Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫЯВІЛІ ХВОРЫХ НА ДЫЗЭНТЭРЫЮ Ў СЬВЕТЛАГОРСКУ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Сьветлагорскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выявіў узбуджальнікаў хваробы ў харчах, завезеных у горад з Салігорскага малочнага заводу. Распавядае галоўны санітарны лекар Сьветлагорску Леанід Цытка:

(Цытка: ) “Гэта харчы — тварожная маса “Пакроўская” з папрыкай, макам, разынкамі й глязураваныя сыркі з какавай. Крамы, куды яны паступілі, былі намі правераныя. Усе рэшткі прадукцыі зьнятыя з рэалізацыі. Сёньня мы яшчэ зрабілі так: правялі нечакана бактэрыялягічнае дасьледаваньне ўсіх гандляроў тых крамаў, дзе была няякасная прадукцыя, і зрабілі там дэзінфэкцыю”.

Паводле зьвестак цэнтру гігіены, у 11 сьветлагорскіх крамаў было завезена з Салігорску амаль 900 кіляграмаў тварагу і сыркоў з узбуджальнікамі дызэнтэрыі — бактэрыямі шыгел-Зонэ, 2Ж. Так клясыфікуюць іх спэцыялісты. Большасьць няякаснай прадукцыі крамы пасьпелі рэалізаваць. Спажываньне яе і выклікала захворваньне на дызэнтэрыю ў 54 гараджанаў. 30 чалавек былі шпіталізаваныя, і 24 лячыліся амбуляторна. Сярод хворых — 43 дзіцяці.

Сьветлагорцы даволі балюча перажываюць любыя эпідэміялягічныя анамаліі. Горад і без таго стаў цэнтрам распаўсюду ў краіне наркаманіі і СНІДу.

У сувязі зь цяперашнім усплёскам у Сьветлагорску дызэнтэрыі, абласная санітарная служба распачала праверку ўсіх малаказаводаў. Зьменены і парадак кантролю. У летні сэзон бактэрыялягічныя аналізы будуць праводзіцца не адзін, а чатыры разы на месяц.
XS
SM
MD
LG