Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЗБУДЖАЛЬНІКА ДЫЗЭНТЭРЫІ ЗНАЙШЛІ Ў ГЛЯЗУРАВАНЫХ СЫРКАХ


Ігар Карней, Менск

У Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі адразу папярэдзілі, што нельга кваліфікаваць здарэньні ў Салігорску і Сьветлагорску як эпідэмію. Адмыслоўцы называюць гэта ўсплёскам дызэнтэрыі, што здараецца ў Беларусі апошнім часам даволі рэгулярна. Гаворыць намесьніца дырэктара Цэнтру ў справах асабістай гігіены Надзея Секуць:

(Секуць: ) “Усплёск дызэнтырыі зьвязаны з прадукцыяй Салігорскага гарадзкога малаказаводу — тварожнымі вырабамі. Больш канкрэтна — глязураваныя сыркі. Зафіксаваныя парушэньні тэхналёгіі вытворчасьці. Зараз завод не функцыянуе, вытворчасьць апэратыўна спыненая. Быў ажыцьцёўлены комплекс захадаў, каб ня даць распаўсюдзіцца хваробе, больш жорсткі кантроль за прыёмам дзяцей, вядзецца лябараторнае дасьледаваньне, не даюць выяжджаць дзецям, каб яны ня сталі крыніцай хваробы ў іншых калектывах”.

Адмыслоўцы не выключаюць, што выпадкі дызэнтэрыі могуць быць зафіксаваныя і ў іншых месцах краіны, бо прадукцыя Салігорскага заводу мае шырокі попыт і рэалізоўваецца далёка за межамі гораду. Працягвае Надзея Секуць:

(Секуць: ) “Так, прадукцыя шырока разышлася па краіне, прадаецца яна і ў Менску. Было прапанавана яе тэрмінова вярнуць, і нашая служба сапраўды вяртала з продажу вельмі шмат. Забіралі ў Сьветлагорску рэшткі, у вёсках, у астатніх гарадох. Калі вынайшлі, што прычынай захворваньняў ёсьць малочныя харчы, вярталі ўсё, што было ў продажу. Потым — толькі сыркі. Зараз справай будзе займацца пракуратура, завядуць крымінальную справу.

Учора адбылася санэпідрада ў галоўнага санітарнага лекара, выступіла намесьніца кіраўніка аддзелу мяса-малочнай прамысловасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і прамысловасьці, дзе яна выказалася, што дзеля рэструктурызацыі галіны будзе пакінута каля 70 буйных заводаў са 176, якія маюць сучаснае абсталяваньне”.

Паводле эпідэміёлягаў, прычынай масавых захворваньняў на дызэнтэрыю пэўна ёсьць ігнараваньне правілаў асабістай гігіены. А ў тых сфэрах, дзе ўжываецца ручная праца, такая абыякавасьць недапушчальная. Ад учорашняга дня падразьдзяленьні санітарна-эпідэміялягічнай службы пачалі наноў правяраць участкі тварожнай вытворчасьці на ўсіх заводах краіны.

(Секуць: ) “Пытаньне будзе пастаўленае вельмі жорстка. Паводле тэхналягічнага працэсу, ручная праца дапушчаецца, ёсьць тэхналёгіі з ручной працай, і яе не заменіш на іншую. Адзінае, што ў гэтай сытуацыі трэба сказаць — заўсёды пасьля прыбіральні трэба мыць рукі, калі на тое пайшло. У любой сытуацыі трэба выконваць асабістую гігіену. Гэта людзкі фактар. Усе гэтыя ўсплёскі паказваюць: гэта не ў паветры лётае, гэта сапраўды нехта занёс.

У 1999 годзе было сем буйных малочных выбухаў. Пасьля гэтага зладзілі навучаньне мікрабіёлягаў-тэхнолягаў. І зноў атрымаць? Самае страшнае, калі ідзе вялікі аб’ём у харчовай прамысловасьці. А для дызэнтэрыйнага ўзбуджальніка найбольш аптымальнае асяродзьдзе якраз у малочных харчах. Ён інтэнсіўна размнажаецца, бо ягоны тэмпэратурны рэжым такі, што нават пры ахаладжэньні, пры замарозцы дызэнтэрыйны ўзбуджальнік можа меней размнажацца, але добра захоўвацца”, — распавяла для Радыё Свабода супрацоўніца Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Надзея Секуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG