Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА Ў ЧАРНІГАВЕ ЗАЯВІЎ, ШТО ЎКРАІНА МАЕ ПРАВА САМА ВЫРАШАЦЬ ПЫТАНЬНЕ СВАЙГО СЯБРОЎСТВА Ў NATO, А БЕЛАРУСЬ ТАКСАМА МАЕ З NATO ДЫЯЛЁГ


Юры Сьвірко, Менск

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Чарнігаве ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма паведаміў, што абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам апошнюю заяву Ўкраіны пра намер пачаць працэс інтэграцыі ў NATO. Сам спадар Лукашэнка, які раней называў NATO монстрам, сёньня быў значна больш дружалюбным да Паўночна-Атлянтычнага Альянсу.

(Лукашэнка: ) “Пасьля ўступу Расеі ў NATO — ну, можа нельга назваць гэта ўступам Расеі ў NATO — пасьля ўсталяваньня адпаведных стасункаў Расея– NATO баюся, што складзецца іншая сыстэма ўзаемаадносінаў, асабліва на постсавецкай прасторы. Украінскі бок, наколькі я ведаю, ніякіх заявак у NATO не падаваў, але зрабіў прынцыповую заяву пра кірункі супрацоўніцтва з Паўночна-Атлянтычным Альянсам. Гэта ейнае найсувэрэньнейшае права — ніхто ня мае права дыктаваць Украіне, якім чынам ёй будаваць міжнародныя дачыненьні зь любымі атлянтычнымі, эўраатлянтычнымі, усясьветнымі дзяржавамі й арганізацыямі. Гэта ейнае сувэрэннае права, і ніхто адабраць гэтага права ня можа. І мы, як бы ні ставілісія да гэтага, вымушаныя будзем... маглі б лічыцца з гэтым”.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што беларускія ўлады ўважліва вывучаюць гэты ход Украіны — “дзеля таго, каб зрабіць адпаведныя высновы, а можа быць, і адпаведныя рухі з боку Беларусі”. Што гэта будуць за рухі й высновы, спадар Лукашэнка не патлумачыў.

Падчас сустрэчы зь Леанідам Кучмам яны закранулі й вынікі рымскага саміту Расея–NATO. “Пажывем — пабачым”, — такім быў Лукашэнкаў камэнтар наконт стварэньня “дваццаткі” (19 сяброў NATO плюс Расея). Аднак беларускі кіраўнік заявіў журналістам у Чарнігаве: “Ня думайце, што Беларусь увогуле ня вядзе ніякага дыялёгу з NATO”. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што такі дыялёг адбываецца, і ўжо сёлета ўвосень ці ўзімку чакаюцца супольныя мерапрыемствы Беларусі й NATO, зьвязаныя з чарнобыльскімі праблемамі.

Пра гэтыя мерапрыемствы Радыё Свабода распавядала яшчэ 11 сакавіка — сёлета пачала дзейнічаць індывідуальная праграма партнэрства Беларусі й NATO на 2002–2003 гады. Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ на пачатку вясны назвала асабліва значным тое, што ўпершыню ў гэтай праграме закладзенае правядзеньне мерапрыемстваў на тэрыторыі Беларусі — у прыватнасьці, па лініі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і Нацыянальнай Акадэміі навук.

У NATOўскім кантэксьце трэба разглядаць і галоўную тэму сёньняшніх перамоваў Аляксандра Лукашэнкі зь Леанідам Кучмам. Нагадаю, што яшчэ 5 траўня 1998 году спадар Лукашэнка публічна заявіў: пакуль Украіна не ліквідуе запазычанасьць перад Беларусьсю, датуль ня будзе ратыфікаваная беларуска-ўкраінская дамова пра дзяржаўную мяжу.

І вось больш за чатыры гады ў палату прадстаўнікоў не дасылаецца гэтая дамова. Лукашэнкава прэс-сакратарка Натальля Пяткевіч наноў пацьвердзіла, што неўрэгуляванасьць пытаньня пра запазычанасьць ёсьць перашкодай для ратыфікацыі дамовы. А гэта значыць, што Ўкраіна ня зможа ўступіць у NATO, пакуль праблема зь мяжой ня будзе разьвязаная. Суму даўгоў, якія зьявіліся яшчэ 10 гадоў таму, Кіеў і Менск акрэсьліваюць па-рознаму. Аляксандар Лукашэнка раней казаў пра 200 зь лішнім мільёнаў даляраў, украінскі ўрад гатовы выплаціць толькі 50 мільёнаў.

Паводле спадарыні Пяткевіч, лідэры Беларусі й Украіны даручылі ўрадам да 15 чэрвеня падпісаць міжурадавае пагадненьне наконт урэгуляваньня даўгоў. Аляксандар Лукашэнка, як цьмяна сказала ягоная прэсавая сакратарка, сёньня ў часе перамоваў “засумняваўся ў мэтазгоднасьці аднаўленьня абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з удакладненьнем сумы запазычанасьці”. Таму якую суму будзе выплачваць Менску Кіеў, дагэтуль не зразумела.

Пакуль жа спадар Лукашэнка атрымаў ад украінцаў толькі тры мэдалі: адзін ад былых калегаў паводле прафэсіі — “10 гадоў памежным войскам Украіны” і яшчэ два ад цяперашніх паплечнікаў з праваслаўнай канфэсіі: “100 гадоў адкрыцьця мошчаў Сьвяціцеля Фэадосія” ды “Спаса-Прэабражэнскі сабор у Чарнігаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG