Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗМАГАЮЦЦА З ПРЫВАТНЫМІ ЛЕКАРАМІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Гарадзкое ўпраўленьне аховы здароўя ўжо скасавала дамову на арэнду памяшканьня ў паліклініцы №12 з псыхатэрапэўтам Іванам Сквірам. У паліклініцы №1 пазбавілі пакою плястычнага хірурга Чэслава Кушалевіча. Яшчэ аднаму хірургу, спадару Міхасёву, забаранілі прыватны амбуляторны прыём у 3-м гарадзкім клінічным шпіталі. Разарвалі дамову на арэнду памяшканьня ў Сьветлагорску з псыхатэрапэўтам спадарыняй Касьянавай.

Як патлумачылі ў рэгіянальным упраўленьні аховы здароўя, зроблена гэта дзеля таго, каб прыватнікі не карысталіся дзяржаўным мэдычным абсталяваньнем, тымі ж апэрацыйнымі, і каб наогул не перашкаджалі мэдычным установам самім зарабляць грошы, даючы паслугі насельніцтву. Лекара-прыватніка разглядаюць як непажаданага канкурэнта, нават калі плаціць ён, як напрыклад, Іван Сквіра, больш за мільён рублёў арэнды на год.

Адначасова гомельскае мэдычнае ўпраўленьне зьвярнулася празь Міністэрства аховы здароўя ва ўрад краіны, каб той дазволіў працягваць арэнду з прадпрымальнікамі, якія абслугоўваюць мэдычнае абсталяваньне і не займаюцца лекаваньнем, альбо нават арандуюць падвальныя памяшканьні для фотамайстэрняў. Гэтаму ёсьць тлумачэньне.

Здача памяшканьняў у арэнду прыносіла мэдыцыне, якая зараз фінансуецца зь бюджэту не болей як на 70%, неблагі прыбытак. Прынамсі, за першы квартал гэтага году ад арэнды памяшканьняў прыватнікамі мэдычнаму ўпраўленьню паступіла 8,7 мільёна рублёў.

Распавядае начальніца плянава-эканамічнага аддзелу абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Тамара Паўлюк:

(Паўлюк: ) “Так атрымліваецца, што адзін пункт пастановы патрабуе павялічваць даходы ад пазабюджэтнай дзейнасьці, а другі — наадварот, забараняе. А здача ў арэнду вольных памяшканьняў — гэта наша пазабюджэтная дзейнасьць”.

Спадарыня Паўлюк паведаміла, што пастанова Савету Міністраў абавязвае разабрацца з усімі прыватнымі лекарамі да 1 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG