Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ВІЗА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ БУДЗЕ КАШТАВАЦЬ НЯ БОЛЬШ ЗА 10-12 ЭЎРА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле словаў міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі, польская віза для усходніх суседзяў павінна каштаваць ня больш за 10-12 эўра, гэта значыць, амаль на палову таньней, чым польская віза каштуе цяпер.

Міністар Янік чарговы раз запэўніў, што польскія ўлады зробяць усё магчымае, каб пасьля першага ліпеня 2003 году, а менавіта ад гэтага часу будзе ўведзены візавы рэжым, грамадзяне Беларусі, Украіны і Расеі ня мелі значных праблемаў зь перасячэньнем мяжы.

Паводле прадстаўніка польскага ўраду, да грамадзянаў гэтых трох краінаў нават будуць вылучаныя асобныя памежныя пераходы.

Як сьведчаць зьвесткі польскай службы аховы межаў, пазалетась Польшчу наведала каля 6 мільёнаў беларусаў, пераважная большасьць якіх – чаўнакі, якія для перасячэньня мяжы куплялі ваўчары – танныя і агульнадаступныя заменьнікі візы.

А паводле папярэдніх падлікаў польскіх экспэртаў, па ўвядзеньні візавага рэжыму ў консульскія ўстановы Польшчы ў Беларусі, Украіне і Расеі штогод будзе зьвяртацца ня больш за мільён грамадзянаў гэтых краінаў. Аднак гэта ўсё адно ў 5 разоў перавышае колькасьць польскіх візаў,што выдаюцца штогод ва ўсім сьвеце.

Так што нягледзячы на намеры польскіх уладаў у найбліжэйшым часе адкрыць шэраг новых консульстваў на тэрыторыях краінаў, чые грамадзяне будуць вымушаныя ехаць у Польшчу толькі зь візамі пасьля 1 ліпеня наступнага года, каля дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы варта спадзявацца чэргаў.

Тым беларусам, для каго падарожжы ў Польшчу ёсьць жыцьцёвай неабходнасьцю, варта паклапаціцца пра атрыманьне візы загадзя.
XS
SM
MD
LG