Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Гран-пры заваяваў фільм “Чалавек безь мінулага” фінскага рэжысэра Акі Каўрысмэкі, а гераіня гэтага фільму Каці Утынэн атрымала прыз за лепшую жаночую ролю. Лепшую мужчынскую ролю ў фільме “Сын” зграў бэльгійскі актор Аліўе Гурмэ. Прызы за лепшую рэжысэрскую працу атрымалі паўдзённакарэйскі рэжысэр Ім Квон-Тэка і Пол Томас Андэрсан са Злучаных Штатаў. Лепшым сцэнаром прызнаны сцэнар Пола Лявэрці для фільму “Цудоўны ўзрост 16 гадоў”. Прызам журы ўганараваны фільм палестынца Эліа Сулэймана “Боскае ўварваньне”, а адмысловым прызам – фільм “Кулі для Калюмбіна” рэжысэра са Злучаных Штатаў Майкла Муора.

ЭСТОНІЯ. Пераможцай конкурсу “Эўрабачаньне-2002”, які ў суботу прайшоў у Таліне, стала латышская сьпявачка Марыя Наумава, вядомая як Марыя Н (Marie N). Песьня "I wanna" набрала 176 пунктаў. На другім месцы прадстаўніца Мальты, на трэцім – Эстоніі. Тым часам нямецкі кампазытар-выканаўца Лу Бэг заявіў часопісу “Нойе рэвю”, што “мэлёдыя “Ай вона” вельмі падобная да ягонага лацінаамэрыканскага шлягеру “Лаціна-зонг”. Гэткім чынам твор-пераможца конкурсу “Эўрабачаньне-2002” можа быць прызнаны плягіятам.

ІРАК. Нямецкая археалягічная экспэдыцыя, якая вядзе раскопкі ў раёне ірацкага места Варка (старажытны Ўрук) знайшла рэшткі шумерскага гораду, падобнага да таго, які быў апісаны ў легендзе пра Гільгамэша. Урук – адзін з самых старых гарадоў у сьвеце – быў найважнейшым цэнтрам Паўдзённага Міжрэчча раньняга пэрыяду шумэрскае гісторыі. Ён знаходзіўся за 80 кілямэтраў ад Эдэмскага саду. Мяркуецца, што ў храме Ўруку былі складзеныя першыя ў гісторыі чалавецтва пісьмовыя гаспадарчыя дакумэнты.

БРАЗЫЛІЯ. Масавыя вясельлі ў Бразыліі сталі традыцыяй і паводле папулярнасьці неўзабаве могуць скласьці канкурэнцыю знакамітым бразыльскім карнавалам. У панядзелак (27 траўня) мэр бразыльскай сталіцы Нэвіа Дартора арганізаваў і правёў у месьце Сан-Паўла масавае пашлюбаваньне людзей, якія не маглі самастойна аплаціць усе выдаткі. Усяго ва ўрачыстасьці ўзялі ўдзел 99 параў. Сярод пашлюбаваных 86-гадовы жаніх і ягоная 76-гадовая нявеста. На сераду заплянаваная яшчэ адна такое сьвята для 500 параў. У часе інтэрвію Дартора сказаў, што пайшоў на выдаткі дзеля таго, каб сотні людзей, якія жывуць у граху, маглі ўзаконіць свае адносіны.

ЗША. У нядзелю ў Вашынгтоне, у часе рок-канцэрту, у выніку цісканіны 30 чалавек былі параненыя. Пяцёра зь іх апынуліся ў шпіталі. Цісканіна ўзьнікла, калі да публікі выйшаў вядомы рэпэр Эмінэм. Сытуацыю, пасьля 10-хвіліннага перапынку, залагодзілі ўзгодненыя і адпрацаваныя дзеяньні праваахоўнікаў. Інцыдэнт адбыўся ў першы дзень штогадовага веснавога фэсту (WHFStival) у якім сёлета ўзялі ўдзел 50 рок-музыкаў і дыск-жакеяў.

НЯМЕЧЧЫНА. Злодзеяў, якія скралі некалькі карцін экспрэсіяністаў з музэю ў Брукэ, яшчэ не злавілі, аднак нямецкая паліцыя паведамляе, што знайшла самі палотны. Восем зь іх у добрым стане, а дзявятае – “Дзяўчына” (аўтар Макс Бэхштэйн) – разадранае на дзьве часткі. Затрыманыя таксама тры перакупшчыкі, якія спрабавалі прадаць карціны. Двое зь іх – маладыя югаславы і адзін – 55-гадовы немец.

РАСЕЯ. 27 траўня на 61-ым годзе жыцьця памёр вядомы тэатральны і кінаактор Віталі Саломін. 23 красавіка, пасьля першага акту ў мюзікле “Вясельле Крэчынскага” Саломіну стала кепска і ён быў шпіталізаваны з дыягназам “інсульт”. Пасьля апэрацыі ягоны стан палепшыўся, аднак 27 траўня ў выніку раптоўнага пагаршэньня Саломін памёр. Асаблівую папулярнасьць у беларускага гледача ён атрымаў пасьля выхаду фільма “Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана”, дзе Саломін зграў ролю сябры вялікага дэтэктыва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG