Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА БЯСЬПЕКАЙ НА КОЖНЫМ МАТЧЫ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ ПА ФУТБОЛЕ БУДУЦЬ САЧЫЦЬ КАЛЯ 7000 ПАЛІЦЫЯНТАЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Арганізатары чэмпіянату кажуць, што яны не чакаюць нейкіх сур’ёзных праблемаў. Але, натуральна, яны робяць захады бясьпекі, і захады гэтыя даволі сур’ёзныя. Мясцовая паліцыя адсочвае замежнікаў, якія прыяжджаюць у Японію і Паўднёвую Карэю на час чэмпіянату. Прычым праца тут вядзецца ў кантакце з паліцыяй іншых краінаў – краінаў, зь якіх могуць прыехаць футбольныя хуліганы. Японія, да прыкладу, ужо адмовіла ў дазволе на ўезд некалькім брытанскім грамадзянам, якія былі ў “чорных сьпісах” брытанскай паліцыі.

Арганізатары чэмпіянату таксама разьлічваюць, што многія замежныя хуліганы папросту ня здолеюць прыехаць на чэпіянат з-за нястачы грошай – бо дарога дялёкая, і квіткі ў Японію ці Карэю з Эўропы нятанныя. А менавіта з эўрапейскіх краінаў паходзіць большасьць футбольных хуліганаў. На кожным з матчаў чэмпіянату будзе прысутнічаць каля 7 тысячаў паліцыянтаў, якія будуць сачыць за парадкам. І, нарэшце, будуць прынятыя адмысловыя захады бясьпекі супраць тэрарыстаў. Гэта першыя футбольныя спаборніцтвы такога ўзроўню пасьля леташніх тэрактаў у Амэрыцы, таму службам бясьпекі дадаецца працы. Падчас чэмпіянату ў зонах вакол стадыёнаў будуць забароненыя палёты, а ў паветры будуць вайсковыя самалёты. Так што падрыхтоўка да чэмпіянату з боку сілаў бясьпекі вядзецца сур’ёзная. Але заходнія аглядальнікі папярэджваюць, што паліцыя Японіі можа быць усё роўна не гатовая да змаганьня з футбольнымі хуліганамі, бо ў Японіі, у адрозьненьне ад Паўднёвай Карэі, няма досьведу нейкіх масавых забурэньняў.

У амэрыканскім часопісе “Time” даволі зьняважліва апісваюцца дзеяньні японскіх службаў бясьпекі падчас таварыскага матчу Японія – Коста-Рыка напярэдадні чэмпіянату. Тут пішацца, што на матчы панаваў абсалютны хаос, і натоўп заўзятараў нікім не кантраляваўся.

На тым матчы заўзятары былі ў мірным настроі, але што здарыцца, калі на стадыёне будзе, да прыкладу, натоўп ангельскіх футбольных хуліганаў, якія сумна вядомыя сваімі гвалтоўнымі паводзінамі? Хоць квіткі ў Японію ды Паўднёвую Карэю насамрэч дарагія, на чэмпіянаце ўсё роўна чакаецца каля 8 тысячаў ангельскіх заўзятараў. Павінныя таксама прыехаць брытанскія паліцыянты, каб дапамагчы мясцовай паліцыі кантраляваць сваіх суайчыньнікаў.

Гэтыя футбольныя хуліганы ўсё ж такі больш хуліганы, чым заўзятары. Гэта паўкрымінальныя групы, якія карыстаюцца з футболу. У Ангельшчыне гэта зрабіць лягчэй, бо гэта краіна-заснавальніца футболу, краіна з моцнымі традыцыямі футбольнага заўзятарства. У Ангельшчыне нават арцыбіскуп Кентэрбэрыйскі дазволіў сьвятарам перанесьці ранішнюю нядзельную службу на пазьнейшы час, бо ў гэтую нядзелю ангельская зборная будзе гуляць свой першы матч на чэмпіянаце сьвету. Кіраўнік ангельскай царквы патлумачыў сваё рашэньне прыкладна такім чынам: “Набажэнства, натуральна, перадусім, але такое адбываецца раз на чатыры гады, так што мы можам гэта сабе дазволіць”. Сам арцыбіскуп, праўда, матч пагледзець ня здолее, бо яму давядзецца весьці набажэнства, якое нельга перанесьці – ангельская каралева будзе спраўляць 50-годзьдзе з дня каранацыі. Дарэчы, першагіерарх ангельскай царквы – сам футбольны заўзятар, ён падтрымлівае клюб “Арсэнал”. Сярод ангельскіх сьвятароў таксама досыць заўзятараў –некаторыя ўжо напісалі адмысловыя гімны датычна чэмпіянату, каб скарыстаць іх у нядзельных набажэнствах. А адзін сьвятар нават замовіў вялікі экран каля царквы, каб людзі маглі пагледзець футбол пасьля службы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG