Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У ПРЫЦЕМКАХ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АСЬВЕТЫ БАЧНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ДОСЬВІТКУ”


Валянціна Аксак, Менск

У Беларусі ў мінулым навучальным годзе было 1 мільён 441 тысяча школьнікаў. Зь іх па-беларуску вучылася ўсяго 401 тысяча дзяцей, што ад агульнае колькасьці складае 27,8%. У выпускных клясах гэтая лічба яшчэ меншая — 27,1%.

Беларускамоўныя выпускнікі сёлета — гэта пераважна вучні малакамплектных вясковых школаў, бо з 2773 беларускамоўных школаў краіны толькі 49 месьцяцца ў гарадах. У Менску, акрамя Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, сёлета беларускамоўныя выпускі робяць яшчэ чатыры сярэднія школы.

Нягледзячы на такую несуцяшальную статыстыку, прэзыдэнт Таварыства беларускай школы Алесь Лозка лічыць, што шпаркая дынаміка падзеньня беларускамоўнага навучаньня ў апошнія сем гадоў цяпер запавольваецца. Аптымізму надае яму прыняты нядаўна ў новай рэдакцыі Закон аб адукацыі й міністэрская Праграма падтрымкі беларускае мовы ў сыстэме адукацыі. Грамадзкія арганізацыі будуць патрабаваць выкананьня гэтых дакумэнтаў.

(Лозка: ) “Магчыма нават, Міністэрства адукацыі хацела неяк спусьціць гэтую справу на тармазах — праграму прыняць і пакласьці пад сукно. Але мы будзем патрабаваць, каб працавала гэтая праграма, каб працаваў Закон аб адукацыі...”

Адным з вынікаў гэтай працы спадар Лозка лічыць выдзяленьне Міністэрствам адукацыі 160 льготных пуцёвак найлепшым вучням беларускіх школаў у летнік “Зубраня”. Летнік, дарэчы, працуе круглы год, таму намаганьні ТБШ былі скіраваныя і на тое, каб ягоная расейскамоўная школа адчыніла беларускамоўныя паралельныя клясы. Што, урэшце, і зроблена.

Наагул прэзыдэнт ТБШ лічыць, што ў апошні час Міністэрства адукацыі больш канструктыўна працуе з прапановамі грамадзкіх арганізацыяў у справе пашырэньня беларускасьці ў школах.

(Лозка: ) “З аднаго боку, нешта нібыта і робіцца Міністэрствам адукацыі, але нейкіх вялікіх, значных посьпехаў міністэрства ў справе школьнай беларусізацыі спадзявацца не даводзіцца. Трэба будзе змагацца і надалей”.

Галоўнае, на што скіраваныя зараз высілкі актывістаў ТБШ — гэта павелічэньне набору першаклясьнікаў на навучаньне па-беларуску. У прамінулым навучальным годзе пачалі школьны шлях з роднаю моваю 27% першаклясьнікаў. У Менску гэтая лічба складала ўсяго 3,8%. Нагадаем, што сем гадоў таму гэтыя лічбы былі наступныя: па краіне — больш як 80% першаклясьнікаў, у сталіцы — 58%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG