Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УСТУПЛЕНЬНЕ ПОЛЬШЧЫ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗ МОЖА ПРЫНЕСЬЦІ ЖЫХАРАМ БЕЛАРУСІ ПЭЎНЫЯ МІНУСЫ”


Алена Панкратава, Менск

Усяго 17 кілямэтраў аддзяляюць Горадню ад Польшчы і 40 кілямэтраў — ад Літвы. Нягледзячы на такую геаграфічную блізкасьць да будучай мяжы з Эўразьвязам, у цывілізацыйным пляне паміж Беларусьсю і Эўропай — цэлыя стагодзьдзі.

Як кажа ў размове з аўстрыйскім журналістам ягоны гарадзенскі калега з газэты “Біржа інфармацыі”, у самым пачатку 1990-х, пасьля таго, як была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, гэты памежны цэнтар меў усе падставы стаць сапраўдным эўрапейскім горадам. Многія гaрадзенцы настальгічна згадваюць, як за кароткі час (з 1991 па 1993 гады) расквітнеў іхны родны горад: тут працавала шмат вулічных кавярняў, праводзіліся фэстывалі, Горадня вабіла польскіх і заходніх турстаў.

Пасьля 1994 году многае зьмянілася ў горшы бок. Беларускае заканадаўства ня толькі абмежавала магчымасьці айчыннага прадпрымальніцтва, але і напалохала магчымых інвэстараў, якія на пачатку 1990-х мелі свае пляны адносна гэтага памежнага цэнтру. Як піша “Die Presse”, у апошні час многія жыхары вобласьці вымушаныя пакідаць родныя мясьціны.

Тыя нямногія крыніцы заробкаў, кантрабандны гандаль гарэлкай альбо праца ў вёсцы, задавальняюць далёка ня ўсіх. Да падобнай сытуацыі гарадзенцы, дый сам аўтар артыкулу Томас Розэр, ставяцца з сумам. Паводле аўтара артыкулу, гэты памежны беларускі горад традыцыйна меў і нават зараз мае ўнікальную мультыкультурніцкую аўру. На працягу многіх стагодзьдзяў тут жылі побач беларусы, літоўцы, палякі, расейцы, габрэі...

Дарэчы, габрэяў да пачатку другой усясьветнай вайны было 60% насельніцтва. Ніякай нацыянальнай варожасьці паміж прадстаўнікамі розных нацыяў не было.

Калі гаварыць пра беларускую душу, то паводле шэрагу культуролягаў, яна знаходзіцца менавіта тут, у Горадні. Для гэтага гораду, як ні для якога іншага ў Беларусі, уласьцівы адпаведны свабодалюбны дух. Нават у час жалезнай заслоны дзякуючы добраму прыёму праграмаў Польскага радыё і тэлебачаньня, тут ведалі рэпэртуар “Бітлз” ды іншых ня ўхваленых Саветамі заходніх групаў. Як гавораць гарадзенцы, у іхны горад дзьме вецер з Эўропы.

Набліжэньне Эўразьвязу на ўсход выклікае ў жыхароў памежнага беларускага цэнтру ня самыя аптымістычныя пачуцьці. “Увядзеньне польскіх візаў можна параўнаць з будаўніцтвам Кітайскага муру”, — лічаць яны. Падобных меркаваньняў прытрымліваецца і польскі бок. Па-першае, сытуацыя адаб’ецца на папулярным сярод насельніцтва абедзьвюх краінаў гэтак званым бязьвізавым гандлі.

Многія гандляры бачаць у прасоўваньні Эўразьвязу на ўсход сваё будучае банкруцтва. Як піша аўтар артыкула, ня выключана таксама, што Менск надалей зможа адмаўляць у беларускіх візах польскім праваабаронцам і журналістам, паколькі ў такіх кантактах ёсьць пэўны ўплыў Польшчы на Беларусь.

“Die Presse” прыводзіць выказваньне аднаго зь лідэраў Польскага задзіночаньня ў Беларусі Юзэфа Паржэцкага адносна таго, што дагэтуль дзейнасьць арганізацыі фінансавалася польскім бокам, сёньня ж беларускі лідэр хоча абкласьці падаткамі ўсе магчымыя датацыі з Польшчы. Для дэмакратычных беларускіх арганізацыяў падобная фінансавая падтрымка з суседняй краіны ёсьць вельмі важнай. Ва ўмовах будаўніцтва новых эўразьвязаўскіх межаў менавіта такія праваабарончыя арганізацыі будуць адыгрываць вядучую ролю ва ўмацаваньні двухбаковых дачыненьняў.

“Канечне, было б цудоўна, калі б Белаpусь была нармальнай дэмакратычнай краінай і мела б добрыя стасункі са сваімі суседзямі, — лічыць Юзэф Паржэцкі. — Шлях, да якога схіляе Беларусь Лукашэнка, не прывядзе, на жаль, нікуды”.
XS
SM
MD
LG