Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CУБОТНІ ДЫЯЛЁГ. ГУТАРКА ІРЫНЫ ХАЛІП З УЛАДЗІМЕРАМ КОЛАСАМ.


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) “Канец траўня – гэта амаль заўсёды заканчэньне чарговага палітычнага сэзону і пачатак сэзону іспытаў. Кожны год чарговыя семнаццацігадовыя атрымліваюць атэстаты аб сярэдняй адукацыі і разам з атэстатамі – упэўненасьць у тым, што яны змогуць усё ў гэтым сьвеце. Уладзімер Георгіевіч, ці можаце вы намаляваць сярэднестатыстычны партрэт сёньняшняга выпускніка вашага ліцэю?

(Колас: ) “Не, не магу. Калі мяне пытаюць наконт сёньняшняй моладзі, чым яна адрозьніваецца ад нашай моладзі, ад нашага пакаленьня, я думаю і заўсёды спрабую нешта сфармуляваць, але калі быць шчырым, то розьніца вельмі невялікая. Розьніца – як паміж хвалямі аднаго акіяна. Сапраўдная розьніца – толькі варункі. Вызначэньне моладзі – уваход у гэты сьвет, недасьведчанасьць, прага да ведаў, прага да досьведу, прага да жыцьця. Мяняюцца толькі варункі. І менавіта сёньняшнія варункі вызначаюць гэты сярэднестатыстычны партрэт”.

(Халіп: ) “Сапраўды, мы з вамі ў 17-гадовым узросьце былі ўпэўненыя, што будзем жыць у Савецкім Саюзе, скончым інстытуты, напэўна, нават уступім у КПСС. І глядзіце, як усё зьмянілася! Зараз цяжка быць упэўненым у тым, што будзе заўтра. Гэта прымушае быць больш самастойнымі. А ўжо калі казаць пра вашых выхаванцаў, дык яны ў прынцыпе больш самастойныя, таму што ім прыйшлося прайсьці праз такія выпрабаваньні, як абарона ўласнага ліцэю”.

(Колас: ) “Так, але я б сказаў больш. У кожным пакаленьні ёсьць усё: ёсьць свае героі, ёсьць свае злачынцы, ёсьць свае здраднікі. А час і ўмовы даюць больш пэрспэктываў адной катэгорыі і менш пэрспэктываў другой катэгорыі. На жаль, цяперашнія ўмовы даюць больш пэрспэктываў тым, хто мае схільнасьць да менш маральнага стылю паводзін. Яны вымушаюць быць больш прагматычным – я маю на ўвазе ня толькі палітычныя і эканамічныя ўмовы, але і ўмовы тэхнічныя. І таму зараз амаль ніхто ня лічыць пэрспэктыўнымі творчыя прафэсіі, перавага аддаецца стандартнаму набору – міжнародныя адносіны, правазнаўства, эканоміка і гэтак далей. А што тычыцца ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні, дык чалавеку любога пакаленьня біялягічна ўласьціва спадзявацца на лепшае. Моладзь ня верыць, што ў яе жыцьці ўсё будзе кепска. Пры любых варунках ёсьць упэўненасьць у лепшым. У нашай сытуацыі магчымы толькі ўзьлёт – падаць ужо няма куды”.

(Халіп: ) “А куды звычайна паступаюць вашыя выпускнікі? Пераважная ж большасьць прадметаў у вышэйшых навучальных установах Беларусі выкладаецца на расейскай мове...”

(Колас: ) “Мова – не вызначальны крытэр пры выбары прафэсіі. Паступаюць туды, куды ім цікава, і паступаюць па ўсім спэктры гуманітарных дысцыплінаў. У нас не такі ўжо вялікі выпуск – штогод 40-60 чалавек. Пра найбольш прэстыжныя дысцыпліны я ўжо казаў. Яшчэ – замежныя мовы, філязофія, сацыялёгія, некаторыя – нават на прыкладную матэматыку. На геаграфічны факультэт паступае вельмі многа і без іспытаў – тут мы, як кажуць, наперадзе. На жаль, у Акадэмію мастацтваў – на актораў, рэжысэраў – ідуць вучыцца адзінкі. Гэта непрэстыжна, таму што ўсе ведаюць, што гэтыя прафэсіі "няхлебныя".

(Халіп: ) “А вы ж самі, Уладзімер Георгіевіч, займаліся кінэматаграфіяй, былі рэжысэрам. Што прымусіла вас так кардынальна зьмяніць жыцьцё? Усё ж такі кінэматограф – гэта багема, пэўны лад жыцьця, прэм'еры, банкеты. А пэдагогіка – штосьці зусім супрацьлеглае...”

(Колас: ) “Напэўна, лёс. Атрымалася гэта выпадкова, але павінен адзначыць, што спачатку я "выпадкова" скончыў інстытут замежных моваў. І першая мая прфэсія была – настаўнік ангельскай і рускай мовы ў вясковай школе на Віцебшчыне. Я туды паехаў па разьмеркаваньні. Потым я скончыў рэжысэрскія курсы, і аднойчы, здымаючы кіно пра беларускую мову, дайшоў да такога вось жыцьця. Я тады пабываў на Беласточчыне, наведаў там (яшчэ за савецкім часам) беларускія школы і ліцэі і быў у шоку ад таго, што там убачыў, і ад таго, што ў нас такога не было. Паступова гэта ператварылася ў канкрэтную справу”.

(Халіп: ) “А як вы можаце як рэжысэр ацаніць уласны выступ у праграме "Свабода слова?"

(Колас: ) “Дзякуй за пытаньне. Тут было не да рэжысуры, таму што для рэжысуры патрэбныя ідэя, выканаўцы, умовы для яе выкананьня і падпарадкаваньне ўсёй каманды выкананьню ідэі. І гэта ўвогуле праблема нашай апазыцыйна настроенай часткі грамадзтва. Дэмакраты і інтэлектуалы – індывідуалісты, і таму – "я самы разумны, а ўсе астатнія ня вельмі". А ў тых, хто нам супрацьстаіць, няма ні пошукаў, ні сумненьняў, а ёсьць толькі канкрэтнае веданьне сваіх інтарэсаў і гатоўнасьць паступіцца ўсім. Там няма маралі. І таму словы пасьля гэтай праграмы наконт таго, што "яны ляснуліся" – так, гэта быў пройгрыш, але за тыя 30 секунд, якія даваліся на кожную рэпліку, можна толькі ўздыхнуць”.

(Халіп: ) “Чаму? Можна яшчэ выкрыкнуць праўду”.

(Колас: ) “Можна. І што? Уся ваша прэса хіба маўчала? Усе ўсё ведаюць, і тут я пра варункі, у якіх наша моладзь існуе, хачу сказаць. Гэта вельмі складаныя варункі. Праўда сказаная, і цяпер яна перастала мець вартасьць. Усё перагаворана, і цынічная хлусьня перабівае праўду вельмі проста і лёгка. І таму лабавыя захады і выкрыкваньне агульнавядомай інфармацыі неэфэктыўнае”.

(Халіп: ) “Калі вярнуцца да нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, то – ня ведаю дакладна – але кажуць, што ў хуткім часе ў вас зноў узьнікнуць чарговыя праблемы”.

(Колас: ) “Нават пасьля гэтага інтэрвію могуць узьнікнуць праблемы... Яны ёсьць заўсёды, і я ўжо некалі казаў, што тое, што мы дагэтуль жывыя, сьведчыць пра пэўную мудрасьць і талерантнасьць нашых апанэнтаў па іншых сфэрах жыцьцядзейнасьці. Але я лічу, што галоўнае, што мы можам рабіць і павінны рабіць, – гэта называць рэчы сваімі імёнамі і не падпяваць нейкай лухце”.

(Халіп: ) “А вы не зьвярталі ўвагі на тое, што навучаньне ў вашым ліцэі – гэта як быццам бы прыналежнасьць да апазыцыйнай палітычнай партыі?”

(Колас: ) “Мы робім усё, каб такога ўражаньня не было, і калі наблізіцца да нашага ліцэю і паглядзець, што там робіцца, стане ясна, што гэта ня так. Вонкава – так. І нам шыюць гэтую справу, але палітычнай агітацыі ў нашым ліцэі няма. І яшчэ хачу сказаць, што ў нашым ліцэі вучацца дзеці, чые бацькі працуюць паўсюль, ня толькі ў апазыцыі, а якраз наадварот, у іншых структурах. Проста, яшчэ калі ствараўся ліцэй, мэтай была прэстыжная адукацыя за кошт высокага ўзроўню, за кошт якасьці адукацыі. Мы даем адукацыю па самых высокіх стандартах, і тыя, хто аддае да нас сваіх дзяцей, гэта адчуваюць. І таму мы, напэўна, да гэтага часу існуем. У нас у паралелі 40-60 чалавек, і мы бярэм па 4-5 месцаў на рэспубліканскіх алімпіядах. Паступленьні таксама сьведчаць самі за сябе – у нас 99% паступленьняў – на самыя прэстыжныя факультэты, у нас ёсьць водгукі на ўзровень нашых абітурыентаў. Гэта – галоўнае. І яшчэ – тое, што мы ня дурым галаву нікому. Мы вучым мець сваю пазыцыю, крытычна ставіцца да любой інфармацыі і ня быць канфармістамі”.

(Халіп: ) “Вашыя навучэнцы траплялі ў міліцэйскія пастарункі падчас акцыяў пратэсту?”

(Колас: ) “Траплялі”.

(Халіп: ) “Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Колас: ) “Я лічу, што гэта сьвінства – ваяваць зь дзецьмі”.

(Халіп: ) “Зь міліцэйскага боку гэта сапраўды сьвінства. Але што кажаце вы дзецям пасьля гэтага? Вы ім ня кажаце, што ня трэба туды хадзіць?”

(Колас: ) “Мы ім кажам, што ня трэба туды хадзіць, мы кажам, што падчас вучобы яны абавязаныя знаходзіцца на занятках. І яшчэ: "Вашая справа – вучыцца, і гэта – галоўнае. А палітыкай трэба займацца ў адпаведным узросьце, калі вы ўжо будзеце цьвёрда ведаць, за што вы змагаецеся".

(Халіп: ) “Яны згаджаюцца з вамі?”

(Колас: ) “Не заўсёды. І, дарэчы, я сам хаджу на ўсе гэтыя імпрэзы і бачу, што туды дзеці прыходзяць з бацькамі. А тое, што адбываецца з боку ўладаў на такіх акцыях, – гэта, безумоўна, па-за межамі дабра і зла”.

(Халіп: ) “Каму з вашых выпускнікоў на сёньняшні дзень пашанцавала больш за іншых?”

(Колас: ) “Ведаеце, жыцьцё пакажа. Але ёсьць дзеці, якія ўжо выцягнулі шчасьлівы білет у жыцьцё. Напрыклад, Жэня Сідарчук, якая ўжо паступіла ў міжнародны каледж у Італіі. Яшчэ некалькі чалавек у нас ужо паступілі на геаграфічны факультэт, на гістарычны факультэт па выніках алімпіядаў. Так што ім, напэўна, ужо пашанцавала. А ўвогуле – хто ж ведае, што такое шчасьце і чым скончыцца гэты шанец? Жыцьцё такое няпэўнае...”

(Халіп: ) “А вы самі шчасьлівы чалавек?”

(Колас: ) “Часам бываю. Шчасьце – катэгорыя непастаянная. Але калі я ў ліцэі, я адчуваю сябе някепска. Някепска быць сярод прыгожай, разумнай, таленавітай моладзі ўвесь час”.

(Халіп: ) “У студыі быў Уладзімер Колас, дырэктар нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Вельмі хутка ён разьвітаецца з чарговай паўсотняй выпускнікоў, якія больш за ўсё зараз хочуць зьмяніць гэты сьвет. На шчасьце, яны ня ведаюць, як гэта робіцца”.
XS
SM
MD
LG