Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШПІТАЛІ І ПАЛІКЛІНІКІ РАЗРЫВАЮЦЬ ДАМОВЫ АРЭНДЫ З КАМЭРЦЫЙНЫМІ СТРУКТУРАМІ


Міхал Стэльмак, Менск

Кампанія супраць камэрцыйных структураў распачалася пасьля таго, як пры канцы красавіка Аляксандар Лукашэнка звольніў міністра аховы здароўя Ўладзіслава Астапенку, абвінаваціўшы яго ў спрыяньні камэрсантам. Тады ж публічна прагучаў загад “ачысьціць” ад гэтых структураў дзяржаўныя мэдычныя установы да 1 чэрвеня. Ці выконвае Міністэрства аховы здароўя гэты загад? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка аддзелу гаспадарча-разьліковых адносінаў Пятра Ціханчука.

(Ціханчук: ) “Да першага напісана, да першага могуць быць яшчэ і ўнесеныя нейкія зьмены”.

Паводле ягоных словаў, Міністэрства аховы здароўя пакуль што не выдавала пісьмовых распараджэньняў наконт змаганьня з камэрцыйнымі структурамі. Між тым, у Менску, напрыклад, гэтае змаганьне ў разгары. Вось што паведаміў нашаму радыё кіраўнік юрыдычнай службы Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) “У саюз зьвярталіся суб’екты гаспадараньня са скаргамі. Яны атрымалі лісты з папярэджаньнем да 1 чэрвеня вызваліць памяшканьні. Але мы параілі людзям зьвярнуцца да гаспадарчага суду па абарону сваіх правоў”.

Паводле спадара Стрэльчыка, 7 траўня Менскі гарвыканкам прыняў адмысловае рашэньне “Аб скасаваньні дамоваў арэнды”. Яно абавязвае кіраўнікоў сталічных шпіталяў да 1 чэрвеня скасаваць дамовы арэнды з камэрцыйнымі структурамі.

Адзін з шапікаў фірмы “Ірына”, якая займаецца аптэчным бізнэсам, месьціцца ў будынку гарадзкой паліклінікі №11. Людміла Каранеўская, якая гандлюе тут лекамі, у роспачы:

(Каранеўская: ) “Столькі ўкладзена сродкаў. У нашага шапіка і выгляд добры. І лядоўня ёсьць, дзе лекі захоўваюцца. І ўсе гандляры ў белых халатах. З боку санстанцыі — ніякіх заўвагаў. У нас вельмі шмат лекаў, якія можна прапанаваць людзям. У нас ёсьць кніга пажаданьняў, дзе людзі пішуць свае водгукі ўдзячнасьці”.

Паводле зьвестак гаспадыні фірмы Ірыны Кенгерлі, недзяржаўныя арандатары памяшканьняў у паліклініках і шпіталях Менску прыносілі сталічнаму бюджэту каля паўмільёна даляраў штогод. У будынку менскай дзіцячай паліклінікі №4 некалькі гадоў месьцілася фірма “Ланцкансалт”. Кіраўніца паліклінікі Сьвятлана Асіпёнак таксама расчараваная рашэньнем Менгарвыканкаму:

(Асіпёнак: ) “Мы мелі грошы. Вы ж самі разумееце, што яны нам плацілі за арэнду. Вось вам і фінансавая дапамога”.

Цяпер “Ланцкансалт” зьяжджае. Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік фірмы Андрэй Майчаны, ім удалося знайсьці новы офіс у будынку, які не належыць да мэдычных установаў. Між тым, у Саюзе прадпрымальнікаў, як паведаміў Сяргей Стрэльчык, рашэньне Менгарвыканкаму лічаць незаконным:

(Стрэльчык: ) “Я лічу, што гэтае рашэньне не адпавядае нашаму заканадаўству. Бо падставы для скасаваньня арэнды паводле ініцыятывы арэндадаўцы выкладзеныя ў законе. У прыватнасьці, у Грамадзянскім кодэксе. І тут нічога не сказана наконт таго, што органы мясцовай улады, якім ёсьць Менгарвыканкам, і ў прыватнасьці ўпраўленьне аховы здароўя, што вось яго рашэньні могуць зьяўляцца падставай для скасаваньня дамовы арэнды. Дамова арэнды паводле ініцыятывы арэндадаўцы скасоўваецца толькі пасьля пісьмовага папярэджаньня арандатара. Калі ёсьць якія-небудзь прэтэнзіі да яго, трэба, каб было пісьмовае папярэджаньне, чаго не было”.

Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што такое стаўленьне да прадстаўнікоў мэдычнага бізнэсу цалкам адпавядае цяперашняй агульнадзяржаўнай палітыцы ўладаў у сфэры недзяржаўнай эканомікі:

(Патупа: ) “Гэта чарговы наступ на прадпрымальніцтва, які будзе весьці да страты працоўных месцаў у прыватным сэктары. Гэта відавочна. Гэта антыпрадпрымальніцкі крок. Няма ніякай лёгікі, акрамя агульнага наступу на ўсе кропкі рынкавай эканомікі ў гэтай краіне”.
XS
SM
MD
LG