Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВА ЎРАДЗЕ НЕ ВЫКЛЮЧАЮЦЬ, ШТО ПЭНСІЙНЫ ЎЗРОСТ БУДЗЕ ПАДВЫШАНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёлета ў першым квартале ўпершыню за апошні час Беларусь сутыкнулася з затрымкамі выплаты пэнсіяў. У траўні выплаціць пэнсіі ўдалося толькі дзякуючы надзвычайным захадам — Міністэрства фінансаў павінна было зьняць большую частку сваіх дэпазытаў у беларускіх банках, каб разьлічыцца з пэнсійным фондам.

Акрамя таго, паводле начальніка пэнсійнага ўпраўленьня Міністэрства працы і сацабароны Натальлі Шаўлоўскай, прадпрыемствам таксама ўдалося крыху лепш выканаць свае абавязкі, і ў выніку тэмпы росту запазычанасьцяў суб’ектаў гаспадараньня перад пэнсійным фондам былі зьніжаныя.

Але па-ранейшаму запазычанасьць прадпрыемстваў перад гэтым фондам складае вялізную суму — 118 мільярдаў рублёў. Гэта больш як палова патрэбных на месяц сродкаў. Як удасца разьлічвацца далей, пакуль сказаць складана — у міністэрстве разьлічваюць на спагнаньне старых запазычанасьцяў. Натальля Шаўлоўская прызнае неэфэктыўнасьць цяперашняй салідарнай сыстэмы, калі пэнсіі адлічваюцца ад заробкаў тых, хто працуе:

(Шаўлоўская: ) “А любая сыстэма неэфэктыўная, калі работнікаў меней, чым пэнсіянэраў. Якая б яна ні была”.

Натальля Шаўлоўская мае на ўвазе, што ў Беларусі цяпер на 100 пэнсіянэраў даводзіцца толькі 169 працоўных. Паводле міжнароднага досьведу, калі на аднаго пэнсіянэра ў грамадзтве меней, чым два работнікі, то гэта сьведчыць пра крытычны стан пэнсійнай сыстэмы. У сувязі зь відавочным крызысам у Мінпрацы і сацыяльнай абароны не выключаюць павелічэньня пэнсійнага ўзросту. Гаворыць начальнік пэнсійнага ўпраўленьня гэтага міністэрства Натальля Шаўлоўская:

(Шаўлоўская: ) “Гэта проста адзін з захадаў выратаваньня пэнсійнай сыстэмы. Адзін з захадаў — ня больш за тое”.

Натальля Шаўлоўская мяркуе, што такое рашэньне можа прымацца на ўрадавым узроўні, але на гэты момант яго няма. Сярод іншых захадаў, якія могуць быць зробленыя ўрадам дзеля выратаваньня пэнсійнай сыстэмы, паводле зьвестак незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука, разглядаецца магчымасьць памяншэньня памеру пэнсіяў і павелічэньня адсотку адлічэньняў на сацыяльнае страхаваньне. На думку Раманчука, усё гэта — дыскрымінацыйныя і негуманныя захады. Ён мяркуе, што, хутчэй за ўсё, ініцытывы аб павелічэньні пэнсійнага ўзросту будуць блякавацца А.Лукашэнкам:

(Раманчук: ) “З таго, што я зразумеў з рамовы зь міністрам А.Моравай, у іх ёсьць прапановы, якія не знаходзяць пацьверджання і ўхвалы ні ва ўрадзе, ні ў палаце, ні ў Лукашэнкі. Гэтыя прапановы верцяцца вакол па-сутнасьці савецкай пэнсійнай сыстэмы. Таму я лічу, што там выявіўся інтэлектуальны і адміністратыўны тупік”.

Разам з тым Яраслаў Раманчук лічыць, што праблема, дзе браць сродкі на выплату пэнсіяў, застанецца. Вядомы эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што ў сьвеце ў цэлым нармальна ўспрымаюцца захады дзеля павелічэньня пэнсійнага ўзросту — узровень і працягласьць жыцьця і працаздольнасьці ў цэлым расьце. Але Беларусі гэта пакуль мала датычыцца.

Да таго ж Беларусь не прайшла жорсткае выпрабаваньне беспрацоўем — і калі павялічыць пэнсійны ўзрост, то дзяржаве давядзецца замест пэнсіяў плаціць дапамогі па беспрацоўю. Такім чынам, спробы павялічыць пэнсійны ўзрост — гэта глупства ў квадраце, — мяркуе Леанід Заіка. Ачольваны ім аналітычны цэнтар “Стратэгія” распрацаваў альтэрнатыўную канцэпцыю пэнсійнай рэформы ў Беларусі, заснаваную на назапашваньні сродкаў у прыватных пэнсійных фондах. Пры такой сыстэме людзі самі могуць выбіраць свой пэнсійны ўзрост.
XS
SM
MD
LG