Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛЬНАЯ ЛІНІЯ КАШКУРЭВІЧА


Сяргей Харэўскі, Вільня

Нашае мастацтва шукае сабе новых шляхоў. Сёньня, бадай, не знайсьці ў Беларусі мастака, які б працаваў гэтаксама, як і 10 гадоў таму. Адныя творцы займаюцца раскруткаю канкурэнцыйных брэндаў, другія сыходзяць у лясы-палі, трэція адяжджаюць у вольны сьвет. Незаўважная часам для беларускае публікі мастакоўская дзейнасьць не спыняецца. Яна пераходзіць у іншыя формы й якасьці. Скульптары заняліся жывапісам, графікі – фатаграфіяй, жывапісцы – пэрфомансамі. Адныя мастакі арыентуюцца на рынкавую сусьветную кан’юнктуру, іншыя – шукаюць сябе ў філязофскіх, рэлігійных, палітычных канцэпцыях.

Якія яшчэ ёсьць варыянты для беларускага мастацтва ў гэтым стагодзьдзі? Высьвятліць гэта я вырашыў у мастака й культуроляга Тодара Кашкурэвіча, які мае грунтоўную мастакоўскую адукацыю, багаты досьвед выкладаньня ў Акадэміі мастацтваў і ў Беларускім гуманітарным унівэрсытэце, але, перадусім, несупынна творыць сам, мадэлюе новую рэчаіснасьць. Якім будзе тое новае мастацтва, падваліны якога закладае Тодар Кашкурэвіч, гаворыць ён сам:

(Кашкурэвіч: ) “Безумоўна, гэтае мастацтва зьвязанае з сакральнай сфэраю. Гэтае мастацтва мусіць мець нейкія іншыя формы. Урэшце, гэта ня можа быць на палатне, нацягнутым на падрамнік. Гэта могуць быць нейкія акцыі візуальна-гукавыя, нейкія абрадавыя акцыі. Неўзабаве здолеем убачыць гэтыя прадукты”.

Апошнія 12 гадоў Тодар Кашкурэвіч рэканструюе мадэлі дахрысьціянскае культуры Беларусі, “Гіпэрбарэі”, як кажа ён. Разам з калегамі па Цэнтры этнакасмалёгіі “Крыўя” ён стварае новае бачаньне балта-крывіцкай архаікі, на падставе якое й паўстаюць новыя формы ягонага мастацтва. Гэткім чынам калі ня поўны набор усіх праяваў артыстычнае культуры, то прынамсі іхныя праекты ўжо йснуюць. Дзе іх можна пабачыць, ці спрычыніцца да іх?

(Кашкурэвіч: ) “Разумееш, у чым рэч, гэтыя акцыі адбываюцца. Тут стаіць праблема азьняшненьня, аванкаўленьня. Тут трэба прысутнічаць і гэта бачыць… Гэта мусяць быць акцыі, якія ўключалі б розныя сфэры: гуку, руху, выяўленчых рэчаў. Нейкія апэрацыі са стыхіямі – з вадой, агнём, зямлёй. Вельмі істотна тут апроч самой мастацкай мовы й месца. Абсурдна будзе ў нейкай мастацкай галерэі ў Менску ладзіць нешта такое. Безумоўна, тут мусяць быць пэўныя месцы, якія ёсьць у Беларусі, якія могуць лічыцца сакральнымі: гэта вытокі Вяльлі й Бярэзіны са Сьцёб-камянем, гэта комплекс Яновага возера, гэта Зьмяёў камень пад Лукомлем, дзе міт існуе дагэтуль, дзе Зьмей ходзіць у пінжаку, езьдзіць на матацыкле…”

Дыплёмнай працаю Тодара Кашкурэвіча ў мастацкай вучэльні імя Глебава была драўляная капліца, што паўстала ў вучэльніцкім парку. Што праўда, замест выяваў рэлігійных там былі фігуры музыкаў. Затым, па сканчэньні тэатральна-мастацкага інстытуту, ён маляваў вялізарныя палотны й харугвы з выявамі ўмоўна-рэтраспэктыўных пэрсанажаў, стылізаваных пад стары фрэскавы росьпіс...

(Кашкурэвіч: ) “У той час, той пэрыяд першы быў зьвязаны з ідэяй стварэньня пэўнай нішы ў тым асяродзьдзі – варожым, савецкім, дэкультурызаваным. І тыя працы грунтаваліся на традыцыях касьцельнага жывапісу, магчыма ўніяцкага. І гэта была спроба стварыць сабе культурную нішу. Гэта ўцёкі. Наступныя працы больш рытуалізаваныя й больш ваяўнічыя. У мастацкай сьвядомасьці цяпер паняцьце вайны займае вельмі вялікае месца. Хутчэй гэта будзе мастацтва ваеннае”.

Ад фігуратыўнага жывапісу, з алюзіямі на рэалістычныя традыцыі сярэднявечча, Тодар Кашкурэвіч падышоў да сэмантычнага, ці то “рытуалізаванага” мастацтва, выяўляючы знакі, сымбалі, дэталі арнамэнту... На ягоную думку, мастацкая эпоха, якая надыходзіць, будзе падкрэсьлена ваярскаю. Маўляў, у тым ёсьць гарантыя выжываньня самое культуры, што гіне, калі не змагаецца. А з кім яна мусіць змагацца?

(Тодар Кашкурэвіч:) “Хутчэй за што. Вайна адбываецца. Мы яе не заўважаем. Але асноўным знакам цяперашняе эпохі, цяперашняе цывілізацыі зьяўляецца вайна на зьнішчэньне тэхнічнай культураю культураў прыродных. На нашай памяці зьнікнуць апошнія носьбіты этнічнае псыхалёгіі, культуры й мысленьня.

Тое, што тычыцца тых працаў, пра якія я кажу, гэта будзе нейкая энэргія, мая энэргія, пэўным чынам акрэсьленая й праменяваная ў публічнасьць”.

Тодар Кашкурэвіч, са сваімі калегамі не цураюцца й Інтэрнэту, дзе адкрылі ўласны сайт. Там існуе іхная Гіпэрбарэя. Там ёсьць і графіка, і тэксты. Як спалучыць тады прынцыповае непрыманьне тэхнагеннае цывілізацыі з патрэбаю пашырэньня сваіх ідэяў і ўплываў?

(Кашкурэвіч: ) “Стаўленьне да кампутара адназначнае – гэта зло! Зло, якое давершыць вынішчэньне традыцыйных культураў як новы інструмэнт, як новая культурная ідэалёгія. А зь іншага боку – не ў лапцях жа нам хадзіць. І з майго пагляду, да кампутара трэба ставіцца, як да інструмэнту. А яшчэ лепей – як да раба”.

Дэкляруючы дахрысьціянскі “гіпэрбарэйскі” сьветагляд, шукаючы знакаў пратаэтнічных, творца непазьбежна сутыкаецца з праявамі культуры пазьнейшымі, хрысьціянскімі... І адаптуе іх. Тодар Кашкурэвіч мае на гэты конт свой пагляд...

(Кашкурэвіч: ) “Гэтая сфэра для мяне зьвязаная з культуралягічным паняткам хутчэй, чым з маімі канфэсійнымі перакананьнямі, хутчэй наадварот… Ну ведаеш, даводзіцца ў сваёй дзейнасьці падымаць плясты й хрысьціянскае культуры… Нават калі б я рабіў ці росьпісы, ці іканастас, то не ў такім падыходзе, як у практыцы. На жаль, цяпер праваслаўны клер ніяк не ўспрымае ні традыцыі беларускага іканапісу, тутэйшай іканаграфіі, ні традыцыі царкоўнай архітэктуры… Хутчэй гэта зьява варожая на нашай зямлі”.

Яшчэ ў савецкі час малады тады архітэктар Алесь Бандарэнка праектаваў аднаўленьне царквы Сьвятога Духу на менскім Верхнім Горадзе. І на ягоную просьбу Тодар Кашкурэвіч заняўся распрацоўкаю эскізаў да гэтага праекту. Справа ў тым, што фасад тае бажніцы ўяўляў сабою суцэльны каляровы іканастас, вынесены навонкі. Ці ўзяўся б ён цяпер пісаць выявы хрысьціянскіх сьвятых, каб Бандарэнкаў праект быў рэалізаваны?

(Кашкурэвіч: ) “Магчыма, што й узяўся б! І зь цікавасьцю. Але з тым жа Бандарэнкам мы цяпер працуем над іншым. Працуем над канцэптам архітэктурным язычніцкага храма. Ня проста як памяшканьня, а як мадэлі сьвету, рэалізаванай ў пэўных аб’ёмах, структурах, насычаных пэўнымі сымбалямі. І маючай у сябе ўвабраць пэўныя дзеяньні, рухі й апэрацыі са стыхіямі… Будзе праект – будзе й зьдзяйсьненьне. Самае йстотнае ў пэўны час знайсьці пэўны візуальны знак, пэўнае слова й лік. Само зьяўленьне гэтых элемэнтаў будзе зьмяняць сытуацыю. Такіх прыкладаў шмат ва ўсім сьвеце. Ці будзе рэалізаваны гэты праект у Менску? Вядома што не. Акаляючае асяродзьдзе будзе хутчэй нішчыць гэтую сьвятыню...”

Тодар Кашкурэвіч, як і ягоны брат, мастак Ігар Кашкурэвіч, менчукі ў чацьвертым пакаленьні. Зьява, як для Менску, унікальная. Разам з тым, ведаючы гісторыю й свайго гораду, і сваго роду, Тодар скэптычна глядзіць на стан і пэрспэктывы беларускай сталіцы...

(Кашкурэвіч: ) “Які Менск? Тое, што ад яго засталося? Гэта фантом. Як уся нашая беларуская сытуацыя. Гэта месца, дзе было штосьці й дзе няма амаль нічога цяпер. Матэрыяльная адсутнасьць некаторых знакаў, сьвятыняў, людзей яшчэ не стварае сытуацыі адсутнасьці ўвогуле… Пакуль будуць людзі, якія пра гэта ведаюць і мысьляць той прастораю, духам, духам тых людзей, тых часоў, яно будзе рэальна йснаваць. Менск цяперашні – гэта хвароба. Тое, што нарадзілася ў Менску за ХХ стагодзьдзе… Ня ведаю, ці ёсьць лек”.

Менск, малая радзіма й вялікі горад, на думку Тодара Кашкурэвіча, хворы. І як крыніца духу ён можа йснаваць адно ў нашым мысьленьні. У чым жа прычына? Ці ж не ствараецца тут мастацтва?

(Кашкурэвіч: ) “На жаль, мастацтва стала вельмі рынкавым, вельмі камфортным. Не прамаўляюцца нейкія вельмі йстотныя рэчы, хоць зараз такі час, калі іх можна прамовіць… Аднак усе ціха вырашаюць, уладкоўваюць свае справы”.

Аднак хіба ня ўсе. Нехта, як і Тодар, ствараюць. Я запытаўся ў яго, каго зь беларускіх мастакоў ён лічыць вартым увагі й пашаны, хто імпануе яму сваёй творчасьцю:

(Кашкурэвіч: ) “Я буду абсалютна суб’ектыўны, бо назваў бы прозьвішча свайго бацькі. Для мяне гэта чалавек, які ніколі не рабіў кампрамісаў. Ні ў савецкія часы, ні ў цяперашнія. Ён бярэ цьвік іржавы, бярэ цынкавую пласьціну й прамаўляе вельмі йстотныя рэчы. Не арыентуючыся на пакупніка. Галоўнае – прамовіць, вымавіць. Чэсна. Для мяне гэта, бадай, самая цікавая асоба ў Беларусі. Пры тым, што мастацтва ягонае не было яшчэ праінтрэпрэтаванае. Нават, мне здаецца, што гэты творца часам сам уяўляе сабою іншае, што выходзіць у яго з пад рук”.

Для Тодара Кашкурэвіча найбольшым мастакоўскім і маральным аўтарытэтам ёсьць ягоны бацька, славуты графік, народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч. І праўда, старэйшага Кашкурэвіча няма як вінаваціць у прыстасаванстве. Ягоныя гравюры, прысьвечаныя ці хоць апошняй вайне, ці біблійным сюжэтам, імпэтныя й драмтычныя, рэзка вылучаюцца з нацыянальнае школы графікі.

Старэйшы брат Тодара, Ігар, адзін з колішніх лідэраў беларускага андэграўнду, цяпер жыве ў Нямеччыне, але й ягоны даробак – яскравая старонка ў нацыянальнай гісторыі жывапісу. Варта згадаць і пра іх маці – Людмілу Красьнеўскую-Кашкурэвіч, былую выкладчыцу нямецкае мовы ў Акадэміі мастацтваў, якая таксама малюе. Праўда, хрысьціянскія абразы...

(Кашкурэвіч: ) “Генэральная лінія нашай сям’і працягваецца. Іншая справа, што нашыя погляды на мастацтва, на мастацкую мову, на пытаньні веры, традыцыйнай заангажаванасьці, безумоўна, вельмі розьняцца. Але йснуе генэральная лінія пераемнасьці. Я ў гэтым упэўнены. Мяняюцца проста кшталты”.

Гаворачы пра сваю радзіну, Тодар Кашкурэвіч падкрэсьліў, што не зважаючы на рознасьць перакананьняў, яго з роднымі лучыць бескампраміснасьць у мастацтве. Нонканфармізм – генэральная лінія Кашкурэвічаў. А чаго варта чакаць ад іншых мастакоў, што жывуць і твораць на адной з табою зямлі й пад адзіным небам, запытаўся я ў Тодара...

(Кашкурэвіч: ) “Я бы чакаў і ад сябе, і ад іншых мастакоў сапраўды моцных акцыяў. Бо цяпер ніякіх абмежаваньняў фармальных, жанравых не йснуе. Вельмі шмат выставаў. Але падзеяў не адбываецца! Няма ўчынкаў. Гэта ўнутрыклюбнае мастацтва. Яно не выпраменьвае моцныя эмоцыі, моцныя ідэі. То вось гэтага я чакаў бы ў пэрспэктыве ад беларускага мастацтва”.

Як на думку майго суразмоўцы, Тодара Кашкурэвіча, лепей не рабіць нічога, чым рабіць слаба, альбо не цікава. У чаканьні мастакоўскага бою, ён тым часам робіць дуды й леры, вычуваючы ў іхных гуках крывіцкі дух, бо ён яго ведае й мысьліць ягонай прастораю. Слухаючы гукі ягонае леры, і я ўявіў сабе тое мастацтва, што йснуе там, куды не патрапіш ні вадою, ні зямлёю. У Гіпэрбарэі, дзе жыве мастак і музыка Тодар Кашкурэвіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG