Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭЎРОПА — НЯ КРЭПАСЬЦЬ, ЯНА ДАЕ ШАНЕЦ НА ЭКАНАМІЧНЫ ПРАГРЭС ТАКІМ КРАІНАМ, ЯК БЕЛАРУСЬ


Міхал Стэльмак, Менск

Прэзыдэнт “Бундэсбанку” Нямеччыны Эрнст Вэльтэке, які ёсьць адначасова сябрам управы Эўрапейскага цэнтральнага банку, выступіў сёньня ў Менску з публічнай лекцыяй паводле ініцыятывы Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Як зазначылі прадстаўнікі гэтых установаў, іхная ініцыятыва заснаваная на спрыяньні разьвіцьцю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі з эўрапейскімі дзяржавамі.

Паслухаць публічны выступ аднаго з найвядомейшых фінансістаў Эўропы прыйшлі прадстаўнікі афіцыйных структураў і дзелавых колаў Беларусі. Як зазначыў спадар Вэльтэке, Беларусь ужо неўзабаве стане суседам Эўрапейскага Зьвязу. Гэта, паводле ягоных словаў, адбудзецца пасьля меркаванага далучэньня да Зьвязу трох суседзяў Беларусі — Польшчы, Літвы і Латвіі.

Ужо сёньня набліжэньне Беларусі да межаў Эўрапейскага Зьвязу ставіць пытаньні пра іхныя дачыненьні. Гэта, як падкрэсьліў прэзыдэнт “Бундэсбанку”, добра бачна на прыкладзе стасункаў Беларусі й Нямеччыны. Нямеччына ёсьць другім пасьля Расеі замежнаэканамічным партнэрам Беларусі. Летась гандлёвы таваразварот між імі дасягнуў 1 мільярда эўра. Звыш 400 нямецкіх прадпрыемстваў удзельнічаюць у эканамічных працэсах у Беларусі.

Кожны восьмы рубель замежных інвэстыцыяў Беларусі прыходзіць зь Нямеччыны, падкрэсьліў Эрнст Вэльтэке. Увядзеньне эўра, паводле ягоных словаў, стварыла вельмі спрыяльныя ўмовы для эканамічнага прагрэсу краінаў-суседзяў Эўрапейскага валютнага зьвязу. І гэтыя краіны, у тым ліку Беларусь, павінны найлепшым чынам скарыстаць эўрапейскую фінансавую інтэграцыю, падкрэсьліў сябра ўправы Эўрапейскага цэнтральнага банку.

Пракамэнтаваць выступ Эрнста Вэльтэкэ я папрасіў рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоля Міхайлава.

(Міхайлаў: ) “Я лічу, што досьвед фінансавай палітыкі ў рамках працэсу эўрапейскай інтэграцыі можа быць карысным для таго, каб і Беларусі вызначыць кірунак сваёй фінансавай палітыкі ва ўмовах, калі Беларусь знаходзіцца па-за межамі эўрапейскай інтэграцыі. І асобы такога рангу як прэзыдэнт Фэдэральнага банку спадар Вэльтэке дагэтуль у нас яшчэ не было. Я ўпэўнены, што яго публічны выступ перад такой аўдыторыяй прынясе вялікую карысьць”.
XS
SM
MD
LG