Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСПЛЁСК ДЫЗЭНТЭРЫІ НА МЕНШЧЫНЕ ПАЙШОЎ НА СПАД


Галіна Абакунчык, Менск

Прадукцыяй Салігорскага малаказаводу атруціліся 573 асобы — гэта афіцыйна зарэгістраваная лічба на сёньняшні дзень. Аднак адмыслоўцы перакананыя, што пацярпелых значна больш, бо лёгкую форму разладу страваваньня людзі лічаць за лепшае лекаваць дома.

Пік захворваньняў мінуў, і з 27 траўня нават пачалася выпіска хворых са шпіталяў. Аднак лекары перасьцерагаюць, што сьледам за ўсплёскам ідзе “эпідэміялягічны хвост”. Гаворыць галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Анатоль Кажамякін:

(Кажамякін: ) “Ёсьць надзея, што колькасьць хворых будзе зьмяншацца. Але ў такіх выпадках ёсьць “эпідэміялягічны хвост”, калі зьяўляюцца новыя выпадкі хваробы ад кантактаў з інфікаванымі. Найперш неабходна трымацца элемэнтарных правілаў асабістай гігіены: неабходна мыць рукі пасьля прыбіральні, сачыць, каб бруд не трапляў на харчы, каб яны захоўваліся ў лядоўні. Гэта вядомыя ўсім правілы, я бы сказаў: правілы культурнага чалавека.

Што да харчоў, якія выклікалі дызэнтэрыю, дык іх забралі з крамаў, школьных буфэтаў, дзіцячых садкоў. І ў крамы яны не паступаюць, хоць гэта і было ў першыя дні, пакуль ня стала вядомая прычына захворваньняў. Да прыкладу, прадукцыю заводу завозілі ў іншыя раёны Менскай, Гомельскай вобласьці, у Менск. На шчасьце, акрамя Сьветлагорску, дзе шпіталізаваныя больш як 30 чалавек і акрамя Любані, дзе шпіталізаваныя сем чалавек з дызэнтэрыяй, у іншых гарадах праявы хваробы не было”.

Дызэнтэрыя, як, прыкладам, і грып, мае некалькі асаблівасьцяў. Гэтым разам Меншчыну апанавала дызэнтэрыя Зона — ня самая цяжкая форма хваробы. І ўсё ж наступствы могуць быць самымі небясьпечнымі, таму лекар заклікае грамадзянаў у месцах масавых захворваньняў быць асабліва пільнымі. Гаворыць Анатоль Кажамякін:

(Кажамякін: ) “У цяжкіх выпадках дызэнтэрыя можа стаць прычынай сьмерці: у людзей аслабленых, малых дзяцей, хворых людзей. Гэта даволі небясьпечная хвароба. На шчасьце, у гэтай эпідэміі ня надта агрэсіўны быў мікроб — я бы так сказаў. Цяжкіх выпадкаў захворваньня зарэгістравана толькі два, у 207 чалавек лёгкая ступень захворваньня і ў 364 — сярэдняя цяжкасьць”.

Паводле словаў спадара Кажамякіна, эпідэміёлягі сёньня ня могуць гарантаваць, што падобны выбух інфэкцыйных захворваньняў у Беларусі выключаны, бо бясьпека грамадзянаў краіны залежыць ня толькі ад мэдыкаў. Працягвае Анатоль Кажамякін:

(Кажамякін: ) “Сказаць, што такое больш немагчыма, я не магу. Гэта залежыць і ад людзей, якія абавязаныя выконваць санітарныя нормы й правілы, гэта залежыць і ад справаў на самым заводзе, і ад тэхналёгіі. А вы ведаеце, што нашыя заводы ня самыя сучасныя. Таму гэтае пытаньне трэба ставіць ня толькі перад Міністэрствам аховы здароўя, але й перад тымі міністэрствамі й ведамствамі, якім гэтыя заводы належаць”.

А пакуль санітарныя службы Менскай вобласьці рыхтуюць судовы пазоў у зьвязку з матэрыяльнымі стратамі да працаўнікоў і кіраўніцтва Салігорскага малаказаводу. Пра кампэнсацыю маральных і фізычных пакутаў пацярпелым гаворка не ідзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG