзі якія грошы... інфармацыя пра іх не распаўсюджваецца... І я ня вельмі цікавіўся, калі і хто гэта рабіў... А зацьвярджаць, зацьвярджалі. Ну калі недзе ёсьць інакш, то ў нас гэта па дзікаму.... Я ня ведаў і ня ведаю!”

Станіслаў Шушкевіч ня ведае прозьвішчы тых творцаў, чые эскізы ён зацьвярджаў. Але іх зацьвярджаў яшчэ адзін уплывовы чалавек, тадышні старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч... Хто аўтар дызайну разьліковых білетаў Нацыянальнага банку ўзору 1992 году? Адказвае Станіслаў Багданкевіч...

(Станіслаў Багданкевіч: ) “Шчыра кажучы, ня помню. Мой намесьнік займаўся гэтымі пытаньнямі. Ён асабіста езьдзіў у Нямеччыну з якімсьці мастаком. А Бог яго ведае, я ўжо забыў... Мы зрабілі эскізы, а потым у Маскве іх дапрацоўвалі. Давалі фатаздымкі. Так, гэта ўсё ў Маскве... Трэба высьвятляць у Нацыянальным банку, з больш радавымі работнікамі. Я зацьвярджаў усе гэтыя эскізы, але...”

Між тым, у сусьветнай практыцы аўтарства ўзораў нацыянальнае валюты – справа надзвычай пачэсная для мастакоў. І іхныя імёны вядомыя ўсяму сьвету. Напрыклад, першаўзор зялёнага амэрыканскага даляру стварыў расейскі мастак і тэосаф Мікалай Рэрых, насыціўшы яго масонскай сымболікай. А першыя папяровыя грошы Літоўскай рэспублікі стварыў наш мастак Мсьціслаў Дабужынскі. На швайцарскіх, галяндзкіх, нямецкіх грошах найноўшага часу, пагатоў на навюткіх эўра, стаяць прозьвішчы аўтараў і дызайнэрскіх фірмаў, якія стваралі іх. Між тым, дызайн беларускіх грошай, да якіх прыляпілася пяшчотная мянушка "зайчык", вельмі адметны. Як ацэньваюць гэты дызайн адмыслоўцы? Гаворыць мастацтвазнаўца Міхал Баразна...

(Міхал Баразна: ) "Яны засталіся як сымбаль, як знак, калі казаць пра эстэтычныя якасьці. Назваць сучасным іх дызайн вельмі праблематычна. Таму што ўжо на той час у спэцыялізаваных выданьнях па дызайне друкаваліся ўзоры – італьянскія ліры, папяровыя. Гэто ўжо былі перадвесьнікі купюраў, што сёньня называюцца эўра. Што там намаляваныя жывёлы, а не трактарысты, – усё адно адчуваецца савецкая плястыка, савецкія прынцыпы аздабленьня, архітэктурны ампір. Канешна лепш, чым у суседзяў, але ня вельмі йстотна".

Разам з тым Міхал Баразна зазначыў таксама, што сам акадэмічны стыль грошай і характар анімалістычных выяваў на іх сьведчыць, што іхныя стваральнікі мелі шматгадовы досьвед у гэтай справе. І як на ягоную думку, такіх дызайнэраў у Беларусі, бадай, няма. Сваю ацэнку дызайна "зайчыкаў" дае старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў, Зьміцер Сурскі...

(Зьміцер Сурскі: ) "Ну ведаеце, ён некалькі наіўны. І ён адрозьніваецца вельмі моцна ад таго, што ўжо рабілася на Захадзе. Бо там выкарыстоўваюцца нейкія сучасныя моманты й ужо няма такіх "кандыбовэраў" і "наваротаў", якія былі раней на каштоўных паперах. Але грошы такія... Грошы як грошы. Прарыву там не было канешне..."

(Харэўскі: ) “Спадар Сурскі, можа вы й ведаеце, хто аўтар тых банкнотаў?”

(Сурскі: ) “Такі ёсьць мастак Хацяноўскі Канстанцін. Гэта пэўна, так”.

Мае доўгія роспыты далі свой плён. Першыя ўзоры беларускіх грошай стварыў Канстанцін Хацяноўскі, у суааўтарстве зь Сяргеем Альвінскім.

Канстанцін Хацяноўскі нарадзіўся ў Ленінградзе, 17 гадоў жыў і вучыўся ў Вільні, а па сканчэньні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту застаўся ў Менску, дзе жыве й працуе да сёньня. Я запытаўся ў спадара Хацяноўскага, ці праўда, што ён і ёсьць тым самым першастваральнікам славутых “зайчыкаў”...

(Хацяноўскі: ) “Во як!... Была справа. Тэхнічна, канешна, было вельмі сьмешна. Было вельмі шмат ручное працы. Справа ў тым, што калі мы зрабілі гэтыя пробныя адбіткі, то пасьля іх недзе друкавалі ў Расеі. І там яны крыху перараблялі паводле сваіх тэхналёгіяў. А я распрацоўваў толькі дызайн”.

(Харэўскі: ) “Спадар Хацяноўскі, вельмі многія мастакі й мастацтвазнаўцы дасёньня сумняюцца ў тым, што ў Беларусі ёсьць анімалісты гэткага ўзроўню, якія бы здолелі зрабіць тыя выявы зьвяроў на грашах. Выказваюць часам меркаваньне, што гэтыя грошы рабіў нехта ў Маскве. Ці ўсё ж адмыслоўцаў графікаў нам не бракуе?”

(Хацяноўскі: ) “Слушна, так. У Беларусі ёсьць вельмі добрыя мастакі. Вось адзін з нашых мастакоў атрымаў у Братыславе цяпер “Залаты яблык”. Бярэцца кіпа фатаграфіяў розных і пёркам гэта раз-раз усё гэта робіцца”.

(Харэўскі: ) “Я ведаю як вырабляліся банкноты Казахстану. Іхныя ўзоры стваралі таксама два славутых дызайнэры, Кайрула Габжалелаў і Тымур Сулейменаў. Яны наведвалі розныя фірмы й манэтныя двары Заходняе Эўропы й Японіі, пакуль не абралі адну брытанскую фірму. Пасьля яны аб’ехалі ўсю сваю краіну ў пошуках сюжэтаў. Супольную працу над дызайнам банкнотаў яны ўжо працягвалі ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў гарах. А давяршалі ў лёнданскай друкарні. Спадар Хацяноўскі, а як працавалі вы?”

(Хацяноўскі: ) “Мы рабілі пробныя адбіткі на картаграфічнай фабрыцы. Там яшчэ куча бабулек, мантажыстаў... Усе гэтыя літаркі рукамі клеіліся. Тады ж кампутараў асабліва не было. А потым ужо ўсе гэтыя эскізы перадалі кудысьці ў Расею. І яны там гэтыя расьцяжкі, гэтую лухту самі там выраблялі”.

Паводле словаў Канстанціна Хацяноўскага, узоры першых беларускіх грошай ствараліся літаральна ўручную, пры дапамозе тушы, алоўкаў і клею. На гэтых рукатворных банкнотах паўсталі выявы розных сымпатычных зьвяроў, нашых суайчыньнікаў. Банкнота з наміналам у адзін рубель, ўпоперак якое порстка скоча заяц, дала нефармальны назоў беларускай валюце. Беларускія рублі мянуюцца па завядзёнцы “зайчыкамі”, хоць ані зайцоў, ані іншых жывёлаў на іх даўно няма. Зьела інфляцыя. Разам зь імі прыбралі зь беларускіх грошай і “Пагоню”. Але адкуль узьнікла ідэя выявіць менавіта прадстаўнікоў айчыннае фаўны?

(Хацяноўскі: ) “Гэта была такая кантора ў Дзяржзнак Беларусі. А сама ідэя зьвяроў была ад літоўскіх грошыкаў. Памятаеце, былі такія тады... І вось узоры тыя прывозіліся, глядзеліся. Давай, маўляў, і мы зробім што-небудзь кшталту гэтага. Гэта недзе ў Саўміне разглядалася на паседжаньнях. Яны доўга мяняліся. Спачатку “зубар” быў 200 рублёў. Пасьля была ідэя спачатку іх талерамі назваць... У Дзяржзнаку гаварылася спачатку што “заяц” быў тры рублі, дробязь – краты, яшчэ нехта... І як нам далі сьпіс: рубель гэта “заяц”, гэта – гэта, дык мы так і малявалі”.

Выяўляць жывую прыроду на грашовых знаках прынята ў шмат якіх краінах сьвету – ад Каралеўства Нэпал да Новай Зэляндыі. Але ў адных выпадках гэта тлумачыцца рэлігійнымі меркаваньнямі, а ў іншых маладосьцю краінаў, традыцыі якіх яшчэ не набрынялі пэрсаніфікаванай гісторыяй. Адсутнасьць партрэтаў дзеячоў культуры ці ваяроў на беларускіх грошах перарасло ў сумнеўную традыцыю. Выявы архітэктуры часоў сталіншчыны й невядомыя лыжнік з балерынаю на вадзяных знаках – вось вобраз Беларусі, які фармуюць цяперашнія грошы. Анэмічны й малацікавы. Першыя сюжэты на першых беларускіх банкнотах былі куды жывейшымі ў літаральным і пераносным сэнсах.

Цяпер Канстанцін Хацяноўскі – дырэктар выдавецтва “Кавалер паблішэрз”, ягоны калега й суаўтар Сяргей Альвінскі таксама мае сваё рэклямна-выдавецкае агенцтва. Але іхныя імёны, імёны аўтараў дызайну беларускага “зайчыка”, не раўнуючы нібы дзяржаўная таямніца, старанна замоўчваюцца. Я запытаўся ў спадара Хацяноўскага на разьвітаньне, чаму ён сам не даводзіць сваё аўтарства, не гаворыць пра гэта... Хіба гэта не падстава для мастакоўскага гонару?

(Хацяноўскі: ) “Ну а дзе, дзе пра гэта гаварыць? Ведаеце, наагул, цяпер усё спакойна. Ну ў прынцыпе такое, відаць, толькі раз у жыцьці здараецца, праўда?”

Сьціпласьць робіць гонар любому чалавеку, мастакам у тым ліку. Але ці робіць гонар нацыі няўважнасьць да іхнае творчасьці? Балазе, дзеля таго, каб ацаніць мастацкія вартасьці сваіх жа грошай у музэі хадзіць няма патрэбы.

А вось некаторыя зь беларускіх мастакоў вельмі жвава адгукнуліся на самы малады ў нашым мастацтве жанр. Свае грошы вырабіў Артур Клінаў, за якія ў 1996 можна было набыць на ягонай выставе гарэлкі ці цукеркі. За ім Цімох Ізотаў перашаржаваў тыя самыя анімалістычныя грошы, намаляваўшы алейнымі фарбамі іхныя выявы на 17 палотнах. Праўда, у Ізотава замест буйных прыгожых зьвяроў былі намаляваныя інсэкты ды іхныя лічынкі, што паводле канцэпцыі больш адпавядала стану інфляцыі ў краіне. А беларуская мастачка Алена Кітаева прапанавала нават свой праект грошай для Расеі ў маскоўскай “Галерэі Гэльмана” і мела з таго посьпех...

Сыходзяць у нябыт нацыянальныя валюты Эўропы, прыгожыя й любімыя, звычныя й трывалыя. Бадай, надыйдзе й той час, калі зьнікне беларускі рубель. Але памяць пра ўжо амаль фальклёрнага “зайчыка”, які стаў адным з найбольш відавочных сымбалеў незалежнасьці Беларусі, яшчэ будзе трываць доўга. Калі Беларусь будзе ведаць і помніць ягоных стваральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG