Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ ХВОРЫХ НА ДЫЗЭНТЭРЫЮ ШТОДНЯ МЕНШАЕ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Паводле інфармацыі старшыні Салігорскага гарвыканкаму Ганны Лаўрукевіч, усплёск дызэнтэрыі ў горадзе затухае. Сёньня раніцай колькасьць выпісаных са шпіталю з дыягназам "дызэнтэрыя Зоны" склала 133 чалавекі, а шпіталізавана 15 салігорцаў. Як вынік, сьцьвярджае Ганна Лаўрукевіч, колькасьць ейных землякоў, якім патрэбная мэдычная кансультацыя або дапамога ў ліквідацыі інфэкцыі, складае 398 чалавек.

Ганна Лаўрукевіч адрэагавала на навіну пра тое, што Менская абласная пракуратура па факце эпідэміі распачала крымінальную справу. Яна мяркуе, што за стварэньне ў Салігорску эпіцэнтру дызэнтэрыі павінны адказаць найперш работнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы малочнага заводу. Яны, мяркуе спадарыня Лаўрукевіч, "праспалі пошасьць і пашкодзілі ня толькі здароўю салігорцаў, але й нанесьлі вялізныя эканамічныя страты свайму прадпрыемству".

І тут, заўважыла Ганна Лаўрукевіч, ня трэба рабіць крайнімі кіраўнікоў гарадзкога мэдычнага аб'яднаньня, як хочуць некаторыя ў Міністэрстве аховы здароўя.

Паводле інфармацыі загадчыцы эпідэміялягічнага аддзелу Любаньскага цэнтру эпідэміялёгіі й гігіены Ірыны Казазаевай, сёньня раніцай колькасьць хворых на дызэнтэрыю ў Любані вырасла на два чалавекі й дасягнула 10-ці — дзевяць шпіталізаваныя, а адзін хворы лечыцца амбуляторна. У Любані зьнялі з продажу 600 глязураваных сыркоў Салігорскага малаказаводу.

Паводле інфармацыі старшыні раённага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту Рыгора Бандуркі, падчас эпідэміялягічных праверак і прадукцыі тутэйшага сыраробчага ды іншых заводаў, прадпрыемствы спынялі працу. Дарэчы, Любаньскі малочны завод дагэтуль стаіць.

Паводле зьвестак інфармацыйнага аддзелуМенскага аблвыканкаму, у Слуцку сёньня раніцай было восем хворых на дызэнтэрыю. Цяпер эпідэміёлягі правяраюць сыраробчы завод.

Як заявіла лідэрка слуцкага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту Ірына Гуткоўская, гарадзкія ўлады хаваюць праўду пра эпідэміялягічную сытуацыю, не распаўсюджваюць прафіляктычныя памяткі для насельніцтва. Мясцовая афіцыйная прэса не друкуе адмысловых матэрыялаў на гэтую тэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG