Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА“ ЗА ЎРАТАВАНЬНЕ МЭМАРЫЯЛУ КУРАПАТЫ” 1 І 2 ЧЭРВЕНЯ ПРАВЯДЗЕ Ў КУРАПАТАХ ТАЛАКУ


Ганна Соусь, Менск

Сябры грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” заклікаюць усіх прыходзіць у суботу й нядзелю аб 11-й гадзіне на талаку. Гаворыць каардынатарка ініцыятывы Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Урочышча Курапаты як мэмарыяльную тэрыторыю мы звычайна разглядалі з аднаго боку, — таго, дзе зараз ёсьць валанцёры. А тэрыторыі з боку Менску такой пільнай увагі не надавалі. І зараз там будаўнікі праводзяць кабэльныя сеткі, і нават праваслаўная царква нешта капае непасрэдна на самой тэрыторыі мэмарыялу. Яны зараз гатовыя проста ісьці па магілах, і нават ужо чуюцца такія воклічы: “Калі сустрэнем магілу, зробім перазахаваньне”.

У будаўнікоў у бюджэце закладзеныя такія выдаткі — слупы для памежнай зоны, каб вызначыць, дзе межы мэмарыялу. Мая Тодараўна Кляшторная, якая цяпер зьяўляецца навуковай кіраўніцай гэтага аб’екту, тэрмінова шукае магчымасьці, каб гэтыя слупы закупілі й прывезьлі менавіта на гарадзкі ўчастак мэмарыялу”.

Ірына Жыхар заклікае ўсіх зацікаўленых прыходзіць 1 і 2 чэрвеня ў Курапаты з рыдлёўкамі, каб усталяваць слупы й гэткім чынам пазначыць межы мэмарыялу.

Грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыюш” практычна падрыхтавала да друку кнігу пра Курапаты. Актывісты ініцыятывы зьбіраюцца распачаць збор ахвяраваньняў на выданьне гэтай кнігі накладам 10 тысяч асобнікаў. Ірына Жыхар тлумачыць:

(Жыхар: ) “Цяпер у краіне жахлівая сытуацыя з падручнікамі гісторыі. Тэма бальшавіцкіх рэпрэсіяў наагул зьнікае з падручнікаў. Мы вырашылі ня проста шукаць грошы пад друк гэтай кнігі, а нават зрабіць цэлую кампанію для настаўнікаў гісторыі, для выкладчыкаў гісторыі ВНУ, для бібліятэкараў. Мы хочам 19 чэрвеня правесьці вялікую нараду з прадстаўнікамі творчых саюзаў, праектных іністытутаў, навукоўцамі, рэлігійнымі канфэсіямі й грамадзкімі арганізацыямі наконт таго, як зьбіраць гэтыя грошы, і як наогул зрабіць суцэльную кампанію для прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да зьместу гісторыі ў сучасных падручніках”.

Ірына Жыхар паведаміла Радыё Свабода, што кампанія, якая распачнецца 19 чэрвеня, скончыцца 30 кастрычніка, у Міжнародны дзень ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
XS
SM
MD
LG